Бываюць светлыя, радасныя з'яўленнi. Вось каля крамы "Бурацiна" — дзiцячае адзенне, бачу — мама насустрач iдзе. На ёй доўгая вiшнёвая сукенка, а праз руку, вось так, яшчэ некалькi сукенак перакiнутыя. Вецер. Валасы развяваюцца. Прыгожыя ў яе валасы былi, густыя, каштанавыя i вiлiся. Хустак мама не любiла. А вочы светла-блакiтныя. Твар белы, чысты. Яна такая гожая, маладая, iдзе мне насустрач, смяецца i гаворыць: "Ой, Нiна, як добра, што ты мне ў дарогу вiшнёвы адрэз паклала. Бачыш, якая сукенка атрымалася? Я тут самая прыгожая". Я хацела маму за руку ўзяць, а яна так мякка плячом павяла — не трэба. I пайшла. Я засталася. Схамянулася, а навокал пуста, вечар, нiдзе нiкога няма. А з гэтым вiшнёвым адрэзам вось як было... Калi ехала на пахаванне, дык па дарозе ў краму зайшла i купiла адрэз, ведала — мама больш за ўсё вiшнёвы колер любiла. Прыехала, у хату зайшла, а маму памылi ўжо i ў труну паклалi. Сукенка на ёй блакiтная i труна блакiтная. Дастала я з сумкi вiшнёвы адрэз i кажу: "Будзем пераапранаць. Пашыем зараз вiшнёвую сукню, блакiтную нажнiцамi разрэжам i здымем". Усе не чакалi такога i пагадзiлiся. Сваячка нават адрэз на стале разаслала, каб раскраiць. Але спачатку тая ж сваячка, а потым i ўсе астатнiя пачалi ўгаворваць — лета, гарачыня, не трэба... Я ў плач, у слёзы, а самой падумалася, што прывезла той адрэз маме, дык у труну ў ногi трэба пакласцi. Так i зрабiла.
Вочы ў бабы Ядзi былi блакiтныя. А здымак на помнiку брунатны. I ў дзеда Бронiка здымак брунатны. Але нават на карычневых здымках вiдаць, што вочы ў iх светлыя, блакiтныя. А можа, гэта толькi здаецца мне.
Звычайна, як хто блiзкi памiрае, я ў сне бачу яго. Першы раз гэта было, калi я ў iнтэрнаце жыла. Вярнулася з заняткаў, збiралася пачытаць, а ўсе дзяўчаты з нашага пакоя ў адзiн голас: "Мы будзем спаць, выключай святло". Пакрыўдзiлася, пайшла на калiдор чытаць. Суседка-аднакурснiца да мяне: "Чаго твая мацi сягоння прыязджала?" "Не сягоння, а ўчора", — кажу. А яна: "Учора гэта ўчора, а сягоння гэта сягоння. Тое i дзiўна, што два днi запар". Я ў наш пакой: "Вы спiце?" Спяць. Я грамчэй: "Вы спiце?" Тут Люда, самая старэйшая з нас, села на ложку: "Нiна, ты толькi не хвалюйся. Мы ж хацелi як лепей. У цябе баба Марыя памерла. А твая мацi хацела, каб ты заўтра ўранку прыехала. Мы i маўчалi". А сон? Сон быў напярэдаднi такi... Якраз у тую ноч, як баба памерла. Яна мяне ў дзяцiнстве вадзiла ў касцёл. I мне снiлася, што мы ўдзвюх заходзiм у касцёл. Яна — высокая, прыгожая жанчына, а я — зусiм маленькая дзяўчынка ў палярыне. У касцёле нiкога няма, светла, урачыста. Я глянула на бабу Марыю, яна вядзе мяне да алтара i маладзее. А я наадварот — расту. Я стала такой, як была на той час у сапраўднасцi. А яна — зусiм маленькая дзяўчынка. I ўжо не яна мяне вядзе, а я яе. Пасярод касцёла яна раптам вырвала сваю руку з маёй, пабегла i схавалася за алтаром. Я прачнулася.
А як мама памiрала, я ў дзiцячым лагеры была. Ну, правiльна, мы ж разам усе былi: i ты, i Мiрак. Мне ўбачылася такое: прыехала ў Койданава. Заходжу ў двор, а мама стаiць каля ганка i нешта робiць. Здаецца, бялiзну мые. Так, яна бялiзну мыла i пачула, як я клямкаю бразнула, азiрнулася. Яна маладая, смяецца, кажа: "Нiначка, мне ўжо нiчога-нiчога не балiць. (А ў яе рак, жахлiвыя болi.) Так добра. Я такая шчаслiвая. Нiна, мне нiчога не балiць". Я ўзрадавалася, iду да яе. А яна каля плота пабегла, стала маленькай, пад самай рукою маёй прабегла i — за веснiцы. Клямка бразнула. Прачынаюся, а ў вушах яшчэ бразгат клямкi звiнiць. Устала, выйшла на вулiцу. А тут ужо наш бацька: "Я па цябе. Машыну ўзяў. Трэба ехаць. Не плач".
У тую ранiцу пасля снядання я шукаў мацi па ўсiм лагеры. I ўбачыў яе, i пабег, а калi быў зусiм блiзка, схамянуўся — не мая мама, а выхавацелька. Я не спынiўся. Выхавацелька ўслед маё iмя крычыць. Слёзы душаць. Я ў лес. Ляжаў, плакаў на кастрыцы i пераконваў сябе, што баба Ядзя не памерла, што гэта я сам навыдумляў немаведама чаго. А калi слёзы скончылiся i прыйшоў да выхавацелькi i яна сказала, што баба Ядзя памерла, я не плакаў.
Мама мяне заўсёды папярэджвае. Даўно нешта не прыходзiла. Што гэта я кажу? Трэба па дрэве пастукаць.