Выбрать главу

- Не-а, Зара сказала, што без клінка ты можаш забыцца на мяне.

- Не забудуся! - горача заявіла Дарута. - Чаму гэта раптам забудуся?

- Гады пройдуць, пакуль мы зноў сустрэнемся, мы вырасцем і будзем ужо інакш выглядаць.

- А ты нагадаеш мне сваё імя, Аза, я ўспомню і ўратую!

- Не-а, Зара сказала, трэба, каб ты мяне заўсёды памятала, бо не будзе часу ўспамінаць.

- А, можа…

- Бяры! - Аза хуценька ўклала нож у далонь Даруты.

- А ты як? Вазьмі, я, праўда, не забуду пра цябе! - Дарута рашуча вярнула нож дзяўчынцы.

Аза патрымала крыху нож, палюбавалася на яго, прылашчыла, паца-лавала і паклала на зямлю перад Дарутай.

- Ён - твой! Я проста берагла яго для цябе. Ён заўсёды быў тваім - так сказала Зара. Сёння я павінна была аддаць яго табе са словамі "князёўна, я вярнула табе твой клінок". Гэтыя ж словы я павінна буду паўтарыць пры нашай наступнай сустрэчы.

Дарута ледзь разумела тое, што казала Аза. Як можа належаць ёй нож, які яна бачыць упершыню? Чаму "князёўна"? Так часам называла яе ў калыханках Марухна. Гэтак толькі што дражнілася Аза. Хто ж тут можа зразумець? Дзяўчынка старалася ўспомніць хоць якую падказку са свайго жыцця, але нічога не атрымлівалася ў яе, нейкая хуткая чорная плынь праносілася перад вачыма, засцілаючы вочы. І раптам…

Дарута магла паклясціся, што бачыла, няхай гэта нічога не тлумачыла, але яна бачыла, як да яе цягнецца белая жаночая рука, на сярэднім пальцы якой раптоўна сляпуча бліснуў пярсцёнак. Яе сэрца, здавалася, сціснулася ў кропку, а пасля закалацілася так, што Дарута зразумела - яна б аддала ўсё, што мела, толькі за тое, каб белая рука дакранулася да яе зараз…

- Князёўна, я вярнула табе твой клінок!

Аза дзвюма рукамі ўрачыста падала ёй нож.

Дарута пагладзіла сталь, рогавае дзяржальна, падняла вочы на Азу. Гэта не было жартам. І яна паверыла - Азе, князёўне, клінку, белай жаночай руцэ са сляпучым пярсцёнкам на сярэднім пальцы, паверыла нават хуткай чорнай плыні, няхай усё гэта будзе існаваць толькі адно імгненне, яна не сквапная, яна застанецца ўдзячнай гэтаму імгненню назаўсёды…

Але імгненне доўжылася. Толькі вочы Азы блішчалі ўжо цікаўнасцю і, здаецца, разуменнем.

Дарута моўчкі ўзяла шчодры дар. Вольнай рукой яна зняла са сваёй шыі скураны матузок, на якім знаходзіўся адзіны ейны скарб, нядаўна падабраны каля каплічкі. Гэта была цяжкая срэбраная завушніца ў форме кола. На дне кола ляжаў месяц, а з верху на тоненькіх цэпках звісалі зоркі.

- Мне хочацца, каб ты на мяне таксама ніколі не забылася. Гэта належыць табе. Я проста берагла яго да нашай сустрэчы. Вазьмі, цыганская князёўна! - Дарута пастаралася абладзіць свой дар гэтак жа ўрачыста, як і Аза.

Але Аза не варушылася. Яе тварык пабялеў, а гарачыя вочы, якімі яна ўтаропілася на завушніцу, здавалася, маглі расплавіць яе.

- Што з табой? - спалохался Дарута.

Аза, не адрываючы погляд ад завушніцы, зняла са сваёй шыі цэпку з роўна такой жа.

- Адкуль гэта ў цябе? - запыталася Дарута.

- Гэта завушніца Ружаніцы, яе маці, - адказала Зара, якая незаўважна падышла да дзяўчынак. - Ружаніца ўлетку прапала з табару. Мы толькі і знайшлі тую завушніцу, што Аза табе паказала. Іх зрабіў бацька Азы, іншых такіх няма. Ты памятаеш, дзе знайшла сваю?

- Ды непадалёк тут, каля каплічкі…

- Ты нават не ведаеш, колькі ўжо сёння зрабіла для Азы! - мовіла Зара. - Нам пара, - яна ўважліва, як дарослай, зазірнула ў вочы Даруце. - Развітвайцеся.

Дзяўчынкі не хацелі развітвацца. Яны глядзелі адна на адну, пакуль у іх адначасова не паліліся слёзы…

Зара зноў прыйшла да іх у той жа дзень. Яна загадала Даруце нікому не гаварыць пра нож і не хваліцца ім. Растлумачыла, што гэты нож не звычайны, што ён заўсёды вяртаецца да свайго гаспадара, і абавязкова прывядзе Даруту на радзіму.

- Зара, а з чыйго рога дзяржальна гэта? - Дарута, слухаючы цыганку, не выпускала нож са сваёй рукі.

- З конскага.

- Зара, не смейся!

- Паглядзі на мяне, хіба ж я смяюся?

Выгляд у Зары быў сур’ёзным і Дарута разгубілася.

- Хіба ж бываюць коні рагатымі?

- Ну, можа, і не зусім рагатымі, а вось аднарогімі бываюць.

- А ты сама бачыла аднарогага каня?

- Не, Дарута, я не бачыла, а вось дзед Азы - баро шэро Бэнг - князь Бэнг па-вашаму, бачыў аднарога. Паслухай, што я чула пра гэта.

- Зара, пачакай! Што такое "баро шэро"?

- Гэта вялікая галава, Дарута! Князь цыганскі. Але слухай…

…Паляваў неяк на сваіх землях малады князь. А зямлі ў яго было - не абскачаш за тры дні і на кані. Гэты князь быў дужа смелы і сілу меў не-бывалую, каня падняць пад пуза, мядзведзя мог задушыць голымі рукамі. Таму часта на паляванне выпраўляўся адзін, калі не лічыць яго любімага сабаку Зыра, з якім і ноччу не расставаўся. Забавіўся князь, палюючы на аленя, і заехаў у такую глыб пушчы, куды, напэўна, ніхто з людзей ніколі не залазіў. Надышла ноч і хаця з неба свяціла поўня, у пушчы было даволі цёмна. Вырашыў князь заначаваць на маленькай прагалінцы, дзе спыніўся разам са сваім канём і сабакам. Але не паспеў ён і вогнішча раскласці, як нечакана конь ягоны стаў на дыбы ды ірвануўся з прывязі так, што адбіў рала3, да якога быў прывязаны і, ламаючы кустоўе, знік у гушчары. Зыр, скавытаючы, туліўся да ног князя. І тут амаль нячутна з кустоў на прагалінку выйшаў чалавек. Зыр было кінуўся на незнаёмца, але па яго поўсці пачалі бегаць тонкімі змейкамі маланкі і стала яна дыбам. Зыр упершыню за сваё сабачае жыццё схаваўся за гаспадара.