- Князёўна, я вярнула табе твой клінок, - прамовіла Аза Даруце, якая ўжо злезла з Белазора і стаяла насупраць.
- Аза! Цыганская князёўна! Дарагая мая ўпартая дзяўчынка! Я пазнала цябе сама, не сумнявайся! - Даруце здалося, што разам з Азай яна абняла ўсё сваё далёкае, вялікае ў прыгодах, шчаслівае ў знаходках, дзівоснае ў сустрэчах дзяцінства.
Раман глядзеў на дзяўчат, дзвюх неверагодных князёўнаў, якія стаялі, моцна трымаючы адна адну ў абдымках, не адрываючы гарачых поглядаў адна ад адной, і не мог паверыць у здагадку, якая мільганула ў ягоных думках.
- Дык ты вярнулася да рэйтараў, каб падняць нож Даруты? - не вытрымаў ён. Раман зусім не чакаў такой самаахвярнасці ад цыганкі, тым болей ад маладой, поўнай агню жыцця.
Аза прамаўчала.
Дарута адчула, што Аза не жадае размаўляць з Раманам.
- Што ты будзеш рабіць, Аза? Калі можаш, застанься ў нас хаця б на дзень. Якое тваё жыццё? Мяне хвалюе, што сталася з Зарай. Тым болей хачу ведаць, як знайшлася твая маці…
- Дарута, выбачай, якраз не хачу страціць яе другім разам. Я павінна вярнуцца да маці як мага хутчэй. Ёй не памаглі зёлкі, што давала раней. Вялікую надзею маю на гэтага царскага казлінніка. Ледзьве знайшла яго і, калі б не ты, з ім бы сама загінула. Дзякую табе!
- Сястра мая! Ведай, калі ласка, дзе мой дом, там дом і твой. Дзе мая сям’я, там і твая. Я таксама не хачу страціць цябе! Дзякую лёсу, які звёў нас! Я маю вялікую надзею на ягоную ласку, што падаруе нам яшчэ не адну сустрэчу. Адпускаю цябе, але не з сэрца майго. Будзь блаславёна на дарогах тваіх!
- Дарута! Мая душа мовіць табе тое самае. Адзінае, пра што буду прасіць цябе на расстанне - беражы сябе! Ты бачыш у людзях лепшае, што заклаў у іх Бог. Але… Яны маюць і шмат іншага, закладзенага ў іхні лёс імі самімі…
Дарута ўжо не толькі амаль не чула Азу, але, дзякуючы слязам, якія раптоўна струменямі пацяклі з вачэй, амаль што і не бачыла…
Па дарозе ў замчышча Дарута, каб супакоіцца, старалася не думаць пра Азу, а Раман маўчаў і толькі развітаўся з ёю і князем ужо на падворку.
Да вечара частку коней, якія знаходзіліся ў крэпасці, развялі па сваіх хатах ваяры. Некалькі ўлюбёных коней князя, у тым ліку і Белазор, яшчэ заставаліся, калі князь нечакана аддаў загад вызваліць крэпасць і ад іх. Дарута запатрабавала, каб пакінулі ейнага Белазора, на што князь адмовіў, што ваенныя загады не аспрэчваюцца.
- А цяпер, як любай дачушцы, - усміхнуўся князь да нахмуранай Да-руты. - Падчас аблогі коні, хутчэй ад усяго, загінуць тут. Ад гарматных стрэлаў або ад голаду. Павер старому ваяру. У нас ёсць шанец уратаваць іх. Коні будуць чакаць нас у лагеры Войцеха. Калі небяспека мінецца, вернуцца ў крэпасць, або нам давядзецца ісці да іх.
Некаторы час Даруту можна было бачыць на двары замчышча. Дзяўчына горача і па-змоўніцку нешта прамаўляла каню ў вушы. Яна сама падвяла Белазора конюху.
- Ідзі, Белазор. Будзеш чакаць мяне. Я сама прыйду за табой, чакай, Белазор! - Дарута перадала аброць у рукі конюху і, не азіраючыся, пайшла ў замак.
5
Ноччу з боку царскай слабады ўсчаўся пошум, які адразу навёў жы-хароў замчышча на думку пра варожыя дзеянні ў наваколлі. Выпраўле-ныя дзядзькам Затко выведнікі паведамілі, што са слабады ў напрамку замкавага кургана рушылі ратнікі і артылерыя царскага войска. Конніца напагатоў хавалася ў бліжэйшым ляску. Калі развіднелася, з даху замка і назіральных пляцовак правабаковых вежаў можна было бачыць драўляныя навесы або проста насыпы свежавыбранай зямлі, за якімі павінны былі месціцца гарматы. Раніцай замчышча цалкам апынулася ў аблозе.
Дзядзька Затко абвясціў, што ўсе, апроч вартавых, павінныя сабрацца пад Руку Нябеснай Дзевы.
…Рукой Нябеснай Дзевы з незапомных часоў у замку называлі самую вялікую залу, дзе на мураванай сцяне знаходзіўся выкладзены абгарэлай цэглай квадрат. У цэнтры квадрата месціўся вялізны чырвоны камень, на якім выразна бачыўся адбітак вузкай жаночай далоні з тонкімі доўгімі пальцамі. Далонь, сабраная ў жменю, была крыху павернутая да людзей і, здавалася, нешта збіралася высы-паць або перадаць ім. З першага позірку кожны разумеў, што гэта адбітак не зямной рукі. Паводле замкавага падання адбітак сваёй рукі пакінула сапраўдная Нябесная Дзева. Яе ўбачылі дзеці лунаючай над замчышчам. Нябесная Дзева спусцілася да дзяцей, але, прызямляючыся, абаперлася на камень. Яна некаторы час гаварыла з дзецьмі. На чутку пра гэты цуд з горада прыйшло шмат дарослых, але не ўсе бачылі Яе…
…Князь у суправаджэнні маленькага атрада паплечнікаў былых паходаў выехаў насустрач парламенцёрам, пасланым правесці перагаворы.