А як мама памiрала, я ў дзiцячым лагеры была. Ну, правiльна, мы ж разам усе былi: i ты, i Мiрак. Мне ўбачылася такое: прыехала ў Койданава. Заходжу ў двор, а мама стаiць каля ганка i нешта робiць. Здаецца, бялiзну мые. Так, яна бялiзну мыла i пачула, як я клямкаю бразнула, азiрнулася. Яна маладая, смяецца, кажа: "Нiначка, мне ўжо нiчога-нiчога не балiць. (А ў яе рак, жахлiвыя болi.) Так добра. Я такая шчаслiвая. Нiна, мне нiчога не балiць". Я ўзрадавалася, iду да яе. А яна каля плота пабегла, стала маленькай, пад самай рукою маёй прабегла i - за веснiцы. Клямка бразнула. Прачынаюся, а ў вушах яшчэ бразгат клямкi звiнiць. Устала, выйшла на вулiцу. А тут ужо наш бацька: "Я па цябе. Машыну ўзяў. Трэба ехаць. Не плач".
У тую ранiцу пасля снядання я шукаў мацi па ўсiм лагеры. I ўбачыў яе, i пабег, а калi быў зусiм блiзка, схамянуўся - не мая мама, а выхавацелька. Я не спынiўся. Выхавацелька ўслед маё iмя крычыць. Слёзы душаць. Я ў лес. Ляжаў, плакаў на кастрыцы i пераконваў сябе, што баба Ядзя не памерла, што гэта я сам навыдумляў немаведама чаго. А калi слёзы скончылiся i прыйшоў да выхавацелькi i яна сказала, што баба Ядзя памерла, я не плакаў.
Мама мяне заўсёды папярэджвае. Даўно нешта не прыходзiла. Што гэта я кажу? Трэба па дрэве пастукаць.
Тук-тук-тук.
I ты пастукай.
Тук-тук-тук.
А калi абутак прыснiцца...
Як гэта я мог маму з выхавацелькай пераблытаць? Яны зусiм не падобныя.
...усё залежыць ад таго, якi абутак. Цi свой? Цi чужы? Цi новы? Цi чысты? А калi прыснiцца пажар, абавязкова пасварышся. Так у Койданаве казалi: пажар сварка.
САВА
Апавяданне
Саву ў Койданаве не любiлi. Нi тады, калi ён яшчэ стрыжаным пад нуль хлапчанём латашыў суседскiя сады i гароды, нi тады, як скончыў дзесяцiгодку i трос на танцах вiхрастым чубам. Яго недалюблiвалi яшчэ i з-за бацькi мiлiцыянта, чалавека звераватага, якi нiкому нiчога не дараваў: нi накапанага на чужым полi кошыка маладой бульбы, нi падшыпнiка, вынесенага з рамонтнай базы дзецям на самакат. Бацька лупiў Саву мiлiцыянцкай партупеяю, але жорсткае выхаванне толькi азлiла ды загартавала лядашчага хлопца. Саву абыходзiлi аднагодкi яшчэ i з-за мацi - крыклiвай пляткаркi, якая магла без дай патрэбы ўчынiць такi гвалт i прылюдны здзек у чарзе па цукар, што сёй-той згодны быў каўтаць вар голы, абы толькi не чуць брудных слоў i праклёнаў, што выляталi з шырокага, аздобленага металам рота мiлiцыянцiхi.
Саву нiхто не шкадаваў, калi ягоныя бацькi загiнулi ў адначассе. На чыгуначным пераездзе яны, абмiнуўшы караткаваты шлагбаўм, на ўсёй хуткасцi загналi жоўты службовы матацыкл пад колы лакаматыва. Хавалi iх у закрытых трунах, бо рэшткi людзей так перамяшалiся з анучамi ды жалеззем, што не раздзярэш, каб i хацеў. Парабiлi глыбокiя труны, паскладалi так-сяк тое, што яшчэ ўчора звалася прынцыповым мiлiцыянтам i нястрыманай жанчынаю, i занеслi на могiлкi. Сава застаўся на свеце адно з бабай Анцяй, якая з-за хворай нагi нават на магiлу сына i нявесткi не пайшла глядзець.
Тым летам Сава якраз i скончыў школу. Ён бадзяўся па Койданаве цэлымi днямi - забiваў час, што заставаўся да восенi, калi яго павiнны былi загрэбцi ў салдаты. Аднагодкi дый старэйшыя пазбягалi гэтага не па гадах дужага, шырокага ў плячах хлопца з белым чубам над заўсёды злосным гарбаносым тварам. Адно брыво Сава ўздымаў падчас гаворкi вышэй за другое, i з-пад яго, высока ўзнятага, пераламанага, глядзела на свет жоўтае, што ў рысi, вока. Адзiнае, што змянiлася ў Саве пасля гiбелi бацькоў, гэта губа пад носам - вусы запусцiў.
Прахалодны ранак. Сава сядзiць на дзёрне жыдоўскiх могiлак i пачэсвае пазногцем рудаватыя рэдкiя вусы. Насупраць яго на паваленым i ўрослым у зямлю помнiку габлюе калоду зашмальцаваных карт дробненькi ды кiрпаты Цiма, якi таксама чакае позву ў войска i не можа прыдумаць лепшага занятку, як з самай ранiцы гуляць "у дурня" з Савам. Карты хлёстка пляскаюць па адпалiраваным целе заваленага помнiка з квадратнымi тлустымi лiтарамi i шасцiканцовай зоркаю. Зноў пагоны! Сава акуратна выкладае на камень дзве чорныя сямёркi. Чакае цябе войска! Ён устае з дзёрну i ўскiдвае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Знайдзi ў мяне нож! Цiма разы са тры абшуквае Саву, абляпвае, абмацвае ўсяго, але нажа так i не знаходзiць. Бо той прышыў сабе да кашулi, за каўняром, мiж лапатак, патаемную скураную кiшэню, у якой i трымае бацькаў паляўнiчы нож. Цiма здзiўляецца. Нашто было столькi шыць? А ты, Цiмка, зiрнi на свае чобаты, брыдка глядзець, дзеўкi насы адварочваюць, як цябе ўбачаць. А ты лепшы? На тваiх спартыўных падштанiках каленi, што торбы, вiсяць... Не трапячыся, будуць у мяне нагавiцы i чаравiкi скураныя. Ты што, Саўка, рабаваць пачнеш? Можа, i нож схаваў, каб... Дагаварыць Цiма не паспявае. Дужыя рукi сцiскаюць каўнер на шыi: нi ўдыхнуць, нi выдыхнуць. Дробны тварык рудзее, моршчыцца, як антонаўка ў печы, вочкi вылуплiваюцца, а з носа вылятае зялёны смаркач. Падла здохлая, зараз ты ў мяне пасмяешся. Сава выпускае каўнер, замахваецца, каб урэзаць па сцятым тварыку, але спыняецца i апускае кулак. Заўтра паедзеш са мной у Маскву! Ехаць у Маскву Цiма хоча, нi разу не быў, цiкава глянуць. Толькi што за вандроўка з Савам, у якога мiж лапатак вiсiць нож?! Пярэчыць Цiма не адважваецца нi на могiлках каля паваленых помнiкаў, нi на другi дзень, калi Сава на золку грукае ў шыбу, нiбыта хлопцы збiраюцца на рыбу, а не ў Маскву.
Да Менска Сава з Цiмам даедуць на дызелi, без квiткоў i без прыгод. Усю дарогу прагуляюць у карты з рабочымi. Цiму будуць iсцi казыры, i ён выйграе колькi рублёў i страшэнна ўзрадуецца. Пакамечаныя паперкi ён аддасць мардатаму шафёру, якi на новенькiм, без нумароў "ЗIЛе" давязе хлопцаў да Барысава, так i не вымавiўшы нiводнага слова надзьмутымi сiняватымi губамi. Сава таксама нiчога не скажа: маўляў, твае грошы - рабi што хочаш. А вось калi касавокi скуласты шафёр белага легкавiка "Нiва", што за пяць гадзiн дамчыць хлопцаў з Барысава ажно да Тулы, запатрабуе разлiчыцца i Цiма пакорлiва палезе ў кiшэню, тады Сава папярэдзiць, што хай толькi касавокi скажа яшчэ хоць слова - яму адразу адрэжуць скуластую башку. Уладар "Нiвы" змаўчыць, лясне дзверцамi i так iрване легкавiк з месца, што хлопцам падумаецца, што, пэўна, шафёр удзельнiчае ў аўтаралi. Сава з Цiмам пойдуць пешкi. Неба зацягнецца хмурнасцю. Сцямнее. Зацярушыць дробны, вiдаць, надоўга, дождж. Машыны не будуць спыняцца, шархацецьмуць далей, пакiдаючы хлопцам смуродлiвыя аблокi пырскаў. Сава з Цiмам пратупаюць кiламетраў з дзесяць, праклiнаючы кожную машыну, што пакажа iм крывавыя агеньчыкi стоп-сiгналаў. Нарэшце шафёр вялiкай фуры пашкадуе вымаклых небаракаў, ён скажа, што едзе з Менска i баiцца заснуць, таму будзе гаварыць абы-што, каб не заплюшчылiся вочы. Ён высока ўздыме даўганосы профiль з высокiм, як на дваiх, кадыком i пачне крыць матам маскалёў, казацьме, што ўсе яны алкаголiкi i не ўмеюць працаваць, а Масква - самы сквапны горад з усiх, дзе ён быў. Вы б, хлопцы, да Краснай плошчы дайшлi, каб мяне не было. Яны ж тут i спынiцца баяцца. Хлопцы будуць пасмейвацца, зрэдку падтакваць кадыкатаму шафёру i незаўважна даедуць да маскоўскай кальцавой дарогi. Позна, застануся начаваць на стаянцы. Тут да метро два крокi. А грошай не трэба. Газiроўкi вып'еце за маё здароўе.