Выбрать главу

Дарута маўчала. Князь яшчэ мацней прытуліў яе да сябе і звярнуўся да людзей.

- Людзі добрыя! Сэрца маё перапаўняе радасць бачыць вас жывымі і здаровымі. Але каму я абавязаны за гэтую радасць? Хто вывеў вас з падзямелля? Хто разумнік той, які знайшоў спосаб павярнуць сцяну? Дайце мне абняць таго дарагога чалавека!

Людзі недаўменна пазіралі на князя. Усе былі ўпэўненыя, што ён першы павінен гэта ведаць.

- Што маўчыце? - здзівіўся князь.

- Вы ўжо абдымаеце гэтага чалавека, - падаў голас Раман.

Князь не мог паверыць.

- Вы, князёўна?!

- Так. Дзеці часта памятаюць болей, чым бацькі, - Даруце не хацелася быць героем у гэтай прыгодзе. Яна раптоўна адчула сябе вельмі самотнай, дарослай і адказнай за лёс гэтых двух мужчын, што стаялі побач з ёй і стараліся не глядзець адзін на аднога. - Што вы будзеце рабіць далей, Раман?

- Адкуль мне ведаць, што яшчэ надумаў наш князь!

- Раман, вы чалавек высакародны. Я вас ні ў чым не падмануў. Даруйце мне, што не знайшоў інакшага выйсця, як утаіць ад вас мой план. Папраўдзе, дык інакшага выйсця і не было. Цяжка ўявіць, на што б вы рашыліся, ведаючы, што я маю намер падарваць замак і ягоныя вежы разам з нападаючымі. Раман, я стары бывалы ваяр і ведаю, што нельга давяраць нават самому сабе, - князь замоўк.

- Не буду спрачацца! Калі вы хацелі дасягнуць сваёй мэты, вы зрабілі разумна. Але калі б я ведаў, што за сардэчнай шчырасцю і мяккасцю леп-шых людзей гэтай зямлі хаваецца жорсткі разлік і д’ябальская хітрасць, я… я… - Раман не знаходзіў слова, адпаведанага ягонай крыўдзе, роспачы, разгубленасці.

- Вы б, напэўна, аб нечым падумалі. Так, Раман? - падказаў князь і, не чакаючы адказу, працягнуў: - Што ж, дадумайце зараз. Але паверце мне, старому чалавеку і старому ваяру, што няма вашай віны ў тым, што адбылося. Дапусцім, што вы даведаліся пра мой намер і папярэдзілі сваіх. Нас бы проста выразалі. І добра, калі разам з Дарутай, без здзеку. Упэўнены, што вы на гэта не рашыліся б. Дапусцім, што я падзяліўся з вамі сваім намерам і вы дапамаглі мне здзейсніць яго. Упэўнены, што вы так не зрабілі б. Ведаючы мае планы, вы траплялі ў безвыходнае становішча. Таму я маўчаў і нават адсылаў вас перад атакай з замчышча. Вашае сэрца падказала вам далейшы шлях. Сэрца не разважае, таму не памыляецца. Бог стварыў адну зямлю на ўсіх. А людзі парэпалі яе на межы. Бог стварыў чалавека па вобразе сваім і падабенстве. А чалавек прыпадобніўся крыважэрнаму зверу. Я выгнаннік на сваёй зямлі, бо гэты звер расце, і мала яму свайго логава. Расце і колькасць шакалаў, якія кормяцца каля яго. Я адступаю, Раман, каб набрацца сілы на барацьбу з ім. Пойдзеце вы ад мяне ці са мной, вы ўсё адно застанецеся маім улюбёным сынам. Я ні ў якім разе не пакрыўджуся на любое вашае рашэнне. Усе мы блудныя сыны аднаго Бацькі, які тым болей нас любіць, чым болей мы вытрымалі ягоных выпрабаванняў. Вы абралі шлях розуму, з якога проста збіліся, дзякуючы свайму сэрцу. Я ведаю, што вы зараз не зможаце ўзважана адказаць мне. Але покліч маёй любові будзе нязмоўкна гучаць для вас заўсёды. Ведайце пра гэта, - князь пакланіўся Раману і адышоў да людзей, якія даўно чакалі яго.

Ушчэнт стомленая Дарута шукала позіркам Войцеха, якога бачыла толькі здаля ў час ягонага палкага слова ў зале Роду. "Вядома, ён не ады-ходзіць ад Жданкі", - падумала Дарута, павяртаючы галаву да Рамана. Раман стаяў ужо побач з князем, а на яе ва ўпор глядзелі вясёлыя, да роднасці знаёмыя вочы.

- Войцех! - Дарута радасна кінулася на шыю сябру.

- Ты часам не забылася пра князёўну? - кпліва пацікавіўся Войцех, азіраючыся на князя з Раманам, якія пасля воклічу Даруты ўжо глядзелі ў іхні бок.

- А што табе з таго?

- Ды нічога! Бачу, што не страціў майго дарагога сябра!

- Мітку?

- Ну, так… - блазліва пацвердзіў Войцех, захінаючы яе сабой ад цікаўных вачэй і даючы нечакана пстрычку. - Каб не зазнавалася!

- Ну, Войцех! Тваё шчасце, што ледзьве не валюся ад стомы.