Выбрать главу

"Што яна робіць са мной?! - узмаліўся граф. - І што тады чакае мяне там, у глыбіні яе гарачага ўлоння!" - граф ажно скрыгатнуў зубамі. Практычны рамантык ведаў, што паўната шчасця бывае тады, калі пік яго чакання супадае з прыходам. Тое, што адбылося, ён адчуваў як сваю паразу.

- Заб’ю! - гэта было першае слова, якое, адчыняючы дзверы, кінуў граф узбуджаным Тамашу і Халею.

Як бы хутка не зачыніліся дзверы, Дарута і Халей паспелі сустрэцца вачыма.

ЧАСТКА V

ДУЭЛЬ ЛЁСАЎ

1

Цівун тросся ад жаху. Пан, канечне, забіць яго не мог, бо Халей яму не халоп. І ўсё-ткі ён бачыў, як часта па прыхамаці пана без суда і следства не толькі секлі розгамі, а тое і бізуном ці батогам крывавілі спіны вінава-тых. Самае страшнае пакаранне таілася ў цёмных сутарэннях палаца, дзе сядзеў у клетцы вялізны мядзведзь. Праўда, ён не чуў, каб той мядзведзь каго задраў, але хто ведае гэта? Кінуць тое, што застанецца ад чалавека, у лесе, каб думалі, што там усё адбылося - і з канцамі.

Цівун ледзьве паспяваў за графам на шляху ў прыёмны пакой, які знаходзіўся на першым паверсе каля чорнага ўвахода. У гэтым пакоі граф разбіраў сялянскія скаргі і просьбы. Іншым разам тут вяршыўся і хуткі панскі суд. Гэта яшчэ больш палохала цівуна, бо зазвычай граф прымаў яго ў сваім кабінеце. Страшыла яго яшчэ і тое, што ён убачыў на другім паверсе, у прачыненых графам дзвярах.

Халей не сумняваўся, чым пан займаўся з дзеўкай. Ён пазнаў яе адразу, хаця зусім не чакаў убачыць тут пасля таго, што яна ўчыніла ў Шэйпічах. "Як яна трапіла сюды? Ці ведае пан, што, магчыма, гэтая дзеўка за-губіла ягонага дзядзьку?" - гадаў цівун. Тады, калі Ходзька вёз іх разам з акрываўленым без’языкім Тамашом і напаўзгарэлым трупам панскага дзядзькі, які захацеў забавы на сваю галаву, Халей, баючыся пакарання за ўсё, што адбылося, закалоў па дарозе хлопца і віну за ўсе падзеі зваліў на яго - маўляў, бараніў дзеўку сваю хлопец, але Халей перамог яго. Тады пра дзеўку пан і не ўспомніў. Хаця потым усю вёску перавярнуў, шукаючы яе. Шкада, што не знайшоў! І вось цяпер яна тут, у маёнтку!

"Наўрад ці дзеўка магла прызнацца пану, - вырашыў Халей. І ўсё ж такі ногі яго падгіналіся. - Прынёс жа нячысцік мяне ў ліхі час! Падумаеш, разабралі грэблю! Каб яна згніла, тая грэбля! Каб яна згарэла! - падсумаваў ён свае думкі. Халей і не паехаў бы сюды, каб не думаў на лясных разбойнікаў. Шэйпічы цяпер абкружаныя непралазнай дрыгвой, да маразоў не дабрацца. Халей меркаваў, што разбойнікі, пра якіх тут усе гавораць, заселі менавіта на тым балотным востраве. Ён і прыйшоў да пана, каб той дазволіў узяць халопаў з іншых вёсак. Яму сказала Паляна, што пан у па-ненкі зараз. Думаў, што госця нейкая завітала да пана графа, хоць Тамаш і вылупляў вочы, паказваючы на свой язык. І колькі часу чакаць давядзецца? Вырашыў выказаць пану сваю пільнасць, бо той трасецца, каб і грош не вываліўся з кішэні, а тут мытнікі-разбойнікі! Але ж і жарты ў Паляны! З якіх часоў нейкую дзеўку з пахожых паненкай клічуць! Навошта чапаў? Напэўна, хацеў пацеху дзядзьку свайму зладзіць. Далася яму гэтая дзеўка!"

- Пакліч конюхаў! - загадаў пан пісару, які ўскочыў з лавы, калі яны пераступілі парог прыёмнага пакоя.

- Паночку! - цівун кінуўся на калені. - Ды што ж я такое зрабіў?! - ён губляўся ў здагадках, не ведаючы дакладна, за што збіраецца яго катаваць пан. Калі толькі за тое, што яны з Тамашам напалохаліся і па-чалі грукаць кулакамі ў дзверы, дык Тамаш рабіў такія страшныя вочы, паказваючы то ў свой рот з рэштай языка, то на замкнёныя дзверы, дык варта ўкленчыць - і даруе пан, бо за пана спалохаўся.

"А што, калі ведае страшную хлусню?" - ніякавеючы, задаваўся пытаннем Халей. Адказу не было і ад невядомасці было яшчэ страшней.

- Літасці прашу, паночку! Ад стараннасці гэта! - залемантаваў ён, калі прыйшлі конюхі.

- Скажаш праўду? - з нядобрай усмешкай запытаўся граф.

- Якую праўду? Я толькі праўду і казаў заўсёды!

- Кажы тую, якую хаваеш! Я цяпер ведаю ўсё! - граф блефаваў. Некалі італійцы навучылі яго картачнай гульні, якую называлі між сабой "ргітего". У той гульні была патрэбная не столькі ўдача і разлік, колькі ўменне псіхалагічна дасканала хлусіць. Ён бачыў неспакой і ваганні цівуна і здагадваўся, што нешта ёсць у таго за душой, хаця ў прысутнасці душы ў цівуна шчыра сумняваўся. - Ну! Чакаю! Ці забыўся? Магу прапанаваць сутарэнні. Там да ўсіх адразу вяртаецца памяць, як толькі ўбачаць клышаногага.