Выбрать главу

- Гэта вобшук? - твар князя заліла чырвань.

- Ні ў якім разе! Я вельмі люблю старажытныя замкі і складаю гісторыю і апісанне кожнага, у якім давялося пабываць. Магчыма гэта будзе цікава людзям. праз некалькі стагоддзяў.

- У такім выпадку мой госць - гаспадар у замку, - князь зноў памкнуўся пакінуць залу.

- Ці магу я суправаджаць вас?

- Калі вам даспадобы…

- Адпачывайце тут, пакуль вернецца князь або я! - імгненна загадаў камісар сваім людзям і выйшаў следам за князем.

- Дзе мы можам перамовіцца, князь Баляслаў? - прашаптаў Раман, калі здагнаў князя.

- Вось яно што! Выбачайце, я не заўсёды разумею вас. Дзядзька Затко, праводзь нашага камісара ў бібліятэку, - апошняе датычылася старога настаўніка, які выйшаў да іх з-за павароту калідора.

Праз некаторы час ён заспеў Рамана за праглядам кнігі дацкага капітана Вальхаўзена "Воінскае мастацтва", набытай князем некалькі гадоў таму ў заезджых купцоў.

- Валодаеце дацкай мовай? - сустрэў яго пытаннем Раман.

- На слых не разумею, а калі чытаць, бачыцца выразнае падабенства з ангельскай і нямецкай.

- У нас ёсць пераклад гэтай кнігі пад назвай "Вучэнне і хітрасць ратнай будовы пяхотных людзей"…

- У адных вучымся… - пасміхнуўся князь. - Але што вы хацелі сказаць мне?

- Вядома, я напрасіўся да вас не на харчы, хаця лічу справядлівым накарміць тут людзей, якія не далі вам сёння трапіць у засаду.

- Буду рады, калі гэтым ў некаторай ступені змагу аддзячыць.

- Князь Баляслаў, мушу шчыра паведаміць, што вашыя справы з князёўнай ідуць не лепшым чынам. Дакладней, канчаткова зайшлі ў тупік. - Раман замаўчаў.

- Працягвайце, слухаю вас, Раман.

- Граф сцвярджае, што князёўна звычайная сялянка, якая жыла на яго зямлі ў Шэйпічах. Мы толькі што вярнуліся адтуль. Так, Дарута, сапраўды жыла там і не так даўно пакінула вёску пры трагічных абставінах. З таго часу вяскоўцы нічога не чулі пра яе.

- А што за трагічныя абставіны?

- Па яе прыехалі ад графа людзі на чале з ягоным дзядзькам. Што за бойка там адбылося, ніхто не ведае. Хату нехта падпаліў. Дзядзька графа загінуў у полымі. Цівуна і лёкая выцягнуў парабак. Дарута і яе маці прапалі. Людзі казалі, што бачылі яе апошнім разам, калі кіравала брычкай з прывязанымі коньмі. Магчыма, што ў брычцы была яе маці, Марухна…

- Раман, вы сумняваецеся, што Дарута мая дачка?

- Пасля партрэта вашай княгіні толькі сляпы не паверыць. Перадаю вам, як пачуў тое. Але яшчэ я не ўсё выклаў, што ведаю.

- Слухаю, - князь так моцна сашчапіў свае рукі, што чутна было, як хруснулі сутавы пальцаў.

- Князь Баляслаў, не сумняваюся ў вашай мужнасці. Я не сказаў яшчэ самага важнага. Граф сцвярджае, што дзяўчына забіла ягонага дзядзьку. Ён мае на тое пісьмовае сведчанне цівуна, якога, каб не ўцёк, трымае ў сутарэннях свайго палаца. Прыставу, якога я абавязаў разабрацца ў справе з палонам князёўны, граф сказаў, што разбярэцца са сваёй халопкай сам. І яшчэ. Сёння на майстроў каля ракі напалі невыпадкова, хацелі дазнацца ад іх пра вашыя сувязі з ляснымі разбойнікамі.

Пра сябе князь не думаў. Большасць з таго, што расказаў Раман, не было навіной для князя. Ён раней пачуў ад Войцеха значна болей і пра жыццё Даруты ў вёсцы, і пра той страшны дзень…

- Што рабіць?! Падкажыце, Раман!

- Я сам у адчаі, бо не бачу годнага выйсця… - у голасе звычайна ўраўнаважанага і амаль што халоднага і насмешлівага чалавека гучала калі не роспач, дык пэўная трывога. - Не бачу. Пакуль што! Упэўнены, што мы з вамі не адступімся перад абставінамі і хітрасцю графа.

- У мяне ёсць адзінае выйсце: атакаваць маёнтак, - ціха прамовіў князь.

- Што я магу сказаць?! Козыры на руках у графа развязваюць ягоныя рукі! Трэба тэрмінова вызваляць князёўну! На жаль, я маю ўладу кан-траляваць нашыя ваенныя планы і дзеянні, але не маю права павесці нашых ратнікаў на маёнтак. Мне патрэбны дзень-два, каб вырашыць гэтае пытанне. Але ў нашых абставінах кожная хвіліна можа стацца трагічнай для князёўны! Буду шчырым з вамі, князь Баляслаў! Ведаючы абставіны вашага жыцця, нават мне разбой прыходзіў у галаву. Але тут можна спадзявацца толькі на ўдачу. Мой маленькі атрад складаюць давераныя людзі. Збірайце сваіх. Толькі самых адданых. Глядзіце, бо здрадніцтва загубіць не толькі нас, але і князёўну.

План нападу даволі хутка быў складзены. Ён нагадваў той, які раней у іх з Войцехам не атрымалася здзейсніць. Ажыццяўленне гэтага плана, сапраўды, болей абапіралася на ўдачу, чым на логіку людзей, якія не збіраюцца здавацца ў безвыходным становішчы. Шмат верных людзей з вёсак мінулы раз трапілі ў засады. Атрад Войцеха таксама паменеў. Горш ад усяго было тое, што сама крэпасць цяпер знадворку патрулявалася маскавітамі. Да Войцеха князь ужо адправіў ганца. Ноччу, калі яму ўдасца прабрацца ў замчышча са сваімі людзьмі, будуць радзіцца, а пакуль трэба прыдумаць, як паведаміць ваярам, што атабарыліся ў горадзе…