Выбрать главу
СТЭФА

Стэфа шаткавала капусту. Доўгiм тонкiм нажом спрытна разразала крамяныя качаны напалам, а потым хутка-хутка рэзала на дробныя скрылiкi. Хрумсткiя храпкi кiдала ў белую эмалiраваную мiсу, а нашаткаванае зграбала з дыктавага кружка ў выварку. Верхняе лiсце Стэфа збiрала ў горшае вядро, каб зварыць кабанам. Працавала яна з iмпэтам, нiбыта i не было на свеце лепшага занятку, як шаткаваць капусту.

Качаны ўсе як адзiн невялiкiя, чыстыя, крэпкiя. I нядзiўна. Каму як не Стэфцы выбраць сабе самыя тугiя качанчыкi, бо працавала ў краме "Садавiна i гароднiна"?! Яна навыбiрала цэлы мех i нож з прылаўка ўзяла востры, са зручным драўляным тронкам. Можна было б i шаткарню ў суседзяў пазычыць, у Казiка цi ў цёткi Пэлi, але Стэфа не з тых, хто па суседзях лётае i пазычае. Яна нажом накрышыць танчэй, чым iншы шаткарняю. Што-што, а згатаваць i паесцi Стэфа любiла. I гэтая простая любоў адбiлася на ёй самым непасрэдным чынам. Чысты, румяны, што восеньскi яблык, твар. Яркiя, нiбыта нафарбаваныя бурачным сокам, поўныя вусны. Пастава, налiтая здароўем i сiлаю. Такая пастава, што ў свае трыццаць пяць Стэфа яшчэ заўважала, як мужчыны, хай сабе i праз аднаго, але ж заглядаюцца на яе.

I вось пры такой зямной прыгажосцi мела яна за мужа дробненькага, нiжэйшага за сябе, хваравiтага алкаголiка Волеся Радзевiча. Койданаўцы адно пацiскалi плячыма, калi бачылi iх побач на нядзельным кiрмашы цi на пляцы пад царквою. Але ў кожнага, як любяць казаць, свае болькi. Хочаш жыць з алкаголiкам, жывi. Каму якая справа?!

Дзяцей Волесю i Стэфе Бог не даў. Можа, праз гэта Волесь i распусцiўся ды пачаў пiць. Спачатку ён напiваўся, як i ўсе, па вялiкiх святах, але ўжо да непрытомнасцi, да поўнага забыцця. I Стэфа цягнула мужа, калi такое здаралася ў гасцях, на сабе. Здымала з яго акуляры дый вяла пад руку, а то i на плечы ўскiдвала, каб хутчэй, каб людзi не бачылi. Але ў Койданаве не схаваешся. Не паспееш у адным канцы паветра сапсаваць, а ў другiм ужо гавораць, што ты ў порткi наклаў. За кожным вялiкiм святам стаiць цвярозы будзень, але для Волеся ён пачынаўся пахмелкаю. Волесь не мог жыць, калi пасля гулянкi наранiцу не выпiваў грамаў са сто гарэлкi цi шклянку моцнага вiна. I, як слушна зазначыў ягоны сусед Iван, няправiльная тэхнiка апахмелу прыводзiла Волеся да доўгатэрмiновых запояў.

Пра Волесева п'янства Стэфанiя Радзевiч раскажа на судзе:

— Пiў мой Волесь! Апошнiя тры гады дзень у дзень "пад газам" прыходзiў, але не буянiў, не бiўся, як iншыя. Бурчэць бурчэў, лаяўся, гаварыў абы-што, але не бiўся. I дзе ж ён да мяне бiцца палезе? Гляньце на мяне. Ды баязлiвы ён! Ад п'янага, кажуць, i чорт уцякае, а я — цярпела, спадзявалася... I прасiла, i ўгаворвала, i плакала, i палохала, што ў лякарню да вар'ятаў пасаджу, а ён усё роўна кожны вечар п'яны ў хату ўвальваўся. Гультаю штодня свята, а п'янаму — тым больш. Прыйдзе, сядзе каля тэлевiзара i глядзiць праз свае лупатыя акуляры, пакуль не засне. Што ён на тым экране мог бачыць? Хай бы ён i ў той вечар, калi я капусту крышыла, лепей свой тэлевiзар уключыў...

Стэфа перакрышыла якраз палову мяшка i была ў самай рабоце, калi ў хату ўсунуўся п'яны Волесь.

— Iзноў набраўся, — Стэфа развалiла напалам вялiкi, белаваты качан.

— Ай не дундзi. Вось, — Волесь сеў на зэдлiк i ўтаропiўся на спрытныя жаночыя рукi.

У хаце вiсеў густы свежа-халаднаваты пах капуснага соку.

— Што ты мне пад руку гаворыш? Ты ж ведаеш, не люблю, калi на мяне глядзяць. Я ж магу i палец сабе адрэзаць. Iдзi спi.

— Ай не дундзi. Вось, — ён заплюшчыў вочы i падцягнуў ногi ў брудных ботах пад зэдлiк.

— Ты пагавары мне яшчэ тут, пагавары... Хоць бы боты скiнуў, а то гразi поўную хату навалок. Я тут мыю, прыбiраю, а яму ўжо i боты зняць цяжка. Iдзi кладзiся. Чуеш? Я табе кажу, слепень у акулярах, — яна ссыпала нарэзанае ў сiнюю выварку. — Iдзi спаць.

Волесь не азваўся, сядзеў, заплюшчыўшы вочы, на зэдлiку i трымаўся за яго абедзвюма рукамi, каб не павалiцца.

Стэфа з трэскам рассекла яшчэ адну капусную галаву, павярнулася да мужа i ткнула яму ў грудзi нажом.

— Iдзi спаць. Апошнi раз табе кажу. Што ты тут рассеўся, як у гасцях?

Волесь расплюшчыў вочы, заморгаў i спытаў:

— Нашто ты мяне зарэзала?

— Спаць iдзi, п'яны дурань. Зарэзала яго, га-га-га...

Жаночы басавiты смех мяшаўся з густым капусным духам, а муж ужо сунуўся з зэдлiка на падлогу. Стэфа дарэзала качан i толькi потым зiрнула на Волеся, якi знерухомеў на падлозе.

— Уставай! Чуеш, каму кажу?

Мужаў твар увобмiльг збялеў. Жонка абтрасла з пальцаў паналiпалае крышыва i нахiлiлася над Волесем...

На судзе Стэфанiя Радзевiч далей пакажа так: