- Не, князь, вам ёсць што расказаць адно аднаму. Паблукаю па крэпасці. Я прыйду. Потым.
- Дзякую, Раман. Вось і дзядзька Затко! - абрадваўся князь свайму любаму настаўніку, вернаму паплечніку і бываламу ваяру, які падышоў да іх. - Ён якраз не дасць вам заблукаць, - князь з Дарутай рушылі ў замак.
Белазор, пасля таго, як конюхі абцерлі, павадзілі яго па замчышчы і накрылі папонай, так і застаўся стаяць перад вялізазнымі, абабітымі каваным жалезам дубовымі замкавымі дзвярыма, за якімі знікла Дарута.
Раман з дапамогай дзядзькі Затко абыходзіў крэпасць. Не зважаючы на гарматы, старыя, месцамі пашкоджаныя ўмацаванні ды малая колькасць абаронцаў сведчылі пра заняпад. Усё магло закончыцца гібеллю не толькі старажытных муроў, але і князя з дачкой. Раман разумеў, што гэта іхняя зямля, іхняе роднае гняздо, іншага няма ў гэтых людзей. Але ім не пакінулі выбару. Раману адназначна было моўлена, што замак па-любому неўзабаве ўзарвуць, таму людзі павінны пакінуць яго, калі жадаюць застацца жывымі. Уласна, з гэтай місіяй камісар і шукаў той першай сустрэчы з князем сам-насам. Колькі змянілася ў іхнім жыцці за апошні час! Колькі змянілася ў ім самім! Раман ведаў, што застанецца з імі да канца, калі нават не ўдасца ўгаварыць князя. Ён стараўся не думаць пра тое, што не толькі ягоная паспяховая кар’ера, але і само жыццё могуць стацца загубленымі, што наперадзе чорнай прорвай ляжала невядомасць, праз якую патрэбна было перабрацца. І ўсё ж такі, як ні дзіўна, ён адчуваў спакой і радасць.
Раман якраз падняўся на другі паверх, калі з бакавога калідора выйшла ціхая, расчуленая, з яшчэ не высахлымі слязамі Дарута і падцягнуты, урачысты князь, які не мог адвесці позірк ад сваёй дачкі. Як пасаваў строгі і цяжкі строй князёўны да суровых старажытных муроў!
"А князь яшчэ зусім не стары! - падумаў Раман. - Ён гэтак жа мог бы весці тут сваю княгіню…" - нешта накшталт рэўнасці варухнулася ў ягонай душы. Ён адступіў у цень, каб нічым не зашкодзіць іхняй радасці.
- Раман! Мы вас шукаем! - Дарута памкнулася яму насустрач і вінавата азірнулася на князя.
Князь рассмяяўся, але рэзка абарваў свой смех, не верачы сабе. Ён баяўся спалохаць сваё шчасце. Пачуцці перапаўнялі яго. Раптам ён пабялеў з твару.
- Дарута! Раман! Чакайце мяне! Я зараз вярнуся, - князь хуткай хадой рушыў у зваротным накірунку.
Маладыя людзі ў трывожным недаўменні адышліся да акна.
- Што з князем, як вы думаеце, князёўна? Можа быць, яму патрэбная дапамога?
- Не ведаю, што і думаць, - разгублена адазвалася Дарута. - Толькі што быў вясёлы, і раптам…
- Дзеці мае! Не трэба гадаць! - пачуўся здаля голас князя, які неўзабаве з’явіўся і сам, несучы ў руках невялікую скрыначку. Ён хутка наблізіўся да Даруты. - Выбачайце мне, дачка. Я прысабечыў тое, што належыць вам. Зірніце, - князь адчыніў драўляную, багата інкруставаную жоўтым і белым металамі скрыначку.
- Ах! - міжволі вырвалася ў Даруты. На чырвоным аксаміце ляжаў яе верны сябра і спадарожнік, выратавальнік і дзіцячая забава: нож аднарога. Яна тужыла па ім, часам па звычцы шукаючы на шыі матузок, на якім падвешвала ў скураной торбачцы нож, хаваючы ад старонніх вачэй. Дарута верыла, што калі-небудзь ён вернецца да яе, і вось…
- Бачу, што вы пазналі, Дарута. Яго знайшлі на вашых грудзях, калі вы ўпершыню прыйшлі ў замак і страцілі прытомнасць. Ён раней належаў мне і быў згублены мной, хаця я схіляюся да думкі, што быў скрадзены ў мяне. Вядома, я вельмі ўзрадаваўся яго вяртанню, загадаў, каб вас добра лячылі, выказвалі шчыры клопат і пашану. Але як я вінавачу сябе! Я нават падумаць не мог, што яго прынесла мая дачка…
- Вы той малады князь, які атрымаў нож ад Бэнга?.. - Даруце здалося, што яна трапіла ў казку.
- Той, ды ўжо далёка не малады. Але адкуль вы ведаеце пра Бэнга, дачка? - здзівіўся князь.
- …І я ішла. сюды ўсё мае жыццё, каб вярнуць вам…
- …Сябе! - падхапіў князь. - Спадзяюся, што ўсё вашае жыццё яшчэ наперадзе! Вы проста ішлі дадому. Вазьміце яго, ён ваш, мая любая дачка, ён не толькі вярнуўся да мяне, ён аказаў сябе яшчэ болей шчодрым: ён вярнуў мне дачку, мой адзіны сапраўдны скарб на зямлі, - князь працягнуў скрыначку з нажом Даруце.
Дарута баялася дакрануцца да нажа, каляровае дзяржальна якога, здавалася, мігацела жывым ззяннем.
- Гэта ваш нож, які я бласлаўляю за тое, што прывёў мяне да вас, мой гаспадар князь-бацька.
- Тады я не вяртаю яго вам, я вам ахвярую гэты дзіва-нож.
- Дзякую за дарагі падарунак, мой князь! - Даруце зрабілася лёгка, радасна, быццам дадалося моцы. Яна хутка выхапіла нож са скрыначкі і пакланілася князю.
- Будзьце блаславёнай, дачка. Бачу, Раман ужо зачакаўся вашай увагі. Але вы мне скажаце, адкуль ведаце пра Бэнга? Хаця потым! Мне вельмі хочацца ведаць і пра тое, як гэты нож трапіў да вас.