Выбрать главу

Адзін з парламенцёраў наблізіўся да князя, з годнасцю схіліў галаву ў паклоне.

- Князь, вы самі бачыце, што вашая крэпасць узятая намі ў аблогу. Думаю, вы ўжо здагадаліся, што гэта мы перакрылі паступленне вады ў замак. Мы зрабілі ўсё, каб вы зразумелі неабходнасць здаць крэпасць.

- Патлумачце мне, чым абавязаны гэтакай увазе з вашага боку? Гэтая крэпасць маё законнае ўладанне. Я нікому шкоды не раблю. Пастаўляю вашаму войску абумоўленую правізію. Чаму я павінны аддаваць маё ўладанне?

- Мы атрымалі загад руйнаваць усе не здадзеныя цару крэпасці на вызваленых намі тэрыторыях. Зразумела, што вашая крэпасць патрапляе пад загад. Каб вы не сумняваліся, што ўсё надзвычай сур’ёзна, скажу болей. Нам паведамілі пра вашую сувязь з ляснымі разбойнікамі. Мы ведаем, што вы бярэце пад сваю абарону злачынцаў. Гэта падмацоўвае слушнасць царскага загаду. Раім вам апоўдні здаць крэпасць. Калі вы не зробіце гэтага, войска пачне штурм, і адказнасць за пралітую кроў ляжа на вас, князь.

- Не я прыйшоў на гэтую зямлю праліваць яе кроў. Яна была маёй спрадвеку і тым дае мне права абараняць яе ад ворапу чужынцаў.

- Вы даўно аддалі сваю зямлю, як прышлым, так і сваім чужынцам. Агледзьцеся!

- Я не адказваю за ўсіх. Я адказваю за маіх людзей, якія жывуць на гэтай зямлі.

- У вас ёсць магчымасць зберагчы іхнія жыцці, а не страціць неразумнай упартасцю. Усім, хто здаў свае гарады і крэпасці на міласць цара нашага вялікага князя Аляксея Міхайлавіча ды ўчыніўся пад ягоную высокую руку, цар даруе не толькі жыццё, але і маёмасць іхнюю. Вас ніхто не зганяе з вашай зямлі, але крэпасць павінна знікнуць. Мы не можам дазволіць, каб за яе сценамі хавалася злая справа і здрада нашаму цару. Яшчэ раз нагадваем. Апоўдні павінен быць спушчаны мост, а над адчыненай бра-май крэпасці мае быць узняты вамі белы сцяг. Гэта апошняе слова, якое павінен вам казаць.

Парламенцёры павярнулі сваіх коней.

У вялікай замкавай зале князя чакалі ўсе, хто даверыў яму сваё жыццё. Сэрца князя сціснулася. Старыя ваяры, лясны атрад і дворня складалі ўсяго некалькі дзясяткаў людзей. І гэта супраць вялізнага ўзброенага войска. Ну што ж, яны самі павінны вырашыць свой лёс. Князь паведаміў людзям тое, што пачуў ад парламенцёраў.

Калі аціхнуў гоман, які выклікала прынесеная князем навіна, дзядзька Затко падняў руку з адкрытай даланёй. Так рабілі ўсе мужчыны іхняга роду, калі хацелі выказаць сваю волю.

- Людства роднае! Чуў я ад дзядоў, якія чулі тое ад сваіх дзядоў, а тыя дзяды ад сваіх, і так да пачатку часоў, што на вяршыні гэтага кургана стаяў адкрыты з усіх бакоў сонцу храм Белабога. Тым, хто прыходзілі ў храм, рабілася бачнай праўда, на якой стаіць нашая зямля, доўжыцца наш род. Ніхто не ведае, калі знік храм той. Але кожны ведае, як цяжка зрабілася знайсці праўду, бо шукаць яе даводзіцца праз нягоду і цемру, нястачу і крыўду. Горка Белабогу бачыць пакуты сваёй умілаванай зямлі. Вораг топча нашыя палі, рабуе нашую гаспадарку, пралівае нашую кроў! Сілы нашыя няроўныя, але мы можам абараняцца і годна загінуць тут, дзе пахаваная праўда нашая, дзе пахаваныя прашчуры нашыя!

Дзядзька Затко сеў на лаву ў куце залы. Каму, як не князю, было разумець бястрашша і бяссілле воя, зламанага старасцю і навалай. Гэта быў іхні апошні бой разам, у якім той, хто апусціў на грудзі галаву з ута-ропленымі долу старэчымі вачамі, не жадаў здавацца ворагу, але выразна бачыў паразу.

Гуд галасоў у зале хутка аціх. Абмяркоўваць пачутае ад дзядзькі Затко не дужа хацелася. Палегчы - палягуць тут сваімі касцямі. Ды што з таго?..

У залу імкліва ўвайшоў Войцех. Ён паспеў да аблогі прабрацца з Зенкам у замчышча, але да гэтага часу не адыходзіў ад Жданкі, якая па-ранейшаму не прачыналася. Людзі азірнуліся. Войцех сустрэўся поглядам з князем і зразумеў, што ад яго чакаюць слова. Ён выйшаў на сярэдзіну залы.

- Буду казаць, як думаю. Не так даўно мы прачнуліся ад закліку казацкага гетмана Багдана. Паверылі яму! Падтрымалі яго! І што? Ён забраў нашых людзей, каб затым падацца пад руку маскоўскага цара. Ягоныя казакі цяпер ваююць нашыя гарады. Але не ягоная віна, што мы не заўважылі, як зрабіліся халопамі ў чужынцаў. Мы не заўважылі, як разам з чужынцамі пачалі называць сваіх сыноў хлопчыкамі, хлопцамі - людзьмі без імя, якіх дастаткова паклікаць воплескам у ладкі. Мабыць, ад таго мы ўжо не памятаем імёны нашых прадзедаў, якія аралі гэтую зямлю, палівалі потам і крывёю, абараняючы яе дзеля нас, безыменных, бяспамятных. Прыйшоў наш час паказаць, чаго вартыя іхнія нашчадкі. Упэўнены, што нашыя вёскі падтрымаюць нас ударамі ў тыл абложнікаў.

Князь падняў руку адкрытай даланёй да людскога сходу.