Выбрать главу

— А я ж i думаць не думала, што мой Волеська нежывы. Ляжыць, бачу, на падлозе i храпе, маю на ўвазе, спiць. Ён не хроп. Вось, думаю, насмактаўся атруты, што i да ложка не дайшоў. Паклала нож на стол. Рукi фартухом выцерла. Нахiлiлася i кажу: "Уставай! Гад ты печаны. Падымайся i боты брудныя сам скiдай!" А ён ляжыць, не варушыцца, мой Волеська. Я кашулю на iм расшпiлiла, падумала ж, можа, i запраўду нажом крышку падрапала. Бачу: грудзi белыя, чыстыя, нiякай крывi нiдзе нi кропелькi. Адкуль жа я пра тое нутраное кровацячэнне ведаць магла?! "Ляжы, — кажу, — спi на падлозе, калi ты так накаўтаўся, што нi боты, нi акуляры зняць не можаш!" А сама ўзяла качан i шаткую.

А калi дзве поўныя вываркi, сiняя i зялёная, стаялi накрытыя ручнiкамi, а ў кухнi быў наведзены парадак, Стэфа паспрабавала падняць мужа. Той быў халодны i цяжкi. Стэфа прыклала сваё гарачае вуха да мужавых грудзей i, не пачуўшы сэрца, жудасна, па-воўчы завыла.

У турме Стэфанiя Радзевiч прасядзела тры гады. Вярнуўшыся ў Койданава, яна прадала дом, паставiла Волесю помнiк з мармуровай крошкi i ўцякла. Казалi, што яна пасялiлася недзе на Украiне, пад Львовам. Краму, дзе яна працавала, i дагэтуль называюць Стэфчынай. А Волесева магiла сама сабою зарасла белым бэзам.

ЧЭСЬ

Чэсь стаяў пад райскай яблыняю з граблямi ў руках i сачыў, як я маляваў сякеру, усаджаную ў бярозавую калоду. Я збiраўся паступiць у мастацкую вучэльню i хадзiў рыхтавацца да Чэсевага сына Толiка. Навука была простая: Толiк браў i ставiў перада мною нейкую рэч, напрыклад сякеру, даваў аркуш i сыходзiў. Ну, а я сядзеў пад яблыняю дый пацiху крэмзаў.

Дзядзька Чэсь стаяў басанож на невысокай мяккай траве. I мне было добра вiдаць, што на адной назе ў яго не хапае вялiкага пальца. Я старанна вымалёўваў старое тапарышча i раптоўна адчуў, што iснуе невытлумачальная сувязь памiж сякерай i адсутнасцю пальца. Рука з алоўкам спынiлася, я глянуў на Чэсеў загарэлы твар, i мой позiрк сустрэўся з цёмна-блакiтнымi вачыма.

— Гладка малюеш, як мой Толiк, — Чэсь гаварыў сур'ёзна. Ён любiў свайго сына, i таму параўнанне набывала кошт самай высокай адзнакi.

— А чаму ў вас аднаго пальца няма? — я нават сам здзiвiўся нясцiпласцi, але пытанне прагучала.

— У партызанах згубiў.

Партызанаў у Койданаве не любiлi. А мае сваякi дык асаблiва. А за што iх было любiць? За тое, што адзiн п'яны распуста застрэлiў у вёсцы Рудзiца, пад Койданавам, другога нецвярозага дурня? Толькi першы быў партызанам, а другi служыў у палiцыi, таму немцы i спалiлi вёску ды забiлi дзевяць мужчын. Майго прадзеда, а Чэсевага бацьку, спалiлi жыўцом.

Мае сваякi, хто ў лесе перахаваўся, перабралiся ў Койданава, на апусцелыя яўрэйскiя вулiцы. Дзядзькi Чэся тады ўжо не было нi ў Рудзiцы, нi ў Койданаве. Яго яшчэ раней забралi ў савецкiя партызаны. Уночы прыехалi тыя партызаны ў Рудзiцу на конях, зайшлi ў нашу хату, пэўна, нехта падказаў, бо афiцэр у парозе сказаў, што ў нас многа мужчын i таму адзiн пойдзе з iмi. Мужчын у хаце было чацвёра, але за тыдзень у вёску прыходзiлi польскiя партызаны i павялi з сабою двух Чэсевых братоў, Ладака ды Яся. Сказаць расейцам пра палякаў было б тое самае, што галавою кiнуцца ў пельку. I Чэсь пайшоў за расейскiм афiцэрам. А ў вялiкай хаце пры дзедавай кузнi застаўся адно стары гаспадар, ну i жанчыны з дзецьмi...

— Добра, што толькi палец згубiў, а не што iншае, — дзядзька засмяяўся.

— А як вы яго згубiлi? — маляваць расхацелася.

— А табе ўсё цiкава...

Расказваць пра сябе Чэсь не любiў. I на цвярозую галаву амаль нiчога не распавядаў. Але галава ў беларускiх дзядзькоў бывае i захмялелая, тады вам i апавяданнi, i смех, i байкi з показкамi, ну i слёзы.

Калi Чэсь моцна напiваўся, дык не iшоў дадому, а заварочваў да сваёй сястры, а маёй бабы — Ядзi. Ён доўга з крэктам разуваўся ў калiдоры, нязграбна бразгаў клямкаю, заходзiў у хату i сядаў за стол. Казаў, што дадому ён такi п'яны не пакажацца, а пасядзiць тут, пакуль працверазее. Ядзя ведала, што да ранiцы ён не паправiцца, i слала чыстыя прасцiны на канапе ў зале. Але Чэсь наравiста зiркаў на сястру, упарцiўся, не iшоў спаць, а сядзеў за пустым сталом i абураўся, чаму гэта ягоная прыгожая сястра пайшла за маленькага, тоўстага Бронiка Кiсяля, а не знайшла сабе высокага i кучаравага хлопца, як яе браты. Бронiк адно пасмейваўся, бо ўсе ведалi, што i Чэсева жонка Алена анi блiзка не мае той прыгажосцi, якую Бог даў Ядзi. Часам Бронiк садзiўся за стол, каб Чэсю было каму расказваць, каб ён выгаварыўся i яму зрабiлася лягчэй. Чэсь гаварыў пра партызанаў, Маскву, немцаў, Берлiн, забойствы...

У расейскiх партызанах Чэсь прабыў месяцы тры. На самалёце яго перакiнулi праз фронт у Маскву, дзе ён правучыўся ў разведчыцкай школе ажно да самага канца вайны. I калi Масква адсвяткавала перамогу над Берлiнам, для Чэся толькi i пачалася вайна. Яго накiравалi ў Германiю, дзе Чэсь павiнен быў адшукваць асуджаных завочна ваенных злачынцаў. Праца гэтая была зусiм не для такiх, як ён. За два гады ў Нямеччыне Чэсь так змянiўся, высах, зблажэў, што калi вярнуўся ў Койданава, дык яго ледзь пазнавалi сваякi. Зрэшты, гэта i нядзiўна.