Выбрать главу

Хмары разыдуцца. Па блiскавiчным асфальце, прытанцоўваючы, пад зорамi Сава з Цiмам рушаць на Маскву.

У паўпустым абшарпаным вагоне метро Сава згледзiць першую ахвяру: смуглявую невысокую маладзiцу з цылiндрычным футаралам для чарцяжоў. Чарнявая маладзiчка хутка заўважыць нядобрыя зiркi нацятага Савы i паспрабуе ўцячы. З метро яна выйдзе на асветлены праспект, а з яго рэзка заверне ў прахадны двор. Сава дагонiць маладзiцу ў чэзлым скверыку i важкiм ударам у скроню прымусiць скурчыцца на растрэсканым асфальце. Футарал адкоцiцца ў пясочнiцу ды ляжа там, нiбыта забытая дзецьмi цацка. Сава забярэ ў маладзiцы гадзiннiк, шлюбны пярсцёнак i скураную сумачку. Футарал ён пакiне ў пяску, а сумачку растрыбушыць на сметнiку за тры кварталы ад месца, дзе тварылася злачынства. Цiма, агаломшаны ўбачаным, будзе iсцi за Савам, як прыблудны, ужо раз прагнаны сабака. Здарэнне так перапалохае Цiму, што ён, пераляканы, ажно перастане бачыць колеры, i свет паўстане для яго ў шарым аблiччы.

Першую маскоўскую ноч хлопцы пераседзяць на гарышчы вялiкай будынiны, па-над станцыяй метро "Смаленская". Разаслаўшы кардонныя скрынкi з-пад садавiны, Саўка засне. Цiма будзе ўслухоўвацца ў прапыленае чарноцце. А цi ж не iдуць мiлiцыянты iх арыштоўваць? Ён i пабудзiць Саву, як толькi пачуе ў двары радасны брэх кватэрных сабак, якiх павыводзяць на шпацыр. Абураючыся кучкамi сабачага гною, пакiнутага чатырохлапымi сябрамi гараджан, Сава прывядзе Цiму на Беларускi вакзал, дзе ў неахайнай цырульнi хлопцы пастрыгуцца. Каратканогаму цырульнiку ў бруднаватым расшпiленым халаце Сава загадае пагалiць свае рэдкiя вусы. У трэснутую чарупiну разам з густым мыльным шумам паляцiць i тое, чым яшчэ ўчора Сава намерваўся ганарыцца. Пах таннага адэкалону хлопцы панясуць у прывакзальны гастраном, дзе набяруць абаранкаў i пакетаў малака. Паснедаюць яны ў альтанцы, што ў дваровым калодзежы, прапахлым да дурноцця гастраномным начыннем. Закурыўшы пасля перакускi, Сава плюне на дашчанае дно альтанкi i скажа, што варта пашукаць новае месца начлегу, бо гарышча пыльнае, а спаць на скрынях мулка ды холадна.

Паселяцца хлопцы ў iнтэрнаце, дзе камендантам будзе працаваць далёкi сваяк Савы. Гэтаму вялiкагаловаму кульгаваму сваяку Сава будзе доўга тлумачыць пра свае намеры паступiць у вайсковую вучэльню i пра тое, што iспыты пачнуцца праз тыдзень, таму ў вайсковы iнтэрнат не пусцiлi. Камендант пашкрабе пазногцем цемя, напэўна, не паверыць нiводнаму слоўцу, але пакульгае да кладоўкi дый разам з ключом ад пакоя выдасць коўдры, падушкi, бялiзну i электрачайнiк з пагнутай дзюбай. Пакой будзе такi вузкi, што ў iм ледзь уцiснуцца два ложкi ды тумбачка. Займеўшы жытло, Сава пакiне Цiму засцiлаць ложкi, а сам злётае ў гастраном па пiва i гарэлку. Пакуль хлопцы каўтацьмуць саракаградусную вадкасць i запiвацьмуць яе перастаялым пiвам, брыдкаваты камендант раскажа пра любоўныя прыгоды са студэнткамi.

Пару дзяўчат, якiм не хапiла месца ў iнтэрнаце, камендант пускаў жыць у вузкi, што школьны пенал, пакойчык i замест кватэрнай платы браў з iх каханнем. Што мне тыя паперкi з Ленiным? Я з цялушак натураю патрабаваў. Не мучыў шмат. Але раз на тыдзень ногi раскiнь! Камендант задаволена пакрэктваў ад слодычы ўспамiнаў. А каб якая адмовiлася? Не было!

Выпiўшы гарэлкi з пiвам, Сава ляжацьме пад расчыненым акном i разоў з дзесяць паўторыць, што iм вельмi падфарцiла, бо пакой на першым паверсе, i калi хто прыходзiць i выходзiць — не вiдаць. Праспяць Сава i Цiма да самае ночы.