Выбрать главу

А Стась Ажгiровiч памёр у турме.

Часам мне згадваецца фiнка. Яна ж недзе так i ляжыць, схаваная ў Койданаве. I думаю, што Стась слушна зрабiў, калi не аддаў зброю, якой абаранiў свой гонар.

ВIНАК

Вiнак вырошчваў памiдоры. У Койданаве кожная сям'я нешта садзiла i нешта збiрала. Памiдорамi нiкога не здзiвiш. Але памiдоры Вiнака Шавуры адрознiвалiся ад усiх астатнiх у мястэчку, як сонца ад месяца.

Гаспадынi куплялi ў яго насенне, распытвалi, як i што рабiць, у якi дзень высаджваць i калi палiваць. Толькi, як яны нi старалiся, а прыходзiў час — i самыя-самыя памiдоры вырасталi ў Вiнакавым гародзе.

Не скажу, што ў астатнiх былi кепскiя, i калi iх вывозiлi на мiнскiя рынкi, дык на прылаўках яны глядзелiся як мае быць i прадавалiся выдатна. А вось Вiнаку i вывозiць не было чаго, усё Койданава прыходзiла купляць ягоныя.

Навошта купляць, калi свае пад бокам? Два крокi ад ганка ступiў, пахадзiў па градах, навыбiраў спялейшых цi, калi любiце, i цвярдзейшых, намыў, нарэзаў, накрышыў цыбулi, пасалiў, напярчыў, кропу кiнуў, заправiў алеем цi, калi хочаце, смятанаю, i стаўце на стол. Бярыце, частуйцеся, госцi дарагiя. Усё так, але...

Як гавораць у Парыжы, "жакет ад Кардэна", так у Койданаве казалi: "памiдоры ад Шавуры". I можаце не верыць. Адно скажу, што Вiнак быў не такi просты, як выглядаў з твару.

Выглядаў Шавура будзённа i шэра. Сiвы, загарэлы па-сялянску, у старым пiнжаку, надзетым на майку. Нагавiцы ў зямлi. Галёшы на босых нагах. I ўся будзённасць i някiдкасць кампенсавалася тварам. Гэта жарт, што Вiнак меў просты твар. Калi каму цiкава, дык можна знайсцi ў Беларускай Энцыклапедыi кандыдата ў члены Палiтбюро ЦК КПСС з 1968 года Шавуру. Гэта, вядома, не койданаўскi агароднiк, але твар вельмi падобны. Вiнак, калi б на яго надзець белую кашулю i ўзяць пад гальштук, быў бы рыхтык кандыдат, i вядома чаму — стрыечныя браты.

Раней на розныя камунiстычныя святы на аскетычных фасадах урадавых пабудоў, акрамя чырвона-белых лозунгаў i сцягоў, вывешвалiся манументальныя палотны з тварамi Энгельса, Ленiна, Маркса i ўсiх жывых членаў i кандыдатаў у члены Палiтбюро ЦК КПСС. Жывыя (усе, як адзiн) былi намаляваныя ў цёмных пiнжаках, белых кашулях i пад гальштукам.

Сярод вохрыстых фатаграфiчна-дакументальных твараў я заўсёды адшукваў койданаўскага земляроба i з гонарам адзначаў сваю далучанасць да вельмi вялiкай справы.

Сваяцтва Вiнака Шавуры не магло не абрасцi ў мястэчку рознымi байкамi i казкамi, як у гародзе — колькi нi палiце, нi касiце, а крапiва куток свой знойдзе. I чаго толькi не плялi доўгiя языкi!

Гандлярка Стэфа з крамы "Садавiна i гароднiна" казала, што яе муж Волесь на ўласныя вочы бачыў, як Вiнак закопваў на сваiх градах бляшанкi з золатам, якiя яму на "чайцы" прывозiў маскоўскi брат.

— Ён таму i не ходзiць нiкуды са свайго двара ды поркаецца дзень i ноч на гародзе, — нашэптвала Стэфа даверлiвым старым цёткам — Юзэфе з Канстанцыяй. — I памiдоры садзiць, каб замаскiравацца. А сам крамлёўскае золата пiльнуе.

Стэфу ўсе разумелi, бо Вiнак адных памiдораў прадаваў больш, чым яна ўсёй сваёй дзяржаўнай садавiны разам з гароднiнай. План у Стэфчынай краме трымаўся толькi на тым, што напрыканцы месяца ёй прывозiлi дзесятак скрынак з "Вермутам" па сто дваццаць дзве капейкi за рыльца. А якiя ў краме памiдоры, усе i так ведаюць. А вось калi цётка Пэля параўнала свае памiдоры з Вiнакавымi, дык у яе нарадзiлася думка, што Вiнакаў брат прысылае ў Койданава амерыканскае насенне, бо толькi з амерыканскiх зярнятак могуць вырастаць такiя смачныя памiдоры. Пэля пераканала сябе i спрабавала запэўнiць iншых, што Шавура ўсiм прадае адно насенне, а сам садзiць другое.

Да таго дайшло, што Казiкаву Валю паслалi на пошту даведацца, цi не атрымлiвае часам Вiнак пакункаў з Амерыкi. Валя праз былую аднакласнiцу даведалася, што нiякiх пасылак з ЗША i Канады ў Койданава за апошнi год не прыходзiла, а Вiнак атрымлiвае толькi часопiсы па садаводству i маскоўскую газету "Правда".

Цётку Пэлю такiя звесткi не пераканалi:

— Ну i што? Калi не па пошце прыслаў, значыць, на машыне прывёз!

Пярэчыць было бессэнсоўна.

Доўгая чорна-блiскавiчная машына разы два на год спынялася каля нефарбаванай Вiнакавай брамы. З яе выскокваў, як чорцiк з табакеркi, увiшны шафёр з тонкiмi кагэбiсцкiмi вусiкамi. Адчынялiся другiя дзверцы, i на койданаўскую запыленую прыдарожную траву ступаў цьмяна-блiскучы вузкi чаравiк Шавуры-малодшага.

Кандыдат у члены Палiтбюро ЦК iшоў, высока ўзняўшы паголенае падбароддзе, у братаву хату, а за iм, угiнаючыся, бег, як ненавязаны цюцiк, адданы шафёр.

Пра што гаварылi браты Шавуры? Цi бралi яны чарку? Цi даваў малодшы старэйшаму грошы? Койданава не ведала.