Выбрать главу

Граф шпарка рвануўся з месца, але каля конюхаў спыніўся.

- У склеп. І каб не збег. Потым разбяруся з ім, - спакойна загадаў ён і, не азіраючыся, тыцнуў пальцам у бок цівуна.

Два секунданты падняліся з крэслаў, калі граф увайшоў у свой кабінет.

- Дуэль адмяняецца, панове! Я зараз дам вам тлумачэнні! Чакайце!

Па хуткім часе граф прачытаў секундантам наступнае: "Літасцівы васпане!

Маю гонар паведаміць, што спрэчка, распачатая намі, не можа быць падставай для дуэлі вяльможаў. Такая дуэль можа скампраментаваць нас абодвух. Патлумачу. Мы апынуліся ў заблудзі. Толькі сёння ранкам я даведаўся, што прычынай спрэчкі паслужыла мая халопка, якая выдавала сябе за князёўну і вашую дачку. Злачынствы, учыненыя ёю, могуць легчы ганьбай на імёны высакародных людзей, якія скрыжуюць дзеля яе свае шпагі. Таму не прашу ў вас прабачэння і не патрабую яго. Мы, спадзяюся, абодва, ахвяры падману. Калі вас не задаволяць мае тлумачэнні, знайдзіце іншую падставу, якая б дазволіла нам скрыжаваць нашыл шпагі. Дарэчы, выбар зброі пакідаю за вамі, князь Баляслаў. Да вашых паслугаў граф Пржэвіцкі".

Секунданты чакалі.

- Гэты ліст, панове, адвязіце ў логава князя. Пачакайце там ягонага адказу.

2

Жыццё замка выдавала трывожны стан гаспадара. Людзі, здавалася, рабілі адно, а думалі пра нешта іншае. Кухар абварыў ногі і, крывячыся ад болю, камандаваў памочнікамі.

Печ, у якой знайшлі мёртвага лоўчага, ужо разбурылі па загадзе кня-зя. Раскіданыя цагліны, яшчэ не прыбраныя з ночы, траплялася пад ногі памочнікам, якія спатыкаліся аб іх, утвараючы непатрэбную мітусню. Не паступала вады, якая, дзякуючы сістэме вадзяных колаў з прыскрыначкамі, падавалася з ракі па ганчарных трубах. У той час, калі кухар вырашыў абмежаваць едакоў замчышча хлебам і гароднінай з вяндлінай, майстры спускаліся да берага Свіслачы, правяраючы колы і трубы. Князь назіраў з акна за іхняй працай, калі ўбачыў людзей, якія падкрадаліся да майстроў. Усё адбылося імгненна. Дваіх майстроў скруцілі і пацягнулі ўніз, да берага ракі, дзе круты абрыў ужо схаваў іх ад вачэй князя.

Князь загадаў сядлаць коней, і па хуткім часе пяць ваяроў на чале з ім былі за брамай. Паколькі на дарозе ў горад злодзеяў не было бачна, князь накіраваў атрад на мост праз Свіслач. З развілкі перад мастом яны ўгледзелі вершнікаў.

Князь разумеў, што вада ў замак была перакрытая знарок, але быў здзіўлены, бо меркаваў, што гэта клюкі панскага двара. А дарога вяла ў зваротны бок, да слабады, дзе размясцілася царскае войска. Уцекачы павярнулі з дарогі на луг, ад якога да лесу заставалася ўжо меней за чвэрць мілі. Перакінутыя цераз спіны коней жывыя ношы абцяжарвалі скакуноў, таму адлегласць паміж уцекачамі і пагоняй хутка скарачалася. Амаль што на мяжы з лесам насустрач уцекачам выехаў маленькі атрад вершнікаў.

- Камісар! - пазнаў князь камандзіра атрада.

Злодзеі, каб ухіліцца ад нечаканай перашкоды, павярнулі коней убок так, што тыя ажно сталі на дыбы. Звязаныя майстры на гэтым манеўры зваліліся долу. Каля іх і спешыўся атрад камісара.

- Спыніцеся, прашу! - крыкнуў камісар княскай пагоні, якая працягвала пераслед злодзеяў. Ён бачыў у лесе ратнікаў. Магчыма, яны чакалі тых, хто ўжо знік у лесе. Але ў любым выпадку князь мог трапіць у засаду.

- Што вы хочаце сказаць гэтым! - у голасе князя прагучаў выклік.

- Нічога, апроч таго, што вашым людзям, - Раман паказаў на майстроў, - патрэбна дапамога. Калі вы жадалі вызваліць іх, дык вось яны. Ці, можа быць, вы разлічвалі на нас? Тады працягвайце пагоню, - ён з годнасцю пакланіўся князю. - Здаецца, мы яшчэ не бачыліся сёння? Маю гонар вітаць вас!

Князь адчуў няёмкасць за свой выклік.

- Прабачце, камісар! Пагоня захапляе! І хто гэтыя злодзеі?!

- Думаю, што лясныя разбойнікі. Хіба можна ведаць, што яны плану-юць? - з апошнімі словамі Раман ускочыў на свайго каня.

Князь ведаў, што Раман кажа няпраўду, як ведаў і тое, што яна выказ-валася не для ягоных вушэй.

- Дзякую за спагаду. Чым у маю чаргу магу паслужыць вам?

- Гэта не далікатна, але я і мае людзі нічога не елі… Вы мне даруеце гэтае нахабства?

- Рады запрасіць вас пад мой дах, да майго стала! Праўда, ваду толькі падвезлі на кухню, так што - чым багатыя на хуткую руку.

Да самага замчышча атрады князя і камісара рухаліся адасоблена, да-веру не адчувался паміж людзьмі. Сам князь і Раман ехалі поруч, але за ўвесь шлях не перакінуліся ні словам.

Па прыездзе ў замак гасцей правялі ў залу.

- Шаноўнае гаспадарства, я вымушаны пакінуць вас, каб распарадзіцца на кухні, - князь памкнуўся да дзвярэй.

- Я магу тым часам агледзець замак? - перапыніў яго Раман.