Клетка паволі валілася на бок, калі Дарута выскачыла з-пад яе.
- Нябога! - з жахам выклікнула яна, назіраючы, як клетка адштурх-нулася ад сцяны і са страшэзным грукатам стала на сваё ранейшае месца, не жадаючы выпускаць са свайго чэрава яшчэ адну ахвяру.
Напалоханы, ледзьве не раструшаны звер дзіка зароў, перакрываючы жалезны грукат.
Дарута падбегла да завалы. Як толькі завала была адкінутая, Нябога вялізнымі скачкамі пакінуў клетку і тут жа апынуўся на версе драўляных прыступак, што вялі са скляпення. У гэты момант дзверы там адчыніліся, і збіты з ног Тамаш заплюшчыў вочы, каб не бачыць таго канца, што абяцалі яму раз’юшаны звер і Дарута.
Ад свежага паветра Нябога ажно спыніўся і, аддаючы належнае волі, зароў з усяе мядзведжае глоткі.
Дарута не паспявала за мядзведзем. Дворня з крыкам разбягалася на ягоным шляху з маёнтка. Сабакі таксама ўчулі мядзведзя. З сабакарні нёсся гучны брэх. За рогам маёнтка павінен быў знаходзіцца агароджаны падворак, дзе Дарута бачыла раней Белазора.
- Белазор! - паклікала дзяўчына, бегучы да таго падворка.
Белазор з лёгкасцю пераскочыў агароджу насустрач ёй і раптам спыніўся, захроп, конскія вочы наліліся крывёю.
Даруце не было часу падумаць, што два яе верныя сябры могуць не паладзіць паміж сабой. Ды калі б і думала, дык ад таго нічога б не змянілася. Дворня на чале з Тамашам ужо зноў наступала, ашчэраная каламі і ўсім, што трапілася пад руку. Дарута падбегла да каня.
- Белазор! - дзяўчына ласкава правяла рукой па шыі каня. Дарута ведала, як прывесці каня ў спакой. Яна паклала далонь на нос каню і крыху націснула пальцамі. Конь скасіў вокам і павярнуў галаву да яе. Дарута ўхапілася за грыву незацуглянага каня і момантам апынулася на ягонай спіне.
Здалёк было бачна, што ўязная брама зачыненая. Белазор, шалеючы ад няспыннага сабачага ляманту і мядзведзя, які далучыўся да іх, нёсся ўздоўж высокай агароджы маёнтка. На процілеглым ад брамы баку агароджы Дарута ўгледзела маленькія веснічкі, зробленыя, напэўна, дзеля таго, каб скараціць шлях да ракі. Яна вярнула каня да веснічак.
Белазор прыпадняў галаву і выцягнуў шыю. Дарута не думала, што атрымаецца, бо з той пары, калі яны з маленькай Земай навыперадкі імчаліся на цыганскіх конях лугамі, ляснымі дарогамі, пераскокваючы канавы, яміны, ствалы паваленых дрэваў, прайшло шмат часу. У вёсцы, дзякуючы Ходзьку, ёй выпадала калі-нікалі праехацца верхам на конях, прызначаных болей для сялянскай працы.
Дарута блаславіла лёс, які падараваў ёй тое цыганскае сяброўства. Яе цела памятала, што рабіць. Калі капыты Белазора мякка апусціліся на зямлю па другі бок агароджы, мядзведзь ужо сядзеў верхам на веснічках.
- Малайчына, Нябога! - ухваліла Дарута. - Не адставай!
Дарута накіравала каня да берага Свіслачы, над якім удалечы, дзякуючы лёгкаму туману, здавалася, лунаў над курганам замак з каронамі вежаў. Дарута не сумнявалася, што гэта і ёсць княскае ўладанне. Шлях да кургана берагам ракі быў схаваны ад цікаўных вачэй, што адразу ўсцешыла амаль што распранутую дзяўчыну. Яна вельмі позна ўбачыла мужчын, якія біліся на мячах паблізу млына. Не спыняючы каня, якога надзейна падганяў Нябога, Дарута, не азіраючыся, праімчалася ў двух дзясятках крокаў ад дуэлянтаў. Князь і граф разам з секундантамі і конюхамі, не верылі сваім вачам, гледзячы ўслед нечаканаму відовішчу.
- Каня! - закрычаў граф, які першы выйшаў са здранцвення.
Аднак першым каня падвялі да князя.
З вежы, якая ўзвышалася над брамай замчышча, варта дзівілася таму, што раптоўна адкрылася вачам. Вершніца, попельныя валасы якой зіхацелі золатам у мяккіх сонечных промнях позняй восені, а падраная белая кашуля ўтварала ці то ветразі, ці то крылы, ва ўвесь дух ляцела на бліскучым чорным кані, за якім гнаўся сапраўдны мядзведзь. Следам наперадзе невялікай світы скакалі два рыцары з мячамі.
- Князь! - пазналі першым гаспадара ў адным з коннікаў.
- Пан! - імгненна вызначылі і другога.
Князь пакрысе адставаў. Было відавочна, што пан мае ўсе шанцы здаг-наць вершніцу першым. І тут над крутым абрывам, які ўтварыла на павароце рэчышча Свіслачы, з’явіўся яшчэ адзін вершнік у чорным. Ён галопам пагнаў свайго каня са стромы, адразаючы вершніцу ад пераследнікаў.
- Чорны камісар! - ахнуў нехта з вартаўнікоў.
Браму хутка паднялі, спусцілі мост, і невялічкі атрад пад кіраўніцтвам дзядзькі Затко паскакаў на конях на падмогу князю.
Шпага камісара і меч графа скрыжаваліся ў паветры. Граф, напружан-не якога яшчэ не спала ад дуэлі з князем і нават узмацнілася пагоняй за князёўнай, спяшаўся. Цяпер адзінай ягонай мэтай было дагнаць сваю былую паланянку. Ён кінуў кароткі позірк услед бяглянцы, каб ацаніць свае шанцы дагнаць яе, і быў імгненна выбіты ўдарам прамой нагі з сядла. Камісар, не жадаючы змагацца, крутануў свайго каня, каб суправаджаць Даруту, як з ім параўняўся князь.