Выбрать главу

Тамаш адразу падхапіўся на ногі пры набліжэнні графа і асцярожна павярнуў ключ у дзвярах.

- Ідзі, затрымай секундантаў да майго прыходу! - загадаў граф.

Дарута спала тым самым глыбокім і моцным сном, які бывае на дасвецці, калі ўся прырода замірае перад велічным і ўрачыстым відовішчам узыходу жыццядайнага сонца на нябесны трон. Ёй сніўся высокі, ажно да неба чорны вершнік з дзідай. Вочы яго ззялі ярчэй ад ранішніх зорак, якія дагаралі на заха-дзе. Лёгкую чорную накідку за ім раздзімаў вецер і яна здавалася ноччу, якую рыцар сцягваў з небасхілу. Ён быў грозны і страшны, але Дарута ведала, што гэта не яе палохае вершнік. Яна хацела пайсці насустрач, пад ягоную ахову, але не магла крануцца з месца. І вершнік сам прышпорыў свайго каня. Дарута пачула голас, які скалыхнуў паветра: "Трымайся! Я памагу табе!.."

Граф здагадваўся, што князёўна перажывае нешта ў сваім сне. Твар дзяўчыны нагадаў яму твар старажытнага сфінкса, што ўразіў, калі ён шукаў удачы ў Егіпце…

...На тую вандроўку яго падахвоціў дзядзька. Але ў Егіпце дзядзька займаўся нейкімі сваімі справамі, і Эдвард, бязмэтна вандруючы, не знаходзіў прытулку ні ў чужой краіне, ні ў родзіча, ні ў самім сабе. Тая вандроўка дала яму шмат перажыванняў і ведаў, але замест удачы прынесла незразумелае спусташэнне думак, душы. Па вяртанні ў Варшаву, каб напоўніць жыццё нейкім сэнсам, ён вырашыў завесці сям’ю. Спачатку яго цешылі прыгажосць і радавітасць жонкі, новыя клопаты, але неўзабаве граф зразумеў, што не толькі не кахае сваю жонку, але нават амаль абыякавы да іхняга адзінага сына…

…Напамінак пра сфінкса падаўся графу грозным сімвалам, знакам новай бяды. Ён вырашыў, што на гэты раз спусташэнне, хутчэй ад усяго, пагражала ягонаму сэрцу.

Графу хацелася адным разам скінуць з сябе невыносную жарсць, са-мотную пагоню за шчасцем. Ён не разумеў, чаму гэтая дзяўчына, якая, здавалася, часам нават паддаецца яму, не жадае падзяліць з ім салодкую ношу? Граф імгненна адкінуў коўдру і наваліўся на Даруту ўсім целам, адначасна захопліваючы яе вусны сваімі.

Дарута торгнулася і шырока расплюшчыла вочы. Граф убачыў, як здзіўленне, крыўда, гнеў, змяняючы адно другое, адлюстроўваюцца ў іх. "Нічога, я разбуджу тваю почаўнасць21!" - падумаў граф, каленам, што клінам, раз’ядноўваючы напружаныя, сціснутыя ногі дзяўчыны.

За вакном працягла заіржаў Белазор, і Дарута канчаткова прачнулася, вяртаючыся ад сну да прыкрай рэчаіснасці. Яна верыла снам і рыцарам.

Дарута пацягнулася рукамі да шыі графа, дзе торгалася напружаная жылка з кропкай Зары, але граф імгненна пакрыў ейныя рукі такімі гарачымі пацалункамі, што на нейкі момант дзяўчына разгубілася. Цела Даруты міжволі расслабілася. Але яна імгненна апамяталася. Калі дзяўчына моцна абняла графа, прыціскаючы да сябе, ён быў упэўнены, што нарэшце князёўна не толькі скараецца, але і прагне яго. І раптам граф адчуў, што яму быццам бы не стае паветра. Каб вырвацца з задушлівых дзявочых абдымкаў, ён паспрабаваў устаць на ногі, але дзяўчына імгненна абхапіла іх сваімі нагамі, яшчэ мацней прыціскаючы да сябе. Граф выдаў сіплы, бессэнсоўны крык жаху, калі Дарута перакуліла ягонае цела пад сябе і скочыла з ложка. У гэты момант Тамаш далікатна прыадчыніў дзверы і тут жа схаваўся за імі.

Дарута выбегла ў калідор. Каля самай лесвіцы, што вяла ўніз, яе сустрэлі два мужчыны з шаблямі. З-за мужчынскіх спінаў выглядаў Тамаш.

Дарута адхінулася і ўбачыла графа, які, злавесна ўсміхаючыся, пера-крываў ёй шлях да адступлення шпагай. З бакавога прахода напірала дворня, узброеная ўсім, што трапілася пад руку.

- У клетку! Да мядзведзя! - ліхаманкава загадаў граф.

Дарута апынулася ў акружэнні мужчын, ашчэраных каламі, нажамі, шаблямі. Колючы яе ў бакі, грудзі, спіну, яны прымушалі дзяўчыну рухацца ў напрамку сутарэння, куды вялі хісткія драўляныя прыступкі. Дарута баялася толькі аднаго - аступіцца на сходнях і самой упасці на іклы, накіраваныя на яе зверху і знізу. Прыціснутая тварам да мураванай сцяны, у якую ўпіралася лесвіца, Дарута адзіна пачула, як збоку бразнулі завалы, пасля чаго яе ўпіхнулі ў маленькі праём з цёплым, непрадыхлівым, смуродным паветрам.

- Пакуль вярнуся, каб і следу ад яе не засталося! - загадаў граф Тамашу. - Будуць пытацца, кажыце, што збегла! - апошняе датычылася ўсіх прысутных.

Дзяўчыну каламі падпіхнулі праз дзверы праёма ў вялікую клетку.

Канваіры жагналіся, пакідаючы памяшканне. Уверсе зачыніліся дзверы. Дарута паспрабавала агледзецца ў амаль цёмным сутарэнні, святло ў якое падала праз вузкую шчыліну пад самай столлю.