— Курыў, а вугельчык вазьмi ды ў вока пырснi.
— Хварэю, учора перапiў.
А ў жанчын зусiм iнакш, у iх плаўна, з iнтрыгаю, з накатам, з кульмiнацыяй. Яны так па-майстэрску складаюць свае апавяданнi, што лекар не заўважае, як робiцца суаўтарам i прагаворвае развязку, ставiць кропку — выдае такую патрэбную i доўгачаканую даведку на вызваленне ад працы.
У Тонiных скаргах кульмiнацыямi былi раптоўныя страты прытомнасцi i падзеннi.
— Я ж да вас i не пайшла б нiколi, i не стала б турбаваць, але баюся... Вось учора ранiцаю ўстала з ложка. Ледзь жа ўстала, ледзь прачнулася. Зрабiла два крокi i не помню, што адбылося, што са мной здарылася. Адно чую голас у цемры. Вочы расплюшчваю — Камiлька стаiць перапалоханая. Схiлiлася нада мною, а ў вачох — жах. Добры чалавек Камiлька, я ў яе цяпер жыву на кватэры. Яна дапамагла ўстаць i сказала: "Што ж гэта вы, цётачка, сябе зусiм не шкадуеце, не глядзiце? Вось ужо i падаеце на падлогу без прытомнасцi, а да лекара не сходзiце нiяк". Таму я i сабралася, i прыйшла сюды...
Твар у Тонi мучнiста-белы, нiбыта вылеплены з цеста, а зморшчынкi на iм тонкiя i глыбокiя. Вочы бясколерныя, вадзянiстыя, з драбнюткiмi, што льняныя зярняткi, зрэнкамi. I таму, калi глядзiш на Тоню, само сабою ўзнiкае жаданне засунуць яе галаву ў печ, каб твар набыў цёплы чалавечы румянец, а не патыхаў халаднаватай мярцвянасцю, за якую лекары выдавалi самыя каштоўныя даведкi.
Даведак у Тонi назбiралася безлiч. Яна гадзiнамi перабiрала, вывучала, перачытвала гэты адзiны свой сапраўдны скарб. Паперы трымалiся ў глыбокай кардоннай пушцы з-пад зефiру ў шакаладзе. У такiх ружова-залацiстых, з выцiснутымi кветкамi на накрыўках пушках дзяўчынкi зазвычай складаюць вiншавальныя паштоўкi з ружамi, цукерачныя абгорткi i фольгу, шаўковыя стужкi i зусiм маленечкiх лялек. Але ў Тонiным далёкiм дзяцiнстве не было гэткiх цацак, i яна на старасцi гадоў гуляла ў дзявочую папяровую гульню на поўным сур'ёзе. Гуляла i выйграла аднапакаёвую кватэру на першым паверсе цаглянага дома ў самым цэнтры Койданава. У свае сто чатыры гады Тоня нарэшце перабралася з прыватнай кватэры ва ўласную. Усе казалi, што ёй пашанцавала, але я не хацеў бы сто чатыры гады пражыць у падсуседзях... А ў Тонi якраз такi лёс — жыць у людзей i нiдзе не працаваць нiводнага дня, бо яшчэ на самым пачатку нашага стагоддзя высветлiлася, што падымаць больш за кiлаграм ёй нельга, нахiляцца няможна, хутка хадзiць, а тым больш бегаць, не варта, а займацца карыснай разумовай дзейнасцю ўвогуле забараняецца. Апошнi пункт у гэтым пералiку Тоня парушыла, але парушыла несвядома, бо свае паэтычныя скаргi яна не лiчыла за работу. А я дык якраз бачыў у Тонi таленавiтую паэтку, якая нiчым iншым, як паэзiяй, адпрацоўвала самы мiнiмум патрэбнага ў гэтым жыццi.
Тонiна паэзiя мела яшчэ адну выразную рысу — рэлiгiйна-мiстычную. Ва ўсiх яе апавяданнях пра хваробы зiхацелi словы i выразы накшталт: даруй Божа, а Божачка ты наш, хай Бог дапаможа... А пры Тонiным ложку, дзе б яна нi жыла, заўсёды на тумбачцы, на падваконнi цi проста на крэсле стаялi маленькiя каталiцкiя абразы. Пры бясконцых пераездах-пераходах з хаты ў хату яны складалiся ў пушку для даведак.
А пераходаў за сто чатыры гады было столькi, што i сама Тоня не палiчыць.
Вось у некага са знаёмых сына забралi ў войска, вызвалiўся пакой, з якога на гаспадароў пачынае павяваць халоднай проймаю страты. I яны не знаходзяць нiчога лепшага, як запрасiць пажыць у iх Тоню. Цi ў каго iншага дачка выйшла замуж i з'ехала з Койданава ў Мiнск цi куды далей. I зноў жа месца прапаноўвалася Тонi.
Так вось пасялiлася яна ў Мiлi Мiлько, калi Шурыка забралi служыць у Егiпце. А ў цёткi Косцi Тоня жыла пасля таго, як Ада выйшла за вайскоўца i з'ехала з iм у Нямеччыну ажно на пяць гадоў. У цёткi Пэлi Тоня пражыла гадоў сем, бо даводзiлася роднай сястрой Пэлiнаму мужу Ясечку, якi, дарэчы, быў старэйшы за Тоню i пражыў пад койданаўскiм небам сто тры гады.
Я нiколi не чуў, каб Тоня скардзiлася каму на лёс. Яна скардзiлася толькi на хваробы. Можа, яна скардзiлася i на што iншае падчас споведзi рубяжэвiцкiм ксяндзам. Але пра тое ведае адзiн Бог, бо старыя ксяндзы памерлi, а да новага, маладога, Тоня не ездзiць. А раней жа разы са два на год яна выбiралася да касцёла. Адкуль прывозiўся i ставiўся каля ложка новенькi яркi абразок. Звычайна — Мацi Божая Дзева Марыя з белым тварам i складзенымi на грудзях рукамi, такiмi ж чыстымi i белымi, бо не ведалi нi зямлi, нi пральнай дошкi, нi бруднага, завэдзганага тлушчам посуду.
Тоня жыве. I сто пяты год бачыць мацiцовае койданаўскае неба.
МА-МА
Ма — тое самае, што i няма