У суседзяў Кiсялёў таксама мелася грымець вяселле. Бронiк, якi ў кузнi за памочнiка хадзiў, вырашыў узяць дзяўчыну з Бакiнава. I браў яе старэйшы сын Кiсялёў не проста, а насуперак бацькам i Ядзi, каб адпомсцiць, бо адну яе, рыжую, кахаў. А вяселле, я мяркую, — справа сур'ёзная. Да яго загадзя рыхтуюцца, похапкам не зробiш, каб не асарамацiцца. А што на вяселлi галоўнае? Маладая з маладым, госцi, ну, i чарка з закускаю. Чаго-чаго, а закускi ў Рудзiцы, дзякуй Богу, хапала. Варта ж толькi згадаць рудзiцкi кiндзюк, гэта калi ў свiны сiкуновы пухiр набiваюць каўбаснае начынне — мяса, сэрца, дробна накрышанае сала, ныркi, часнок з кменам. А потым гэты круглы, як гарбуз, выраб падсушваецца на гарышчы. Ядуць кiндзюк на вялiкае свята. Александровiчы на вяселлi паставiлi на стол ажно тры кiндзюкi! Але колькi з'ясi, калi запiваць не будзеш? А ў суседняй беларускай Польшчы, як на грэх, налiўка i вiно таннейшыя, а гарэлка з самагонкаю каштавалi больш.
Старэйшы з Кiсялёў — Вацлаў — угаварыў старэйшага з Александровiчаў — Яна — прагуляцца па лесе за мяжу. Намянялi дзядзькi гарэлкi ў яўрэйскай манапольцы. А калi вярталiся, дык сутыкнулiся лоб у лоб з бальшавiцкiм памежнiкам. Каб не Янаў зяцёк, Уладзiмiр Глобус, пасадзiлi б дзядзькоў гадоў на пятнаццаць, тады якраз такiя тэрмiны любiлi прызначаць зашпiленыя на ўсе гузiкi пракуроры. Але ж недарма стары каваль думаў i маракаваў, калi дачку любую замуж выправiў. Выпусцiлi памежнiкi небаракаў кантрабандыстаў, але мясцовым уладам загадалi iх раскулачыць i выслаць.
Трэба ж было бальшавiкам некага i некалi раскулачыць у Рудзiцы, калi паўсюль тое дурное коцiцца. У Александровiчаў забралi кузню i дом, а ў Кiсялёў — хату ды сталярню. Ляснулася вяселле! Гаспадароў вывезлi ў таварным вагоне ажно ў Архангельскую вобласць, а сем'i, дзякуючы намаганням афiцэра Глобуса, пакiнулi ўсё ж у Беларусi.
Ядзя ўладкавалася на магiлёўскую швачную фабрыку i сказала, што Глобусавай нагi больш не будзе ў яе хаце. А Уладзiмiр не паверыў i ўсiмi праўдамi i няпраўдамi дамогся пераводу на службу ў магiлёўскi банк. Толькi Ядвiга сапраўды не пусцiла свайго мужа на парог. "Бацьку майго адправiў у архангельскi лес, а сам да мяне прывалокся. Стаiць i не пачырванее. Сораму ў цябе няма i не будзе..." — "Пра дачку падумай", — спрабаваў пярэчыць Уладзiмiр, але ўсе ягоныя пярэчаннi скончылiся грукатам дзвярэй.
Вось таму i падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Нiначка, i паляцела ў банк, i ўсчынiла такi лямант, што, пэўна ж, увесь Магiлёў чуў. Ядвiга крычала, што ўсе вайскоўцы — нелюдзi, што Божачка iх пакарае — маланкамi спалiць i громам паб'е, а калi ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру i пасячэ афiцэра Уладзiмiра Глобуса на дробную драбнiцу. Банкаўскiя кабеткi ледзь супакоiлi раз'ятраную жанчыну, ледзь угаварылi глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: "Не краў я дачкi. Далiбог не краў. Мацi да мяне прыязджала з Жылiхава. Тыдзень пажыла... Толькi нашто ёй тваё дзiця?" — "Яна! Яна дзiця звезла!" — захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснiлася.
Толькi на чыгуначны вакзал яна спазнiлася, цягнiк на Мiнск з гадзiну як ад'ехаў. Але ж мацi за сваё дзiця нi ў якай бойцы не адступiцца. I таму ў Мiнску Ядзя чакала цягнiка на пероне. А даехала яна ў сталiцу на спадарожных...
О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькi разоў яны выратоўвалi нас!
А ў свой час дапамагалi яны i сем'ям Александровiчаў i Кiсялёў.
Увосень 1941 года, калi ўсе канчаткова зразумелi: распачатая вайна бальшавiкоў з фашыстамi зацягнецца надоўга, i было зусiм няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, цi то немцы, цi то расейцы, — вось тады каваль Ян i сталяр Вацлаў уцяклi з Архангельскай вобласцi i дабралiся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалi спрабавалi ўтрымаць Магiлёў, але ўрэшце туды прыйшлi германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кiсель з Александровiчамi знайшлi пабiты грузавiчок, адрамантавалi, пакiдалi ў кузаў транты i рушылi на захад. Грузавiчок, што працаваў не на бензiне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Мiнскага раёна, i кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкi, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабiралiся сем'i ў сваю цiхую Рудзiцу. I дабралiся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалi без каваля i сталяра.
Новыя ўладары свету вярнулi Александровiчам i кузню, у якой так нiхто i не распалiў горн без гаспадара, i зямлю, i дом, дзе камсамольчыкi паспелi зладзiць клуб — знеслi перагародкi i паставiлi ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгiя падкручаныя вусы, рахманы каваль раскiдаў камсамольскую сцэну, парабiў наноў перагародкi, адрамантаваў сёе-тое з мэблi, паставiў новыя замкi, i сям'я зажыла цiха-мiрна i працавiта.