Выбрать главу

Шкада, што не знайшлося ў Беларусi фалькларыстаў - аматараў пазанатоўваць жаночыя скаргi на ўласнае здароўе. Менавiта жаночыя, бо ў мужчын яны каструбаватыя, неразгорнутыя, абсечаныя:

- Во!!! Палец цыркуляркаю адхапiла.

- Курыў, а вугельчык вазьмi ды ў вока пырснi.

- Хварэю, учора перапiў.

А ў жанчын зусiм iнакш, у iх плаўна, з iнтрыгаю, з накатам, з кульмiнацыяй. Яны так па-майстэрску складаюць свае апавяданнi, што лекар не заўважае, як робiцца суаўтарам i прагаворвае развязку, ставiць кропку - выдае такую патрэбную i доўгачаканую даведку на вызваленне ад працы.

У Тонiных скаргах кульмiнацыямi былi раптоўныя страты прытомнасцi i падзеннi.

- Я ж да вас i не пайшла б нiколi, i не стала б турбаваць, але баюся... Вось учора ранiцаю ўстала з ложка. Ледзь жа ўстала, ледзь прачнулася. Зрабiла два крокi i не помню, што адбылося, што са мной здарылася. Адно чую голас у цемры. Вочы расплюшчваю - Камiлька стаiць перапалоханая. Схiлiлася нада мною, а ў вачох - жах. Добры чалавек Камiлька, я ў яе цяпер жыву на кватэры. Яна дапамагла ўстаць i сказала: "Што ж гэта вы, цётачка, сябе зусiм не шкадуеце, не глядзiце? Вось ужо i падаеце на падлогу без прытомнасцi, а да лекара не сходзiце нiяк". Таму я i сабралася, i прыйшла сюды...

Твар у Тонi мучнiста-белы, нiбыта вылеплены з цеста, а зморшчынкi на iм тонкiя i глыбокiя. Вочы бясколерныя, вадзянiстыя, з драбнюткiмi, што льняныя зярняткi, зрэнкамi. I таму, калi глядзiш на Тоню, само сабою ўзнiкае жаданне засунуць яе галаву ў печ, каб твар набыў цёплы чалавечы румянец, а не патыхаў халаднаватай мярцвянасцю, за якую лекары выдавалi самыя каштоўныя даведкi.

Даведак у Тонi назбiралася безлiч. Яна гадзiнамi перабiрала, вывучала, перачытвала гэты адзiны свой сапраўдны скарб. Паперы трымалiся ў глыбокай кардоннай пушцы з-пад зефiру ў шакаладзе. У такiх ружова-залацiстых, з выцiснутымi кветкамi на накрыўках пушках дзяўчынкi зазвычай складаюць вiншавальныя паштоўкi з ружамi, цукерачныя абгорткi i фольгу, шаўковыя стужкi i зусiм маленечкiх лялек. Але ў Тонiным далёкiм дзяцiнстве не было гэткiх цацак, i яна на старасцi гадоў гуляла ў дзявочую папяровую гульню на поўным сур'ёзе. Гуляла i выйграла аднапакаёвую кватэру на першым паверсе цаглянага дома ў самым цэнтры Койданава. У свае сто чатыры гады Тоня нарэшце перабралася з прыватнай кватэры ва ўласную. Усе казалi, што ёй пашанцавала, але я не хацеў бы сто чатыры гады пражыць у падсуседзях... А ў Тонi якраз такi лёс - жыць у людзей i нiдзе не працаваць нiводнага дня, бо яшчэ на самым пачатку нашага стагоддзя высветлiлася, што падымаць больш за кiлаграм ёй нельга, нахiляцца няможна, хутка хадзiць, а тым больш бегаць, не варта, а займацца карыснай разумовай дзейнасцю ўвогуле забараняецца. Апошнi пункт у гэтым пералiку Тоня парушыла, але парушыла несвядома, бо свае паэтычныя скаргi яна не лiчыла за работу. А я дык якраз бачыў у Тонi таленавiтую паэтку, якая нiчым iншым, як паэзiяй, адпрацоўвала самы мiнiмум патрэбнага ў гэтым жыццi.

Тонiна паэзiя мела яшчэ адну выразную рысу - рэлiгiйна-мiстычную. Ва ўсiх яе апавяданнях пра хваробы зiхацелi словы i выразы накшталт: даруй Божа, а Божачка ты наш, хай Бог дапаможа... А пры Тонiным ложку, дзе б яна нi жыла, заўсёды на тумбачцы, на падваконнi цi проста на крэсле стаялi маленькiя каталiцкiя абразы. Пры бясконцых пераездах-пераходах з хаты ў хату яны складалiся ў пушку для даведак.

А пераходаў за сто чатыры гады было столькi, што i сама Тоня не палiчыць.

Вось у некага са знаёмых сына забралi ў войска, вызвалiўся пакой, з якога на гаспадароў пачынае павяваць халоднай проймаю страты. I яны не знаходзяць нiчога лепшага, як запрасiць пажыць у iх Тоню. Цi ў каго iншага дачка выйшла замуж i з'ехала з Койданава ў Менск цi куды далей. I зноў жа месца прапаноўвалася Тонi.

Так вось пасялiлася яна ў Мiлi Мiлько, калi Шурыка забралi служыць у Егiпце. А ў цёткi Косцi Тоня жыла пасля таго, як Ада выйшла за вайскоўца i з'ехала з iм у Нямеччыну ажно на пяць гадоў. У цёткi Пэлi Тоня пражыла гадоў сем, бо даводзiлася роднай сястрой Пэлiнаму мужу Ясечку, якi, дарэчы, быў старэйшы за Тоню i пражыў пад койданаўскiм небам сто тры гады.

Я нiколi не чуў, каб Тоня скардзiлася каму на лёс. Яна скардзiлася толькi на хваробы. Можа, яна скардзiлася i на што iншае падчас споведзi рубяжэвiцкiм ксяндзам. Але пра тое ведае адзiн Бог, бо старыя ксяндзы памерлi, а да новага, маладога, Тоня не ездзiць. А раней жа разы са два на год яна выбiралася да касцёла. Адкуль прывозiўся i ставiўся каля ложка новенькi яркi абразок. Звычайна - Мацi Божая Дзева Марыя з белым тварам i складзенымi на грудзях рукамi, такiмi ж чыстымi i белымi, бо не ведалi нi зямлi, нi пральнай дошкi, нi бруднага, завэдзганага тлушчам посуду.

Тоня жыве. I сто пяты год бачыць мацiцовае койданаўскае неба.

МА-МА

Апавяданне

Ма - тое самае, што i няма

(звычайна ў гутарцы дзяцей).

Як прыснiцца сырое мяса - абавязкова захварэеш, вядома, калi з чацвярга на пятнiцу. А калi не хочаш, каб сон спраўдзiўся, дык да абеду не расказвай цi, яшчэ лепш, раскажы вадзе. Можаш на кран гаварыць, пусцiць ваду i расказаць. Я так i раблю, каб злое паплыло з вадою, хай плынь тое злое, чорнае панясе. Калi саснiш кроў - атрымаеш вестку ад крэўнага, гэта калi крывi нямнога, адна кропля; больш - чакай сваяка, пэўна ж прыйдзе цi прыедзе. Вось калi Рэня павiнна была прыляцець, я ўбачыла, нiбыта пабiла руку, ударыла аб востры кант i падрапала, на скуры кроў выступiла.

Не веру ва ўсе гэтыя друкаваныя соннiкi, толькi ў тое, што ў нашым Койданаве казалi.

Я таксама не веру, але чытаць люблю, паэзiя ёсць. Вось прыклад з соннiка, прыдбанага за рубель у падземным пераходзе: "Рэха - пiсьмо здалёк". Метафара, грэгерыя на ўзроўнi Рамона Гомеса дэ ла Серны. У яго: "Суфлёр - рэха яшчэ да слова". Але што тут спрачацца, зразумела: Койданава блiжэй за Мадрыд, Беларусь, а не Iспанiя, мацi...

А мама мяне заўсёды папярэджвае, прыходзiць у сон i папярэджвае: калi ты цi Мiрак захварэеце.

Вось аднойчы: я спала, а снiлася, што ляжу i чытаю. Начная лямпа на тумбачцы гарэла - паўзмрок. I ўсё цалкам рэальна: кнiга, спачывальня, ложак, лямпа. Раптам адчынiлiся дзверы, мама зайшла. Яна ў зялёнай кофтачцы, ты павiнен помнiць - яркая, зялёная. Ведаю, мамы няма, памерла. А яна зайшла i стаiць над маiм ложкам. Я з пярэпалаху пачала сварыцца: "Мама, нашто вы прыйшлi?!" Памятаеш, я маму заўсёды на "вы" называла. "Мама, iдзiце адсюль, iдзiце", - рукою махаю, вось так. А яна стаiць i старэе - з маладой жанчыны ў старую кабету ператвараецца. Твар зрабiўся цёмны, земляны, пасечаны дробнымi зморшчынкамi, у жыццi такога нiколi не было. Састарэла, змеркла i растала ў паветры. Я прахапiлася i паўночы не магла заснуць. Ляжала, але бацьку не будзiла. Так з кнiгаю ў руках i заснула. I толькi заснула, як iзноў мама прыйшла. Прынесла ў спачывальню два вядры з вадою. Адно вядро ўпала, вада разлiлася, а з другога - толькi крышку расплюхалася на падлогу. Мама сышла. Да ранiцы я не змагла заснуць. А за дзень, мiтусня, той сон i забыўся. А ўвечары - няшчасце, Мiрак заспакаяльнага тры канвалюты прыняў. "Хуткая дапамога", бальнiца. Толькi праз дзень цi нават праз два я той сон з вёдрамi згадала.