У дальнім куце клеткі хтосьці варушыўся. Дарута прыціснулася да кратаў. Раздражнёны рык з кута выдаў там магутнага звера. Дарута чула загад графа кінуць яе ў клетку да мядзведзя. Яе не палохалі звяры на волі. Яна ведала, як сябе паводзіць з імі, але са звярамі, згвалчанымі людзьмі, да гэтага не сустракалася адзін на адзін.
Звер падняўся ў рост, устаў на заднія лапы. Так, гэта быў мядзведзь. Звер пераступаў з лапы на лапу, хістаючыся ў бакі, каб прывесці сябе ў ваяўнічы стан.
- Стой! - закрычала яна з усяе моцы, каб мядзведзь не паспеў зату-маніць свае мазгі злосцю, ды і наогул звяры часта баяцца голасу чалавека.
Мядзведзь прыслухаўся. Радасная здагадка раптоўна скалыхнула Даруту.
- Нябога! Нябога! Гэта ты! Да мяне ідзі, ідзі, мой харошы! Спадзяюся, не забыў мяне!
Мядзведзь насцярожана рыкнуў, але сеў, а затым стаў на ўсе чатыры лапы. Дарута пачала сумнявацца ў сваёй здагадцы, але і гэты мядзведзь быў зараз для яе такім жа нябогам, як той, якога яна вызваліла з каменнай пасткі.
І раптам мядзведзь неяк таропка, няўклюдна падбрыкнуў заднімі лапамі і рынуўся да яе. Так, гэта быў Нябога! Звер успомніў сваю колішнюю гульню з Дарутай.
- Нябога! Бедны мой Нябога! - дзяўчына зусім забылася, што яна ў такім жа, як не горшым, становішчы. - Што ж яны зрабілі з табой?! - бе-давала Дарута, лашчачы густую, зваляную поўсць мядзведзя. Было бачна, што ён даўно тут, не прыручаны, не дагледжаны тымі, хто пазбавіў яго волі.
Нябога цёрся аб Даруту мордай, нешта бурчэў, нібыта скардзіўся на тых, хто паланіў яго, трымае за лютага звера. Дарута ўсёй душой спачувала яму. Але чым яна можа дапамагчы яму, як і самой сабе?
"Трэба думаць! - загадала сабе Дарута. - Па-першае, ад мяне хацелі пазбавіцца. Па-другое, ніхто не ведае, што я жывая, бо замест ворага знайшла ў клетцы сябра. Дужага сябра! Па-трэцяе, я чула, што ад мяне і следу не павінна застацца. У такім выпадку сюды хутка прыйдуць, бо гаспадар некуды ад’язджае і неўзабаве збіраецца вярнуцца. Трэба падрыхтавацца і добра сустрэць іх!" - вырашыла яна.
Дзяўчына ўзялася даследаваць клетку. Таўшчэзныя жалезныя краты былі моцныя. Завала на ўваходных дзверцах была недасягальная з клет-кі. Але нейкая неадпаведнасць падказвала ёй, што выйсце ёсць. Дарута раз за разам абыходзіла клетку, правяраючы на трываласць кожную жалязяку, пакуль канчаткова не ўпэўнілася, што клетка надзейна зробленая. Нябога спачатку хадзіў следам, а пасля лёг на ейным шляху, каб, мабыць, кожны раз трапляць сяброўцы пад ногі. Сапраўды, дзяўчына ледзьве не наляцела на яго. Яна проста села адпачыць на мядзведжы бок, як рабіла гэта раней падчас іхніх гульняў у лесе. І тут убачыла, што краты насупраць яе не дастаюць мураванага долу. "Напэўна, каб можна было, не заходзячы, клетку чысціць, карміць звера". Дарута паспрабавала прасунуць пад кратамі галаву, але нават калі б у шчыліну нейкім чынам пралезла галава, дык між кратамі заселі б плечы. Нябога ажно круціў сваёй галавой, цікуючы за намаганнямі сяброўкі. І раптам Дарута зразумела, што клетка не суцэльная, бо падлога ў ёй была на такім жа ўзроўні, такая ж, як і звонку. Майстры або разлічвалі на цяжар клеткі, або не дарабілі. Даруце было ўсё адно. Заставалася падняць клетку з аднаго боку так, каб яна завалілася на сцяну скляпення, і тады яны з Нябогам будуць на волі. Дарута падступілася да клеткі з таго боку, дзе краты былі вышэйшымі за падлогу. Брацца за краты было зручна, але некалькі падыходаў на мяжы моцы далі разуменне, што разлік майстроў быў правільным, а праца сумленнай. Нябога, які цікаваў і за гэтым заняткам сяброўкі, вырашыў, што яму прапаноўваюць новую гульню. Ён паўтарыў усё, зробленае ёю: паспрабаваў, не дужа стараючыся, прасунуць галаву пад краты, затым доўга ладзіўся, наровячы легчы на спіну. Нарэшце, хоць і не зусім на спіне, а бокам, ён падсунуў пярэднюю і заднюю лапы пад краты. Нябога злёгку тузануў іх, порстка ўкочыў і нават пачаў матляць галавой, быццам аддаючы паклоны. Дарута здзівілася, бо яна не вучыла Нябогу кланяцца, а, можа быць, і не так зразумела яго зараз. Але гэта яе не займала. Клетка яшчэ дрыжала, і Дарута зноў памкнулася падняць яе. Спрабуючы выклікаць Нябогу на спаборніцтва, яна пачала заўзята тузаць краты.
- Нябога, давай сюды! - паклікала яна, беручыся за краты абедзвюма рукамі.
Мядзведзь плюхнуўся побач. Ён зноў падчапіў ніз клеткі лапамі.
- Давай! Давай! Давай! Давай!.. - захвочвала Дарута, размерана тор-гаючы краты, каб падказаць рытм для агульных намаганняў.
Нарэшце клетка пачала вагацца. У нейкі момант Дарута адчула нястрым-ную моц, якая, вызваляючыся з сонечнага спляцення, неслася з крывёй у кожную кропку цела. Гэта была моц разбурэння. Яна ведала, што павінна аддаць гэтую моц, інакш сама зробіцца ахвярай той сілы, якую выклікала неўтаймоўнай прагай волі.