- Абараняйце дачку, князь Баляслаў! Няхай вашыя секунданты скачуць следам за вамі! Каму, як не вам зараз быць побач з ёй! Не страцце яе ў трэці раз! Спяшайцеся! - крыкнуў камісар. - Спяшайцеся, я даганю вас!
Граф з цяжкасцю падняўся з прамерзлай зямлі. У яго не ставала ўжо ні фізічнай, ні маральнай сілы працягваць барацьбу. Ён падняў свой меч, які адляцеў пры ягоным падзенні ўбок, і абаперся на яго, як на кій. Пад’ехалі і ў нерашучасці спыніліся секунданты графа. Паказаўся атрад дворні графа.
- Што тычыцца абавязкаў князя перад вамі, граф Пржэвіцкі, я бяру іх на сябе. Патлумачу гэта вам адзін на адзін. Умовы нашай сустрэчы дашліце з секундантамі. - Раман азірнуўся. Набліжаўся атрад дзядзькі Затко. - А цяпер, граф, раю вам адаслаць сваіх людзей, інакш адкажаце за нявінна пралітую кроў перад уладай.
Граф моўчкі ўзлез на свайго каня і насмешліва зірнуў на камісара. Цяпер, ведаючы слабіну гэтага чалавека, можна было разлічваць на перамогу над ім.
4
Дарута стаяла пасярод пляца замчышча, не ведаючы, што ёй далей рабіць. Белазор, прыціскаючы вушы, уздрыгваючы і пераступаючы нагамі, касіў вокам на мядзведзя. Нябога то ўставаў на заднія лапы, махаючы ў паветры пярэднімі, нібыта вітаў ашчэраную каламі і віламі княскую дворню, што абкружала незвычайную тройцу, то сядаў на дол, хітравата-пакрыўджана лыпаючы маленькімі вачамі. Даруце здавалася, што Нябога чакаў інакшае сустрэчы ад людзей. Раптам з кола абкружэння выйшаў Яцка. Цыган прыйшоў разам з ляснымі таварышамі ў замчышча, каб удзельнічаць у начным нападзе на панскі палац. Яцка ціхенька свіснуў. Мядзьведзь зноў устаў на заднія лапы і пачаў круціцца на месцы, нязграбна прытупваючы. Яцка нешта крыкнуў яму па-цыганску, і мядзведзь пачаў аддаваць паклоны прысутным. Тады цыган раскінуў рукі і пайшоў на мядзведзя.
- Ну, здарова, рамалэ! Ай, рамалэ! - Яцка і Нябога пачалі жартам барукацца, што выглядала больш абдымкамі.
Дворня зразумела, што мядзведзь прыручны, але на ўсякі выпадак калы не пакідала.
- Дазвольце, князёўна, аказаць22 вам камісара, майго сябра, якога з нядаўняга часу маю за сына, - перад Дарутай у паклоне застылі князь і камісар.
- Прашу вас, мянуйце мяне Раманам! - камісар выструніўся. - Вы дазволіце, князёўна? - Раман імгненна адшпіліў сваю чорную накідку і захутаў у яе дзяўчыну.
Дарута спалохалася, што зараз зноў загучаць галасы мінулага і яна страціць прытомнасць. Раман быў вельмі падобны да чорнага рыцара з ейнага сну. Той чорны рыцар у сне абяцаў ёй дапамогу, а гэты на яве здзейсніў.
- Князёўна, што з вамі? - Раман хацеў падтрымаць дзяўчыну, але вочы яе ўжо смяяліся нейкай сваёй пяшчотнай думцы.
- Дзякую вам, - прамовіла Дарута.
- Не ведаю, чым я заслужыў вашую падзяку, пра якую мог марыць хіба што ў сне! - усклікнуў Раман.
- Можа быць, і ў сне, - дзяўчына хітра зірнула на Рамана. - Але не важна. Галоўнае, я ведаю.
- Безумоўна! - пацвердзіў Раман, які палічыў гэта за жарт. Яму яшчэ не даводзілася жартаваць з жанчынамі, але раптоўная бескоапотная лёгкасць падштурхнула яго. - Безумоўна! Жанчыны заўсёды ведаюць галоўнае, бо трымаюць ключы ад усіх таямніц свету.
- А замкі на таямніцы чапляюць мужчыны, так? - наіўна запыталася Дарута, але вочы яе зноў весела бліснулі.
- Не, мне здаецца, што і замкі прыдумалі яны. Ну, хіба што чапляюць нашымі рукамі.
- Вось як? А мне здаецца, што і таямніцы прыдумалі мужчыны, ад прагі растлумачыць тое, чаго не ведаюць. Так, князь? - Дарута азірнулася. Яна так імкнулася да князя, а зараз нават забылася на яго. Ёй было сорамна і радасна.
Князь дзівіўся маладым людзям, якія гулялі словамі, паняткамі, не зважаючы на ўсіх вакол, на тое, што на Даруце падраная начная сарочка, якая вызірае з-пад чорнай накідкі Рамана, а Раман, няйначай, мерзне. Ён не думаў, што мае права на ўвагу Даруты, але адчуваў сябе самотна. Князь адшпіліў свой плашч і разам з ім упершыню абняў сваю дачку.
- Дарута, я не патрэбны нікому і не памёр яшчэ толькі таму, што чакаў гэтай сустрэчы, - нечакана прызнаўся ён.
- Магчыма, вы памыляецеся, князь?
- Не, я жывы яшчэ!
Дарута і Раман далікатна ўсміхнуліся на жарт князя.
- Пайшлі, дачка, - князь мацней прытуліў Даруту за плечы, накіроўва-ючы ў замак. Праз некалькі крокаў ён азірнуўся. - Раман, думаю, што і вы жадаеце бачыць сустрэчу маці і дачкі?