Аднаго разу, звечара, Косця выбрала кошык яблыкаў, каб наранiцу завезцi прадаць. Яблыкi выбiрала круглейшыя, сакаўныя, без чарвяточынак. А ўначы вавёрка ўзяла i параскiдала iх па ўсёй хаце. I каб жа толькi параскiдала, а то ж яшчэ i панадкусвала кожны яблык. Ранiцай Косця збiрала яблыкi i кляла сваю вавёрку. А тая, стаiўшыся за абразом, цiкавала. Вавёрку Косця набiла венiкам.
Але тое вавёрка... А дзе ж падзеўся Iван?
Мацi з сынам абшукалi ўсю хату, пакуль Шурык не здагадаўся зазiрнуць у вузкую шчылiну пад канапаю. Там ён i ўбачыў бацькавы ногi. Непаразуменне прайшло толькi тады, як выцягнулi бацьку на сярэдзiну пакоя, а за iм дасталi з-пад канапы пусты слоiк, што патыхаў самагонкай. Iван любiў выпiць, а Мiля не давала. Тады i была прыдумана ды абсталявана схованка. Пакуль усе глядзелi тэлевiзар, Iван iшоў сабе ў залу, залазiў пад канапу i праз гумовы шланг ад пульверызатара высмоктваў са слоiка грамаў са сто. Але на той раз доза атрымалася большая, i ён сам не заўважыў, як заснуў. Дый старасць надыходзiла, сiлы не тыя.
Вось у маладосцi, Iван сам казаў, мог выпiць вядро. Асаблiва шмат давялося выпiць, калi служыў у ахове маскоўскага Крамля. Грошай ахоўнiкам амаль не давалi, але добра кармiлi i налiвалi, колькi захочаш. I хлопцы, маладыя, здаровыя, пiлi.
Пра НКВД Iван гаварыць не любiў. А нiхто, зрэшты, тады i не цiкавiўся ў Койданаве тым НКВД. Усе ж недзе служылi, недзе ваявалi...
Гэта цяпер, калi я буду праходзiць паўз Iванаў сад, а Шурык будзе закладаць падмурак пад гараж, мы загаворым пра Фелiкса Дзяржынскага, у гонар якога i пераназвалi Койданава ў 1933 годзе. Зрэшты, i Койданава не першапачатковая назва мястэчка, раней яго называлi Крутагор'е. Мы загаворым пра НКВД, i Шурык скажа:
— Шкада, бацька памёр, а то паказаў бы яму газеты, дзе пра НКВД пiшуць i пра Дзяржынскага. Цiкава, што б ён на гэта сказаў?
Iван Мiлько памёр раней, чым беларускiя газеты пачалi друкаваць матэрыялы пра масавыя забойствы.
Апошнi раз я сустрэў Iвана каля веснiчак. Iшоў паўз ягоны двор, а ён якраз выходзiў на вулiцу ў сваiм чорным скураным палiтоне, шыракаполым капелюшы i наваксаваных да металёвага бляску хромавых ботах. Пад пахаю ён сцiскаў вялiкi папяровы пакунак.
— Што гэта ў вас пад пахаю, дзядзька Ваня? — замест прывiтання спытаў я.
— Камiля паслала сала прадаць.
— А цi добрае сала?
— Ты што, не бачыш? — дзядзька закрыўдаваў. — На чатыры пальцы. Калi добра прадасца, дык i бутэльку сабе куплю.
Гэта апошняе, што я пачуў ад Iвана, якi ўсё ж добра гульнуў на вяселлi Казiкавай Валi.
Але спачатку ён ляжаў на канапе i ўдаваў, нiбыта спiць. Мiля i Шурык стаялi пасярод хаты i нiяк не маглi зразумець, што ж такое здарылася, пакуль сын не спытаў:
— Тата, а чаму гэта вы босы?
— Таму што шкарпэтка згубiлася. — Iван адказаў, але вачэй не расплюшчыў.
— I з-за такой драбязы ўвесь гвалт? А Божачкi вы мае, ды знойдзем зараз тваю шкарпэтку. — Мiля адчынiла шафу i пачала ператрасаць у шуфлядзе з панчохамi.
— Няма там, — Iван спусцiў ногi з канапы. — Я ўжо два разы ўсю шафу перамацаў.
— А можа, раней дзе згубiлася? Можа, мацi, калi мыла, дзе на двары пакiнула? — разважаў Шурык.
— Ды ў тым i рэч, што абедзве ў руках трымаў, адну я надзеў, а другую як той чорт схапiў. — Iван мо ўжо трэцi раз зiрнуў пад канапу, але акрамя свайго гальштука нiчога не ўбачыў.
Шурык зняў валiкi з канапы, але дарэмна. Мiля прынесла венiк ды выграбла ўвесь пыл з-пад буфета, шафы i ложка, але ўсё дарма. Шурык разабраў ложак, а калi засцiлаў, мармытаў праклёны. Шукалi доўга, шукалi паўсюль, нават зазiрнулi ў кубелец з салам. Сям'я Мiлько ўвайшла ў пошукавы азарт: адчынялiся i зачынялiся, а потым зноў адчынялiся шафы, буфет, стол, сервант, сцягвалiся i слалiся абрусы i покрывы, выварочвалiся кiшэнi пiнжакоў, жакетаў, портак i палiтонаў, перастаўляўся абутак...
Раптам вялiкi кутнi гадзiннiк з латунным цыферблатам i вялiкiмi, на ланцужках, гiрамi заскрыгатаў i ўдарыў — вяселле пачалося.
— Бацька, ды надзеньце вы другiя шкарпэткi, — Шурык прахапiўся з пошукавага азарту, нiбыта са сну. — Вунь iх у шафе поўная шуфляда, выбiрайце i пайшлi.
Iван выбраў пару новых, яшчэ з круглым папяровым цэтлiкам шкарпэтак, сеў на зэдлiк i пачаў сцягваць праклятую пасястую, з-за якой пачаўся ўвесь тарарам. Тут усе i зразумелi, дзе падзелася другая. Iван надзеў дзве шкарпэткi на адну нагу.
Смяялiся доўга. Смяялiся Мiля, Шурык i Iван. Смяялася ўсё вяселле, калi госцi даведалiся, з-за чаго спазнiлiся Мiлько. Смяяўся i я. I адзiнае, пра што мне хацелася ведаць, i разумею, што нiколi не даведаюся: што думаў Iван, калi надзяваў дзве шкарпэткi на адну нагу?