Выбрать главу

- Дзеці мае! Як мог, клапаціўся я пра вашую жытку тут і не жадаю клапаціцца тут аб вашай пагібелі. Мы не апошнія на нашых літоўска-белых зямлях! Але нас раз’ядналі бязладнасць, хцівасць, падман і здрада. Нас вынішчаюць паасобку. Дзядзька Затко казаў пра Белабога. Забыліся мы на яго. Але кожны, хто сапраўды верыць у Бога, ведае, што ён адзін на ўсіх, як бы мы ні менавалі яго. Ён любіць роўна ўсіх, і гэтае выпрабаванне паслаў нам, каб навучыліся любіць і ашчаджаць сваё, тутэйшае. Навуку любові ён часта даводзіць праз страту. Толькі той, хто страціў, у поўнай меры ведае цану сваёй страты. Я ўступаю ягонай волі, каб прыняць пакуты выгнанніка. Я веру, ён не пакіне нас у гэтым выпрабаванні. Гнеў, боль, сорам і любоў, якія панясе маё сэрца, навучаць моцы несці іх па жыцці. Я буду збіраць гэтую моц, як пчолы мёд, каб несці ў сваё дупло, як змяя атруту, каб адагнаць ворага. І ўсё-ткі я не здам замак! Не апаганю памяць ягоных валадароў і насельнікаў. Ён стане магілай тым, хто насмеліцца няпрошаным ступіць у ягоныя ўладанні. Тыдзень таму я паслаў ганца да Януша Радзівіла прасіць дапамогі. Пакуль не маю адказу, але надзея не страчаная. Верце мне! У любым выпадку мы не здадзім замак! Усе, хто пажадае, выйдуць адсюль жывымі. А цяпер памажыце мне спраўдзіць гэтае слова! - Князь не жадаў тлумачыць план, які на крайні выпадак меўся ў яго заўсёды. - Патрэбна скласці атрады па пяць чалавек, камандзіраў якіх чакаю на раду ў кабінеце. Потым яны давядуць вам задачу кожнага. Мы, а не тыя, што топчуць падножжа нашага кургана, будзем сягоння пераможцамі!

Калі б апоўдні абложнікі маглі зазірнуць у замак, то падзівіліся б яго-най пустэчы. Здавалася, невядомы волат абрабаваў свайго пабраціма. З пакояў, калідораў, сцен было ўсё вынесена, прыбрана. Ніхто, апроч князя і дзядзькі Затко, не ведаў таямніцы схаванага пад курганам скляпення, якое змясціла ў сабе памяць і багацце, укладзеныя ў каштоўныя рэчы валадароў замка. Яшчэ не ведаў ніхто, нават Зенка, і таго патаемнага хода, якім людзі пакідалі замчышча. Гэты ход вёў у густы лес, які падступаўся да самай Бярэзіны па другі бок ракі.

З абмазаных абпаленай глінай счарнелых дубовых бярвёнаў, ад якіх дзе-нідзе паадвальваліся чарапкі, сачылася вада, падаючы на галовы людзей. Некалькі вашчаных паходняў у руках старых ваяроў асвятлялі напружаныя твары, аслізлыя сцены, кідалі чырвона-жоўтыя водбліскі на ваду, якая даставала людзям у большасці па калена. Ішлі марудна, моўчкі, баючыся паслізнуцца, упасці ў ваду. Насілкі з загорнутай у коўдры Жданкай замыкалі шэсце. Дарута не хвалявалася за сяброўку. Чатыры бывалыя ваяры князя надзейна трымалі на плячах сваю ношу.

Людзі, наладаваныя самым неабходным у паходзе скарбам, прабіраліся ў халоднай вадзе амаль гадзіну, ужо непакоячыся, што канца гэтаму ходу не будзе. Нарэшце тыя, хто ішоў наперадзе, падалі знак спыніцца. Ход упіраўся ў глухую сцяну, складзеную з дубовых бярвёнаў. Усе ў разгубленасці азіраліся. Ніхто не ведаў, што рабіць далей. Князь, які цёмнымі калідорамі і доўгім спускам па каменнай спіральнай лесвіцы вывеў іх на гэты шлях, вярнуўся ў замак, дзе заставаўся маленькі атрад на чале з Войцехам, чакаючы ягоных распараджэнняў.

Выйсця з тупіка не было. Пра тое, каб вярнуцца, баяліся і думаць. Усе бачылі, як за князем павярнулася каменная сцяна, калі яны спусціліся ў гэты ход. Ніхто не ведаў, колькі часу яны таміліся з таго моманту, як пакінулі замчышча. Дапякала не толькі стома, але і холад, які даставаў да касцей. Нешматлікія жанчыны, як і Дарута, час ад часу прытуляліся да мокрых сценаў, даючы адпачынак нагам…

…Маленькая дзяўчынка нічога не баялася на руках у барадатага, моцнага мужчыны, які вельмі спяшаўся ў суправаджнні ейнай маці і старонніх, узброеных людзей. Пад нагамі ў іх гучна хлюпацела вада, якая ўспыхвала, адлюстроўва-ючы агні паходняў. Ад гэтага рабілася страшна і, каб не баяцца, дзяўчынка весела смяялася, накручваючы на пальчык пасмачку мяккіх чорных валасоў з казытлівай барады мужчыны. Калі іхні шлях заступіла чорная сцяна, мужчына з козытнай барадой аддаў маленькую дзяўчынку на рукі ейнай маці. Ён ваяваў з чорнай сцяной. Дзяўчынцы здавалася, што гэта рыцар матчыных казак зма-гаецца з чорным цмокам. Казачны рыцар заўсёды перамагаў, але дзяўчынка засынала толькі тады, калі была ў тым упэўненая. Дзяўчынка бачыла, як прыгожы барадаты рыцар напружыўся, націскаючы на левы бок бярвеністай сцяны, што ўвасабляла цмока, як ад гэтага намагання пасінелі і ўспухлі жылы на ягонай шыі і скронях. І тады цмок адступіў, сцяна павярнулася, упускаючы свежае паветра і лясныя гукі…

Калі б Раман не падхапіў Даруту, дзяўчына ў лепшым выпадку цалкам бы выкупалася ў сцюдзёнай вадзе.