- Адкуль вы тут? - здзівілася яна, расплюшчваючы вочы. - Вас не было сёння ў замку.
- Дарута! Хіба магу я пакінуць вас, калі вакол суцэльныя пагрозы! Прос-та я знайшоў падставу наведаць замак, каб паскорыць капітуляцыю. Белы сцяг не з’яўляўся над брамай. Гэта вельмі непакоіла мяне. Я прапанаваў яшчэ раз правесці перагаворы з князем, сцвярджаючы, што ён абяцаўся мне здаць крэпасць. Прабачце, але я не знайшоў другога спосабу. Глядзіце на гэтую маю ману, як на ваенную хітрасць. На самой справе маёй мэтай была вашая з князем бяспека. Начальнік варты замчышча загадаў мне чакаць, пакуль ён знойдзе гаспадара, але князь сам выйшаў на пляц. Ён сказаў, што хавае вас і сваіх людзей на выпадак падману. Я вельмі прасіў як мага хутчэй узняць белы сцяг, а пакуль што правесці мяне да вас, каб упэўніцца, што вы не маеце ніякай патрэбы. Князь не пагаджаўся ні на першае, ні на другое. Не разумеючы яго, я запатрабаваў хаця б пабачыць вас, Дарута! Я не мог суцішыць трывогу за вас! Нарэшце князь пагадзіўся правесці мяне да гэтага падземнага ходу і паказаў, як адсюль вярнуцца назад у крэпасць. І вось я тут! І нават паспеў падтрымаць вас, калі вы пачалі спаўзаць уздоўж сцяны. Вельмі прашу, вяртайцеся са мной! У нас зусім няма часу. Мы разам паспрабуем угаварыць князя! Я не разумею яго! Вы не пераседзіце аблогу ў гэтым слізкім тупіку!
- Чакайце, Раман! Мне толькі што сніўся прыгожы сон, - прашаптала Дарута, каб не пачуў ніхто старонні. Яна баялася, што раптам ейны сон стане няпраўдай, тады людзі могуць страціць надзею і цярпенне. - Каб выйсці адсюль, патрэбна моцна ўперціся ў левы бок тупіковай сцяны.
Яны асцярожна перабраліся ў галаву атрада. Раман адхіліў дзяўчыну, калі яна падступілася першай да сцяны. Даруце зрабілася смешна, што можна так верыць у чужыя сны, яна адступілася, з хітрай усмешкай назіраючы за намаганнямі Рамана. Дарута бачыла, як упарта сыходзяцца над пераноссем ягоныя бровы, як брыняюць сінія жылы на шыі, скронях, ілбе, пачула, як скрыгатнулі ягоныя моцна сціснутыя зубы і. Сцяна зва-рухнулася! Хто стаяў бліжэй, імгненна далучыліся. Калі сцяна паехала ў правы бок, адкрываючы праход, ніхто не адважваўся ісці першым. У няпэўным святле аднекуль зверху лахманамі звісала карэнне. Некаторыя з каранёў прашывалі сабой далейшы шлях, урастаючы зноў у зямлю. Але прыток свежага паветра хутка ажывіў усіх і абнадзеіў. Болей не раздум-ваючы, людзі пачалі прадзірацца праз карэнне, пакуль не дабраліся да яміны, закіданай струхлелымі бярвёнамі і лясным ламаччам. Завал хутка разабралі і выбраліся па схілу ў засень змешанага лесу пад ціхім небам, якое віднелася скрозь голле дрэваў.
Раптоўны выбух быў настолькі магутным, што, здалося, скалануў неба.
- Што гэта?! - жахнуўся Раман. Ён ведаў, што замак павінны будуць узарваць, але ж не так адразу.
- Гэта азначае, што князь трымае сваё слова! - Дарута горда зірнула на Рамана і ўбачыла, як па ягоным твары распаўзаюцца белыя і барвовыя плямы.
- Што з вамі? - устрывожылася яна.
- Я не ведаў! Так нельга было рабіць! - цяпер ён зразумеў і намер, і адсутнасць князя, якія з клопатам аб Даруце выпусціў з-пад увагі.
- А што павінен рабіць гаспадар, калі ў ягоны дом урываецца вораг?
- Дарута, не ўсе ж там ворагі! Хіба я вораг вам?!
- Бог няхай зберажэ іх, калі яны такія добрыя! - Дарута адвярнулася і павяла Белазора ў лес, каб па прыкладзе астатніх пераапрануцца ў сухое.
Ужо вечарэла, калі да іх далучыліся князь, дзядзька Затко і Войцех са сваімі людзьмі. Князь адразу моцна прыхінуў да сябе Даруту.
- Дарута, дачка мая, не ведаю, як выправіць мне віну маю. Я думаў, што мы дагонім вас, але дзядзька Затко хітрыў. Ён хацеў застацца ў замку, каб быць пахаваным пад ягонымі сценамі. Давялося вярнуцца, шукаць яго. Нягожа старому вою ляжаць побач з ворагам. Калі ўспомніў, што адзіна я ведаю таямніцу выхаду, мне зрабілася страшна, як ніколі ў жыцці. Я маліўся, калі раптам загіну, каб вы знайшлі выйсце з падземнай пасткі. Але ў крэпасці з’явіўся Раман, які апантана патрабаваў бачыць вас, Дарута і я скарыстаўся тым, каб паказаць Раману, як выбрацца назад у замчышча. Яму я сказаў, што на ўсялякі выпадак будзем адседжвацца ў падзямеллі, пакуль здымуць аблогу.
- А чаму Раману не сказалі пра паварот сцяны, выйсце з падземнага ходу?
- Яму я не мог даверыць гэтага! Адзіна гэтага, Дарута! Зразумей, там ягоныя супляменнікі, паплечнікі, магчыма, сябры. Іх узгадавала адна зямля. Ён мог здагадацца пра мой намер і папярэдзіць сваіх. Або свядома застацца з намі і ўсё жыццё адчуваць сябе здраднікам. На ягоным месцы я не меў бы выбару.
- Вы назвалі яго сынам!
- Дарута, ён сам убачыў ва мне бацьку! Магчыма, у нязгодзе з тым, што рабілася на ягоных вачах, ён проста шкадаваў мяне, перабольшыў сваё стаўленне да мяне. У малыя гады Раман застаўся без бацькі і вымушаны быў заўсёды спадзявацца на самога сябе. Магчыма, я нечым нагадаў яму ягонага бацьку. Магчыма, ён вымушаны быў заўсёды ўтойваць свае дум-кі, назіранні ад тых, хто мог зрабіць яму якую шкоду. Я, чалавек збоку, якому ён мог выказаць сябе, без страху. У кожнага з нас існуе патрэба падзяляць свае думкі, пачуцці, сваё жыццё з кім-небудзь. А ён цвёрда-га сэрца і вострага розуму чалавек, у якім дзіўным чынам спалучыліся яшчэ непасрэднасць і шчырасць. Гэта ягонае выпрабаванне, Дарута. І яно патрэбнае не толькі яму, але і нам, калі мы хочам быць адзінай сям’ёй. Пакінем гэта! Мяне вельмі цікавіць, хто ж тут адгадаў таямніцу сцяны?