- Тады аддай мне сякеру, Ісай.
- Князёўна, я атрымаў яе з вашых рук, узяў у сваё жыццё. Я зраблю
ўсё, што належыць зрабіць.
- Што ж… няхай будзе так, - вырашыла Дарута. - Шчасліва заставацца, Ісай.
- Князёўна, гэта залежыць ад вас!
- Што я магу зрабіць для цябе, Ісай? Ты сам ведаеш, што тваё жаданне для мяне тое ж самае, што жаданне Марухны.
- Князёўна! Тое, што я пачуў тут, змяніла маё рашэнне. Я бачыў вашую маці. Дзіўлюся, як не пазнаў адразу. Але ж хто б шукаў у сялянскім Мітку падабенства з княгіняй… Князёўна! Я замяню Марухну! Я адчуваю, што Марухна жадае гэтага.
- Радуюся табе, Ісай. Тады і кліч мяне, як клікала Марухна, Дарутай, - проста адказала Дарута. - Пойдзем у лагер.
- Мне патрэбна яшчэ пабыць тут, Дарута.
- Добра, Ісай, сустрэнемся ў лагеры, - дзяўчына дастала з грудка пры-хаваную там берасцянку і ціха, каб не парушыць настрой Ісая, адышла ад магілы.
Дарута не спяшалася вяртацца ў лагер. Блукаючы па лесе, яна згадвала падзеі свайго тутэйшага жыцця, звязаныя з тымі, каго яна павінна была пакінуць, магчыма, назаўсёды… Марухна… Ходзька… Войцех… Жданка… Яна не губляла іх у сваім жыцці, як дрэва губляе апалае лісце, а, хутчэй, замацоўвала назаўсёды іхнія вобразы ў памяці сэрца.
На павароце да Каменкі Даруце раптоўна захацелася прымерыць хусту
- накідку, пра якую Марухна аднойчы сказала, што гэта пасаг. Дзяўчына ўжо зняла накрыўку з берасцянкі, але быццам апяклася, хуценька вярнула накрыўку на месца. Калісьці, намерваючы святочны андарак Марухны, прымеркаваны маці да сустрэчы з князем, яна ўварвалася ў незнаёмае, прыгожае і страшнае жыццё. Адна… "Няхай гэта прымерыць на мне бацька",
- вырашыла Дарута, палахліва хаваючы берасцянку ў кішэньку спадніцы.
Ужо на спуску да Каменкі з-за вялізнага каменя, што некалі заваліў выхад з пячоры мядзведзю Нябогу, насустрач ёй выйшаў Раман.
- Дарута!
Дзяўчына баялася страціць прытомнасць. Пасля таго, як Раман неўспадзеў знік у лесе, яна не дазваляла сабе нават думаць пра сустрэчу з ім. Падман мог стацца самым жорсткім з усяго перажытага ёю.
- Вы не жадаеце мяне бачыць, Дарута?
Дзяўчына маўчала. Каб суцішыць хваляванне, яна моцна сціснула ў далонях тканіну спадніцы, якую прытрымлівала падчас хады. Дарута не ведала, з чым прыйшоў да яе Раман.
- Вы не жадаеце гаварыць са мной, Дарута?
- Чаму вы раптоўна зніклі пад час начнога пераходу?
- А што я мог сказаць? Я сам не ведаў тады, хто я такі!
- Вы проста маглі развітацца са мной ці князем.
- Я не хацеў развітвацца з вамі, Дарута! Я быў гатовы на ўсё дзеля таго, каб не пакідаць вас.
- Дык тады - чаму?
- Проста з цягам часу выявілася б, што я не загінуў пад заваламі крэпасці, і тады за мной замацавалася б слава здрадніка. Вы самі ведаеце, што гэта было б няпраўдай. Але хто б паверыў нашай праўдзе? Да мяне раптоўна прыляцела шалёная думка выпаўзці з-пад руінаў крэпасці і абвясціць пра сябе. Нельга было губляць ні хвіліны…
- Вы былі ў Свіслачах?
- Так, Дарута. Сумнае відовішча ўяўляе цяпер ваш замак. Мяне радуе адзінае, што вы ўведалі яго, паспелі ўвабраць ягоную сілу, пабачылі яго такім, якім бачылі вашыя продкі. Не думаю, што калі-небудзь ён зноў падымецца дражніць нябёсы. Шкада…
- Падымецца, калі падымемся мы, - перапыніла яго Дарута.
Раман прамаўчаў. Час расстання з Дарутай, патрачаны ім, каб дамагчыся якога даручэння ў Варшаву, даў яму падставы для сумнення. Даручэнне, з якім ён зараз павінен быў трымаць шлях, падказвала яму, што Аляксей Міхайлавіч калі не сам, дык царэвіча жадае зрабіць пераемнікам Яна Казімера. І яшчэ ён разумеў, што не можа сказаць пра тое Даруце, каб не страціць яе даверу.
- Дарута, вы мяне возьмеце ў праважатыя? - ціха запытаўся Раман.
- Не ведаю, - Дарута хутка адвярнулася.
Раману здалося, што ў вачах яе бліснула ўсмешка. "Хаця блішчаць умеюць і слёзы", - падумалася яму.
- Я вельмі прашу, Дарута. У мяне на руках падарожная і ахоўная гра-мата. Нашыя дарогі зноў супалі. Дазвольце суправаджаць вас у Варшаву. Вы, князь і вашыя людзі будзеце пад маёй аховай. Але, калі вы з князем абярэце іншы шлях, я буду з вамі, пакуль не ўпэўнюся ў вашай бяспецы. Зразумела, столькі, колькі будзе пажадана вам. А для мяне служыць вам, самі ведаеце, заўсёды найвялікшае шчасце.
Дарута, баючыся выдаць сваё хваляванне, маўчала, пазіраючы некуды ўбок.
Раман не вытрымаў. Ён зрабіў усяго два крокі. Іх хапіла, каб атуліць далонямі дзявочы твар і павярнуць да сябе, кранаючы хуткімі дотыкамі вуснаў. "Гэта былі слёзы… - мільганула думка і знікла. Раман адчуваў сябе шчаслівым. Насамрэч ён упершыню для сябе неўспадзеў закахаўся. Гэта не ўваходзіла ў ягоныя планы, але надавала багатыя фарбы жыццю і зусім не замінала выразна ўсведамляць паспяховы пачатак патаемнай місіі, да якой яго рыхтавалі ва ўнутраных пакоях Крамля. - Варшава! Вялікіх ахвяраў каштаваў нам давер князя! Ну што ж… нішто не даецца дарма. Польская карона павінна быць аддадзеная Аляксею Міхайлавічу…"