Камянi... Камянi... Каменныя далонi на плiтах, каменныя зоры... Год за годам, вясну за вясною ўрастаюць камянi ў зямлю. Танкарогiя белыя козы пасвяцца на койданаўскiх яўрэйскiх могiлках. Хiтрыя гаспадары крадуць камянi i робяць з iх падмуркi сваiх дамкоў, але так робяць прыезджыя i прыблудныя, бо не зможа койданаўскi чалавек жыць у доме, якi стаiць на яўрэйскiх помнiках. Iншая справа, калi будавалi бальнiцу i бурылi рэшткi замка на Кальвiнскай гары, там людзi бралi i валуны на падмуркi, i цэглу. Але замак гэта замак, а могiлкi — гэта зусiм iншае. На Кальвiнскай гары таксама пасвяцца козы.
Непадалёк ад Кальвiнскай гары жыла самая прыгожая дзяўчына ў Койданаве — Валя. Колькi было размоваў, за каго пойдзе Валя, каму з хлопцаў пашанцуе. Большасць была ўпэўненая, што Валя пойдзе за самага прыгожага хлопца ў мястэчку, за Ярака Ясюкевiча, бо такога прыгожага, як Ярак, трэба яшчэ пашукаць, i невядома, цi знойдзеш. Але лёс i ў Валi, i ў Ярака быў зусiм iншы, нiводная здагадка не спраўдзiлася. Прыгожая Валя ўтапiлася ў возеры. На вяселлi яна была за шаферку i са сваiмi двума братамi пайшла з таго вяселля на возера купацца, бо гарачыня стаяла страшэнная, сонца пякло цэлы тыдзень. П’яныя браты палезлi ў крынiчную ваду, i аднаму з братоў ногi скруцiла сутарга, ён пачаў тануць i хапацца за другога брата. Валя кiнулася ратаваць. Той, якога скруцiла сутарга, адпусцiў брата i ўчапiўся ў Валю. Валя з малодшым братам пайшла на дно, а старэйшы даплыў да берага, выскачыў i пабег на вяселле клiкаць на помач. Так ён i прыбег на двор, дзе грымела музыка i танчыў п’яны вясёлы народ, так ён i стаў пасярод двара мокры, у адных трусах. Калi вясельнiкi з вылупленымi вачыма стаялi на беразе i цяжка, засопшыся ад бегу, дыхалi, дык бачылi толькi малодшага з братоў, якi ляжаў на беразе i быў без прытомнасцi. Мужчыны палезлi ў ваду шукаць Валю i даволi хутка знайшлi яе цела пад прыбярэжным карчом. Спробы ўратаваць дзяўчыну былi марныя. Казалi, каб быў лекар цi каб на колькi хвiлiн Валю знайшлi раней, цi каб... Але казаць можна што заўгодна, а прыгожая Валя выратавала братоў, а сабе знайшла смерць у крынiчнай вадзе койданаўскага возера, пад прыбярэжным карчом. Плакала ўсё Койданава. Хавалi Валю ў белым строi нявесты, i ляжала яна ў труне, як жывая. За машынаю, на якой везлi труну, iшло столькi народу, колькi не iшло нi за адной iншай труною, бо не было ў Койданаве прыгажэйшай дзяўчыны. А каб Валiна апошняя дарога была хоць крышку даўжэйшая, машына тры разы аб’ехала вакол сквера. На Валiным помнiку браты напiсалi: “Трагiчна загiнула”. Так i не пашанцавала нiводнаму з койданаўскiх хлопцаў узяць сабе за жонку прыгожую Валю.
А што да Ярака Ясюкевiча, дык ён страцiў сваю прыгажосць недарэчна i нечакана для ўсiх. Варыў ён бiтум у жалезнай бочцы. Бiтум закiпеў i плюхнуў Яраку на галаву, калi той падкладаў дровы ў агонь пад бочкаю. Выратаваць Ярака выратавалi, ён нават не аслеп, але пра нейкую прыгажосць гаварыць ужо не было нiякай падставы. Пасля бальнiцы Ярак пачаў пiць i хутка ператварыўся ў шэрую iстоту, якiя таўкуцца каля крамных дзвярэй у вечным чаканнi з пякельнай смагаю ў роце. Спачатку Ясюкевiча шкадавалi, а потым няўзнак пачалi абыходзiць. Вось такi лёс быў у самых прыгожых людзей з Койданава. Лёс даў Яраку i Валi прыгажосць, а потым з д’ябальскай жорсткасцю забраў яе.
Мне снiцца... Цi, хутчэй, мною снiцца Койданава.
А вось з кошыкам у руцэ iдзе па грыбы удмурт Кулемiн. Той самы Кулемiн, якi не можа жыць без грыбоў. Яго любяць дзецi з нашай вулiцы, бо Кулемiн бярэ iх з сабою ў лес. Ён, як свой гарод, ведае i Рыжаўку, i Бязоднiцу, i другiя навакольныя лясы, куды можна зайсцi пешкi, бо ровары, машыны i матацыклы Кулемiн не прызнае. Ён iдзе, як заўсёды, наперадзе, а за iм з кашамi iдуць Вiцька i Воўка Бакiноўскiя...
Цыбаты Вiцька i крываногi Воўка, яны ўдвух бiлiся са сваiм бацькам, маленькiм сухiм Стасiкам. Стась Бакiноўскi пiў, а як напiваўся, трацiў розум i хапаўся за сякеру. Воўка з Вiцькам бралi калы i баранiлi мацi. З крыкам i лямантам бегалi Бакiноўскiя па гародзе вакол сваёй хаты. Бойкi гэтыя звычайна канчалiся тым, што Стась кiдаў сякеру ў гарод, садзiўся на ганак i плакаў п’янымi слязамi, побач з iм садзiлiся на ганак Вiцька i Воўка.
Кулемiн iдзе басанож. Ён любiць хадзiць басанож i не любiць галiцца. Сiвая, па-татарску рэдкая шчэць блiшчыць на загарэлым твары. Толькi адзiн раз бачыў я Кулемiнаў твар скажоны крыўдаю i болем. Тады мы iшлi па грыбы ў Рыжаўку. Рыжаўка — лес з балотамi. Iшлi мы такiм балотам. Кулемiн крочыў наперадзе i наступiў на гадзюку, а тая ўкусiла яго за пяту. Кулемiн сеў на мох, дастаў з каша нож i адрэзаў кавалак пяты, за якi ўкусiла змяя. У мяне ад жаху сшэрхла скура. Кулемiн зняў кашулю, адарваў рукаво i абвязаў пяту. На выцвiлай анучы цёмнай свежасцю выступiла кроў. Вярталiся мы праз жыта. Я нiяк не мог адарваць погляд ад Кулемiнавай пяты. Быў тады з намi i Кулемiнаў Воўка, ён, як убачыў, што бацька нажом сабе кавалак мяса адрэзаў, пачаў ад страху рагатаць i рагатаў, пакуль бацька не выцяў яго папругаю, тады Воўка пачаў iкаць. Мы вярталiся ў Койданава праз жыта: Кулемiн iшоў наперадзе, я глядзеў на пяту, а Воўка iшоў за мною i iкаў.