Выбрать главу

- А можа быць пакінуць нож у вас, дарагі князь? Калі раптам згубіцеся, ён прывядзе вас да мяне! - заявіла Дарута, спрытна хаваючы нож некуды ў складкі сваёй багатай спадніцы.

Мужчыны засмяяліся ад нечаканага жарту і спрыту дзяўчыны.

- Князеўна! Мне таксама б хацелася даведацца пра тое, аб чым пытаўся наш князь! Але пакуль нож яшчэ тут, вы мне можаце растлумачыць, што гэта за дзяржальна ў вашага нажа?! - папрасіў Раман.

- Магу.

- Выбачаюся, маладыя людзі, але мы забыліся на ежу. Да таго ж у нас сёння свята! Мне патрэбна даць пэўныя распараджэнні, каб мы адчулі гэтае свята! - князь падвёў Рамана да Даруты і абняў іх. - Дзеці мае, можа быць, я трапіў у лепшы свет? Я не варты гэтага шчасця!

- Князь! Вы зноў за сваё! - з жартоўнай пагрозай у голасе ўсклікнула Дарута.

- Ну вось, вы бачылі, Раман? Знайшлася і на мяне ўправа! Трымай-цеся хоць вы, бо Дарута прыроджаная ўладарка! - князь ласкава зірнуў на дачку. - Раман, я пакідаю на вас Даруту! Яна зусім не ведае свайго радавога гнязда. Пакуль я буду заняты, пакажыце ёй хаця б сабе наваколле з даху замка. Але не доўга. Кухары не прымусяць нас чакаць! Не крыўдзіце Рамана, князёўна! - ён лёгкай хадой прадоўжыў свой шлях.

Маладыя людзі замілавана паглядзелі ўслед князю і рушылі да спіраль-ных каменных сходаў, якія вялі наверх, паварочваючыся, як і ва ўсіх замках, за сонцам.

- Ведаеце, Дарута, людзі ў большасці праварукія, таму такая лесвіца дае абаронцам замку, якія звычайна спускаюцца, дадаковы шанец, бо пра-ціўніку пры пад’ёме нязручна трымаць у руках меч, - патлумачыў Раман.

- Я ляўша, Раман.

- Такіх праціўнікаў называюць праклёнам для замка.

- А калі гаспадар ляўша?

- Леварукаму гаспадару лепш пазбягаць бою на такой лесвіцы, бо яна сама можа стацца праклёнам яму.

Дарута прамаўчала.

Калі нарэшце падняліся на дах замка, Раман не ведаў, аб чым далей гаварыць з князёўнай. Ён нават баяўся паглядзець на яе. Магутны разлог у блакітным абрамленні далёкіх лясоў, дол з яшчэ зялёнымі лугавінамі, рассечанымі срэбранымі стужкамі водаў дзвюх рэк, якія, люструючы нябёсы, ядналіся каля падножжа кургана, усё гэта не магло быць выпад-ковым, усё гэта гаварыла за яго.

Дарута, хаця і пачувала сябе спакойна, але часам ёй здавалася, што чарговы павеў ветру сарве яе ў бязмежжа невядомасці і яна зноў будзе шукаць шлях дадому. Цяпер ужо зусім адна, без Марухны. І тады Раман, мацней сціскаў яе руку. У нейкі момант яны адважыліся зірнуць адно на аднога. Гэта адбылося адначасова і крыху збянтэжыла іх.

- Дарута! Цяпер я разумею, чаму паклікала мяне гэтая вайна! - Ра-ман убачыў, як спахмурнела Дарута. - Выбачайце маю недалікатнасць, князёўна. Я зусім не жадаў параніць вас.

- Не трэба, Раман. Вернемся, я стамілася.

Вярталіся моўчкі. Раман пад руку падтрымліваў дзяўчыну, якая пад канец дня і сапраўды хісталася ад стомы і нервовага напружання. Раман не ведаў, як яе рука зноў апынулася ў ягонай, але адчуў, што дзяўчына яшчэ і замерзла. Ён асцярожна абняў Даруту за плечы.

- Вы дазволіце?

- Вядома. Я вам цяпер сястра, казаў князь, - у перабольшана сцвяр-джальнай інтанацыі Даруты чулася хутчэй пытанне, чым сцверджанне.

- Дарута, я не здолею гэта растлумачыць вам, бо ўпершыню такое адбываецца са мной, але вы мне болей, чым сястра! - Раману вельмі захацелася дакрануцца да дзяўчыны, быццам ён быў няўпэўнены ў яе існаванні.

Дарута пачула, як гучна б’ецца сэрца ў грудзях у Рамана. Роўна так білася яно ў маладога князя, які нёс на руках маленькую дзяўчынку… У яе зноў усё закружылася ў галаве.

Калі Дарута расплюшчыла вочы, то зразумела, што ледзь не страціла прытомнасць па інакшай прычыне. Раман, не адпускаючы ейных вуснаў сваімі, трымаў яе на руках. Яны адначасова адарваліся адно ад аднога, каб зазірнуць у вочы і ўведаць, што дало гэта кожнаму з іх.

Стрэл, які неўспадзеў пачуўся за ракой, імгненна пераключыў увагу маладых людзей. З боку царскага войска ва ўвесь дух імчаўся вершнік, якога імкнуліся пераняць з дзясятак узброеных людзей на конях. Вершнік відавочна трымаў кірунак у бок замка.

- Падобна, што нехта мяркуе ратавацца ў нас! - ускліклікнула Дарута, адхіляючыся ад Рамана.

Раман зразумеў, што ён па-ранейшаму чужы тут. Ён моўчкі паставіў Даруту на ногі. Дарута азірнулася.

- Раман, што вы маўчыце? Што рабіць?

- Князёўна, тут вашая ўлада рашаць.

- А! Зразумела! - Дарута кінулася ў бок сходаў, якімі нядаўна падымалася на дах.

- Дарута! А як жа я? Вы не жадаеце ўзяць мяне з сабой? - крыкнуў наўздагон Раман.

- Я не збіраюся камандаваць вамі! - пачулася ўжо са сходаў.

- Напэўна, мне давядзецца ўвесь мой век ганяцца за вамі, Дарута! -Раман у некалькі скачкоў ужо амаль дагнаў дзяўчыну.