Выбрать главу

Яны б'юць, а я стаю, утрупянеў, не ведаю, што рабiць, куды кiнуцца. Танцы спынiлiся. Усе да сеткi падбеглi, глядзяць. Дзеўкi вiшчаць пачалi: "Забiваюць! Забiваюць!!!" Каб не гэтыя вiскi, i сапраўды забiць маглi. Але цяпер я ўжо i не ведаю, што лепей. Можа, хай бы яны яго тады забiлi. Даруй Божа.

I я закрычаў: "Шухер!"

Мы паляцелi ў сквер, абмiнулi помнiк Дзяржынскаму, перабеглi пляц каля царквы i схавалiся за хлебную краму. Там аддыхалiся. Выкурылi па цыгарэце i разышлiся дадому. Больш Лёнiка жывога я не бачыў.

Аповед Юркi Зiнкевiча пра бойку я пачуў пазней, можа, праз тыдзень, а на другi дзень пасля здарэння пад клубам, у нядзелю, я стаяў каля хлебнай крамы, дзе ўночы курылi Лёнiк i Базыль Даўнарыкi з Юркам. Белай вяроўкай я мацаваў на багажнiк свайго старога ровара шэсць боханаў чорнага хлеба.

Пыльны пляц каля царквы выглядаў чыстым з-за ранiшняе прахалоды i яшчэ не пякучага сонца. Сям-там на пляцы стаялi купкi мужчын, па двое, па чацвёра. Яны пiлi бутэлечнае пiва проста з рыльца. Непадалёк ад царкоўных веснiц пацягвалi пiва браты-блiзняты Даўнарыкi. Падабенства ў iх не такое ўжо вялiкае, адрознiць можна. Лёнiк — драбнейшы, i можа таму дзеўкi любiлi яго больш за ягонага брата. Але i агульнага ў iх было шмат: i чорныя, аж да сiнечы, цыганскiя валасы, i смуглявасць, i вочы з налiтымi блакiтам бялкамi — зiрне каторы, аж холад па спiне пойдзе, i каржакаватасць, i местачковая заземленасць. Адным словам — блiзняты. Каб не блыталi цi, можа, з-за характараў, апраналiся яны па-рознаму. Лёнiк у светлае, а Базыль у цямнейшае, чорнае. Той ранiцай на Лёнiку была белая кашуля ў тонкiя сiнiя пасачкi.

Браты пiлi сваё нядзельнае пiва. Колькi яшчэ закаркаваных пляшак стаяла каля ног, проста на зямлi.

Са сквера на пляц выйшаў не знаёмы мне стары ў зношаным гарнiтуры i шэрай паласатай кепцы. Гэта пазней даведаюся, што на асветлены сонцам пляц выйшаў з цёмнага сквера Стась Ажгiровiч.

Стась хвiлiну пастаяў на беразе шырокага пляца, прыглядаючыся да мужчын, знайшоў вачыма блiзнят i няспешна накiраваўся да iх. Нi Лёнiк, нi Базыль не адчувалi нават ценю небяспекi, былi ўпэўненыя ў сабе цалкам. Што можа зрабiць сухенькi, падобны да вераб'я, дзядок супраць здаровых дзецюкоў? Нiчога! А можа яму падалося, што пад клубам каля танцавальнай загарадкi яго дрэнна адмясiлi? Пэўна, такiя пытаннi круцiлiся ў Лёнiкавай, асмужанай пiўнымi парамi галаве, а што Базыль падумаў такое, ён i сам раскажа пазней.

Мужчыны, што пiлi пiва на пляцы, нечакана змоўклi. Шмат хто са старэйшых пазнаў Стася, i ў iх з'явiўся страх. "Нiбыта халодным скразняком астудзiла патылiцу", — казаў пазней Iван Мiлько.

Стась за два крокi да блiзнят выняў з унутранай кiшэнi свайго заношанага пiнжака самаробную фiнку. Ён ударыў Лёнiка ў сэрца. Той знямеў. Стась лёгка дастаў лязо з Лёнiкавых грудзей, схаваў зброю i павольна пайшоў у бок сквера.

Закрычаў Базыль.

Я стаяў каля крамы i трымаў у руках ровар з напакаваным на багажнiк хлебам, а Базылёў крык працiнаў мяне нябачнымi вострымi спiцамi...

Базыль упаў на зямлю, у светлы тонкi пыл i пачаў курчыцца, нiбыта гэта яму, а не Лёнiку ўдарылi фiнкаю ў сэрца. А Лёнiк спачатку стаяў i пахiстваўся. Упаў ён на спiну, роўна, як бервяно, iмгненне ляжаў, а потым цела пачало бiцца ў перадсмяротнай агонii. Белая кашуля зачырванела на грудзях. З разяўленага рота пацякла ружовая пухiрыстая пена. Базыль не пераставаў крычаць, поўзаў на карачках вакол брата i драў пальцамi зямлю.

Мужчыны папакiдалi недапiтыя пляшкi i абступiлi блiзнят шчыльным колам.

Трымаючы ровар, я не мог варухнуцца. Да мяне падышла цётка Пэля, нахiлiлася i зазiрнула мне ў вочы. Яна колькi разоў паўтарала маё iмя, а я ўсё не мог адказаць — мову адняло.

Але мова вяртаецца iмгненна, як i знiкае.

Цётка ўдарыла мяне па шчацэ, мова вярнулася, i я сказаў ёй, што Лёнiка зарэзалi.

Сёстры Юзэфа ды Канстанцыя плакалi i закрывалi насы белымi хустачкамi, калi мiлiцыянты прыехалi па Стася. Ён не супрацiўляўся, яму было ўсё роўна, дзе жыць — у турме цi ў Койданаве. Адзiная замiнка ў гэтай справе выйшла з фiнкаю. Калi ў Ажгiровiча спыталi, якiм нажом ён забiў Леанiда Даўнарыка, дык той дастаў з шуфляды кухоннага стала звычайны хлебны нож i сказаў, што вось iм. Мiлiцыянты спрабавалi адшукаць фiнку, але не знайшлi.

На Лёнiкавым пахаваннi старыя койданаўкi прадракалi Базылю хуткую смерць. Шапталi, што калi памiрае адзiн з блiзнят, то i другому век скароцiцца. Прароцтва не спраўдзiлася. Базыль жыве. Ажанiўся, дзецi знайшлiся, працуе на рамбазе i п'е, як усе.