Выбрать главу

- Стой, дзе стаіш! - загадаў князь незнаёмцу. - Хто ты і што робіш тут?

Чалавек спакойна спыніўся.

- Бэнг я. Быў цыганскім важаком у сваім племені.

- Чаму быў? Я чуў пра такога баро. А што зараз?

- Не прыспешвай, князь! У нас з табой не так шмат часу, каб…

- Як ты пазнаў мяне? - перапыніў цыгана князь. - Ці, можа, сачыў за мной? - У голасе князя прагучала пагроза.

- Зараз я ведаю, што пажадаю, князь!І бываю там, дзе пажадаю!

Чалавек нецярпліва зварухнуўся і князю падалося, што ён убачыў кусты скрозь постаць незнаёмца і нават лёгкія адбіткі святла поўні на тых кустах. Ён страсянуў галавой, каб пазбыцца гэтага наслання.

- Не бойся мяне, князь!

- Як ты насмеліўся…

- Не задзірайся, прашу цябе! - перапыніў яго Бэнг. - Не абраза гэта! Зараз ты ўсё зразумееш. Не ты да мяне, я да цябе прыйшоў, бо не маю інакшага выйсця, таму прашу цябе, выслухай мяне!

- А калі я не пажадаю слухаць цябе?

- Твой род можа спыніцца.

- Не кажы лухту, Бэнг!

- Не да таго мне зараз, каб лухтой займацца.

- Чаму я павінен верыць табе? Чаму я павінен верыць таму, што ты збіраешся мовіць мне?

- Добра. Я толькі пачну. Ты сам вырашыш працягваць мне, або не. А каб ты верыў, скажу табе адну тваю таямніцу - падземны ход, што вядзе ад замчышча за раку…

- За раку?! Спыніся! - князь азірнуўся, каб упэўніцца, што ніхто не чуе іх. - Ты гэтага не можаш ведаць! Пра гэта не ведаюць нават мае продкі, якія вывелі адно да ракі ход. Сляпцоў, што рабілі яго пад ракой, я падабраў на дарозе, калі вяртаўся з вайны пасля вызвалення Смаленску. Мяркую, не ведалі сляпцы, што рабілі, бо працаваў з імі толькі я і дзядзька Затко, карміў іх толькі дзядзька Затко і я…

- Твой дзядзька Затко і адвёз іх да Дняпра, дзе паказаў ім шлях у цёплы край…

- Ты адзін з іх?

- Не.

- Ты сустрэўся з адным з іх і выявілася, што не такія ўжо і сляпцы яны былі? - занепакоіўся князь.

- Не хвалюйся! На жаль, зямны зрок не вярнуўся да іх. І ход падземны твой уратуе двойчы тваю сям’ю. Але, калі ты зараз не выслухаеш мяне, жыццё развее тваё семя без следу імя твайго на зямлі.

- Кажы, Бэнг! - узрушана прамовіў князь.

- У нас з табой застаецца зусім мала часу, таму толькі самае галоўнае! - Бэнг час ад часу занепакоена пазіраў на поўню ў чорным небе. - Слухай, князь! Два гады таму, калі памерла ад родаў мая жонка, я абраў сабе самую прыгожую маладую цыганку з іншага табару. Але яна паставіла ўмову - прывесці ёй небывалага каня - аднарога, тады будзе маёй жонкай.

- Аднарога? - перапытаў здзіўлена князь. - Цыганы вераць у адна-рогаў? Праўда, тутэйшыя людзі кажуць, што вадзіліся ў пушчы, але чулі тое ад дзядоў сваіх, якім іхнія дзяды баілі.

- Не спяшайся, князь. Не ўсё і не ўсе людзі бачаць, што існуе на гэтым свеце. На тваіх землях, менавіта ў гэтай пушчы год таму я высачыў аднарога. З вясны да глыбокай восені я вывучаў нораў і звычкі гэтага каня, каб падабрацца да яго. Але ўзяць яго немагчыма было ні сілай, ні хітрасцю. Вяртаючыся ні з чым да сваёй нявесты, я набрыў на лясную зямлянку. Старому, які ляжаў у ёй на хваёвай падсцілцы, закіданай імхом, нядоўга заставалася жыць. Ён адмовіўся падзяліць са мной ежу, але папрасіў вады. На раніцу стары закончыў свой зямны шлях, але ён паспеў расказаць мне, што скарыць аднарога можа толькі нявінніца, некранутая мужчынам дзяўчына. Калі яна падыдзе да каня, прылашчыць яго і пацалуе ў рог -той будзе служыць ёй да скону. Падмануць аднарога нельга. Жанчыну, якая намерыцца завалодаць ім, конь нанізвае на свой рог.

- Чакай, Бэнг! Твая казка вартая, каб выслухаць яе не на пусты жывот, перамінаючыся з нагі на нагу. Давай, раскладзем вогнішча і засмажым зайца. Добра, што я з каня майго паспеў зняць сядло з паклажай!

- Спыніся, князь, прашу цябе, - журботна прамовіў Бэнг. - Ужо амаль канец і ты ўсё зразумееш. Я хутка. Дык вось. Стары прасіў мяне аб адным - каб я дачакаўся ягонай смерці і потым спаліў цела, бо так яму належала канчаткова развітацца з гэтым светам. За той клопат стары абяцаў падараваць мне свой нож. Я не стаў дапытвацца, каб не саграшыць часам, а зрабіў, як моўлена было.