Выбрать главу

Раман уважліва глядзеў у сухія, цёмныя ад напружаных думак і перажывання вочы князя. Ён раптам адчуў, што чалавек перад ім, магчыма, адзіны, каму ён давярае, і гэта выбар душы, а не моцы і розуму, абставінаў ці адзіноты. Інакш чаму ягоная душа адпачывае побач з князем, і нават калі ён проста ўспамінае, думае пра яго, чаму так ціха і спакойна яму? Тое, што Раман знянацку прамовіў, сталася нечаканым для яго самога.

- Князь Баляслаў, калі раптам я не змагу выбрацца з гэтай прыгоды жывым, ведайце, што я заўсёды вельмі хацеў, каб у мяне быў такі бацька, як вы.

- Я б ганарыўся такім сынам! - з пачуццём у голасе імгненна адазваўся князь. - Ну вось, а я ўсё не мог рашыцца прасіць вас…

- Той выпадак, калі я жадаю мець такую ўладу, якая дазволіла б мне выканаць любую вашую просьбу!

- Тут патрэбная толькі ўлада вашага сэрца, Раман. Абяцайце, калі што надарыцца са мной цяпер або калі-небудзь, не пакідайце Даруту без вашага клопату. Вам вядома сапраўдная гісторыя ейнага жыцця, у якую было б складана паверыць, калі б самыя драматычныя моманты гэтай гісторыі не адбывалася на вашых вачах. Бачна, што яна не падрыхтаваная для зносінаў з крывадушнымі людзьмі. А тут у нас з ёй няма нікога, апроч старога дзядзькі Затко і жменькі старых ваяроў.

- Не сумнявайцеся, князь! Я абяцаю гэта вам і, пакуль сам жывы, буду рабіць усё, каб жыццё вашай дачкі ў далейшым склалася шчасліва. Слова гонару!

- Я ўпэўнены, Раман, што вы сказалі шчыра. Калі жадаеце, заставайцеся з гэтага часу мне сынам, а Даруце братам.

Мужчыны разам падняліся з крэслаў і моўчкі моцна абняліся.

- А цяпер за справу? - запытаўся князь.

- За справу! Беражыце сябе!

Па абедзе госці разам з Раманам пакінулі замчышча. Князь правёў іх да брамы, дзе яго перастрэў дзядзька Затко.

- Вось, чытай! У прыёмнай цябе чакаюць секунданты ад графа. Ён адмаўляецца ад прызначанай дуэлі, але не супраць новай, калі застануцца яшчэ пытанні, - паведаміў дзядзька Затко.

Князь вярнуўся ў бібліятэку прачытаць пасланне і там жа адразу склаў адказ, у якім сцвярджаў, што граф хлусіць, бо Дарута яму не халопка. Паведаміў, што суд графа над ёй будзе самавольстствам пры любой ула-дзе. На заканчэнне князь дадаў, што разглядае хлусню графа як страх перад дуэллю.

Ён вырашыў не паведамляць Раману пра свой намер, бо жадаў сам адпомсціць за Даруту. Гэта была ягоная справа, справа гонару. Пры любым зыходзе паядынку князь пасля сённяшняй размовы быў упэўнены, што Раман не пакіне Даруту без свайго клопату. І, магчыма, ёй так будзе нават болей надзейна, чым з ім самім.

Князь сам аднёс свой адказ секундантам.

- Спадзяюся, панове, што неўзабаве сустрэнуся з вамі!

Сапраўды, увечары секунданты зноў былі ў князя. Граф лічыў сябе абражаным і запрашаў наступнай раніцай на дуэль. Ён паведамляў, што шануе старасць князя, таму пакідае выбар зброі за ім. Калі князь пажадае біцца на шпагах, ён возьме свае. У выпадку іншай зброі забеспячэнне ёю заставалася за князем.

Князь вырашыў, што, хаця яго рукі не такія моцныя, як раней, але адзіна рыцарскі меч мае права на паядынак, які вырашае лёс ягонай дачкі.

3

Граф не памыліўся. Князь не пажадаў міру.

"Ну што ж, я згодны з выбарам князя. Меч - зброя вартая маіх і ягоных продкаў. І нехта з нас мае сёння шанец адправіцца да іх. Але ніхто ў караля не скажа, што я проста забіў старога. Выбіраў ён!" - з задавальненнем зазначыў сабе граф.

Палову ночы граф правёў з секундантамі і цяпер злаваўся на сябе, што так і заснуў у крэсле свайго кабінета. Здранцвелыя цягліцы не слухаліся. Граф пачуваўся блага. Настрой таксама быў не лепшы. Ён так і не рашыўся ўвечары наведаць князёўну. Ён баяўся хараства, дасціпнасці і нават вядзьмарства Даруты, у якім цяпер падазраваў дзяўчыну. Ён не паверыў цівуну, які сцвярджаў, што гэта яна забіла ягонага дзядзьку Вінцэся, але гэтае сцверджанне казытала нервы, страшыла і рабіла Да-руту яшчэ больш прыцягальнай. Спачатку граф дакараў сябе, што гэтак прыніжаўся перад звычайнай дзеўкай, але ўсё ў ім супраціўлялася гэтаму, і ён зноў называў яе ў думках князёўнай. Граф не мог пазбыцца не толькі свайго пачуцця, але і павагі, якую ўнушала яму князёўна. Ён адчуваў, што ў ейным жыцці схаваная незвычайная таямніца, якая ўпрыгожвала вобраз дзяўчыны.

Пачынала світаць. Хутка павінны былі з’явіцца секунданты.

Граф вагаўся. Ён не мог рызыкаваць жыццём, пакуль не займеў гэтую жанчыну. Але ён ніколі не гвалтаваў жанчын. Яны заўсёды самі шукалі асалоды ад блізкасці з ім. І ўсё ж такі столькі пакутаваць.