Выбрать главу

- У князя ёсць адзін выдатны партрэт.

- Хто яго ведае. Маладзік быў, вада падсвечвала, але ж ноч… Ды і хто б разглядаўся пры тых падзеях.

У спальні князя Ісай доўга глядзеў на партрэт.

- Яна? - не ўтрымаўся князь.

- Падобна, што яна… Яна! Вунь і хуста ейная!

- Якая хуста?

- Ды вунь, на плячах ейных. Знаная рэч! Я прыхапіў яе, калі знайшоў на лодцы. Аддаў сястры.

5

Мінуў другі тыдзень з таго часу, калі Дарута зрабілася паланянкай графа. Без’языкі вартаўнік Тамаш і яшчэ адзін, каго Дарута не ведала, днявалі і начавалі пад дзвярыма ейнага пакоя. Дзяўчына цешыла сябе, што яе не пазнаў Тамаш. А калі ён стаўся нямком, як паведаміў ёй у лагеры Войцех, дык не варта і непакоіцца асабліва. Яна была ўпэўненая, што зможа хутка выбрацца з палону. Паляна, якую цяпер ўпускалі і выпускалі ў пакой вартаўнікі, на ўсе роспыты пра князя і намеры графа толькі паціскала плячамі.

Граф болей не прыходзіў да яе. Князь, таксама не паказваўся. Дарута не магла ведаць, што пасля таго, як яна страціла прытомнасць, князя падманам выправадзілі з маёнтка. Яна таксама не здагадвалася, навошта граф трымае тут яе і што збіраецца рабіць з ёю, бо так не можа працяг-вацца бясконца.

Дарута па-ранейшаму не ўмела стрымліваць сябе, не ўмела цярпець, але затое навучылася трываць. Цярплівы чалавек выжывае, але падпарад-коўваецца чужой моцы. Трывалы - умее трываць чужую моц, чакаючы моманту, калі здолее не толькі спыніць удар, але і ўступіць у бой. І гэтай сваёй новай якасцю Дарута стрымлівала невыноснае нецярпенне і тупое чаканне ў палоне сценаў і невядомасці.

Пакой, адведзены ў маёнтку Даруце, знаходзіўся на другім паверсе, над гасцёўняй. Адзінае вакно ў пакоі выходзіла на задні двор, за якім, мяркуючы па купках стрыжаных кустоў, знаходзіўся сад. Яшчэ можна было ўбачыць ліпкі, высаджаныя ўздоўж агароджы на шляху, ажыўлены рух на якім падказваў напрамак у горад. Раптоўна ўнізе пад сваім акном Дарута ўгледзела Белазора. "Зноў тут!" - здзівілася яна.

Дзверы, як заўсёды, былі замкнёныя звонку. Дарута не магла не тое што прылашчыць вернага скакуна, але нават пакінуць пакой. Аднойчы яна бачыла Зенку. Маладзён, азіраючыся па баках, кідаў сасновымі шышкамі ў ейнае акно. Але тады прыйшла Паляна, трымаючы на руцэ некалькі сукенак, прызначаных Даруце. Каб паглядзець на іх збоку, а насамрэч - каб служанка не ўгледзела Зенку, Дарута прапанавала ёй прымерыць падараваныя графам сукенкі. Лепшага нельга было і прыдумаць. Шчаслівая Паляна птушкай лётала ад люстра да абноваў. Назіраючы за ёй, Дарута падумала, што Паляна выведзе яе адсюль, калі паабяцаць ёй гэтыя сукенкі. Але як сказаць, каб не падслухалі вартавыя за дзвярыма?

Дарута ў сваім роздуме не адразу ўбачыла праз акно графа, які стаяў на падворку, цікуючы за Белазорам. Ён некалькі разоў спрабаваў падысці да каня, але той, нібыта і не заўважаючы гэтых манеўраў, пераступаў тонкімі нагамі ў процілеглы бок, трымаючыся на пэўнай, вызначанай ім самім адлегласці. Нарэшце чалавек зразумеў конскую хітрасць.

- Чарлі! Чарлі! - гукнуў граф каня, але той яўна выдаваў на глухога і нават не крануўся з месца. - Аркан! Пся крэў! Дай аркан!

Мабыць, што стайнік недзе чакаў паблізу, бо імгненна з’явіўся з арка-нам і чатырма конюхамі.

Даруце было шкада Белазора, якога тут менавалі дурацкім Чарлі. Яна ўжо хацела адысці ад акна, каб не бачыць, як яе каня, расцятага на вяроўках, цягнуць на стайню, і тут у руках графа ўзвіўся бізун. Конюхі віселі па баках на зацугляным кані, а бізун апускаўся і апускаўся яму на спіну, круп каня, які ўздрыгваў усім целам, спрабучы вырвацца, стаць на дыбы.

Дарута крычала, калаціла кулакамі ў забітыя цвікамі створкі акна, але мужчыны, узбуджаныя сваім заняткам, не зважалі на гэта, а, можа, проста не чулі яе. Дарута яшчэ не ведала, што бачыць яе знадворку наогул не маглі. Слюдзяное акно дазваляла бачыць толькі ў адным кірунку -з памяшкання. Яна кінулася да дзвярэй, але на яе лямант таксама ніхто не азваўся. Дарута не магла змірыцца з гвалтам над улюбёным канём. Яна вярнулася да акна.

Граф быў смелым вершнікам, хаця і ў астатнім баязліўцам не лічыўся. Дзівячыся, як хутка без належнага дагляду дзічэюць коні на гэтай зямлі, ён адным рухам спрытна ўскочыў на каня. Белазор, не зважаючы на конюхаў, віснучых па два ягоныя бакі, раптоўна ўзвіўся свечкай. Граф трымаўся, як прырослы. Па ягонай камандзе конюхі адскочылі, і пачалася шалёная скачка. Граф не шкадаваў каня. Ад шпораў ягоных ботаў у каня цякла кроў, на раздзертых жалезнымі цуглямі губах выступіла крывавая пена.

Дарута разгублена азірнулася на свой утульны, мяккі, прыгожы пакой. Маленькая зэдалька для ног, абабітая аксамітам, мела гнутыя, але тоўстыя ножкі. Не разважаючы, яна шпурлянула яе ў акно. У адным месцы вялікая пласціна лёгка рассыпалася.