Максім Лужанін
Колас расказвае пра сябе
Слова перад пачаткам
Пойдзем па самай лепшай вуліцы беларускай сталіцы.
У той бок, дзе ўзыходзіць сонца.
За агароджай не так добрага густу, як страшэннай вагі, за плячыма акадэмічных будынкаў відна лапінка чорнагаловых хвой.
Вось туды нам і трэба кіравацца. Прачынім зялёную брамку. За дубамі, кедрамі і арэшнікам вочы прывечвае малады сад. Ён хоць і моцна тужыў, застаўшыся без гаспадара, але ж ніштавата падрос ад таго часу.
Сярод саду стаіць двухпавярховы дом. Невялікі, але дамок на яго ніяк не скажаш: не з малых чалавек жыў там.
Толькі чалавек гэты, як і ўсе вялікія, патрабаваў няшмат. I доўгі час туліўся ў папярэдніцы цяперашняга дома, цеснай і халоднай драўлянай хаце. Па імені напісанага ў ёй твора хату звалі рыбаковай…
З левай рукі ад уваходу распасцірае магутныя лапы раскідзісты вяз. У яго цяньку хаваецца лаўка. Тут Колас любаваўся воблакамі, размаўляў з сябрамі.
А зараз зазірнём у дом. На другім паверсе, проста са сходаў, рабочы яго пакой. Шафа з кнігамі, якія ён любіў, стол, за якім пісаў «На ростанях».
Каляндар назаўсёды спыніўся на лічбе расстання.
Не дапісаўся ліст…
Не дачыталася кніга…
Усё так, як было пры ім, калі знаёміў з новым раздзелам аповесці, расказваў смешнае здарэнне, гневаўся за нядбалую работу.
I, здаецца, добрыя карыя вочы дапытліва пазіраюць на ўвайшоўшага, нягучны ўсмешлівы голас пакрысе запаўняе пакой.
Колас расказвае пра сябе…
Хай будзе адвячорак.
Калі час летні, спусцімся пад вяз, калі ж на дварэ пасвіствае завея, застанёмся тут, у цёплым пакоі з невысокім акном.
Будзем слухаць…
З чаго пачыналася гэтая кніжка
Як Міцкевіч стаў Коласам. Пра што расказвае «Кніга ташкенцкага быція». Першая няўдача з подступам да героя. Колас пачынае ўспамінаць. Гросбух для ўсяго, што лезе ў галаву. Памяць Коласа. Званочкі і «Краска». Вечны каляндар маніць. Я прайграў заклад.
Багата гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб ім аповесць. Не аб дбайным збіральніку мастацкай праўды ў трывалыя радкі кніг доўгага веку; не аб мудрым чалавеку з дзяржаўным позіркам, клопатам і сталасцю, абвеяным цеплынёй народнае пашаны; нават не аб добрым старэйшым таварышу, якім быў ён для многіх з нас, пісьменнікаў, хто меў права гаварыць яму «ты», або ўжываць даўнейшы вясковы зваротак «дзядзька Якуб», а то і проста казаць «дзядзька», як сваяку.
Пра пісьменніка, Якуба Коласа, найлепшым чынам гаварылі яго кнігі, самі, без ніякага пасрэдніцтва; аб чалавеку, Канстанціну Міхайлавічу, маглі куды лепш за мяне расказаць тыя, хто прайшоў з ім даўжэйшы шлях, стаяў поруч у 30-я гады, перажываў разам цяжкую пару Айчыннай вайны; друкаванае слова пра мілага і чулага «дзядзьку», напэўна, выклікала б у яго нездавальненне з прычыны міжвольнай, але няўхільнай для размоў такога парадку інтымнасці.
Аднак не толькі гэтыя акалічнасці спынялі руку і кіравалі ўвагу на іншае. Іншая постаць не адступалася ад маіх вачэй. Думалася пра самы кароткі, можа быць, самы просты, але затое вырашальны кавалак яго жыццёвага шляху: ад нараджэння чалавека да нараджэння паэта. Нецярплівілася адгадаць, як шэрае качаня, калі выслаўляцца з дапамогаю казачных вобразаў, ператварылася ў белакрылага харашуна, даўгавечнага лебедзя.
Жыў сабе сялянскі хлапчук, пасвіў кароў на палянах у хвойніку, бегаў з белай торбачкай за плячыма ў школу па беразе Нёмана — і раптам гэты басаногі Костусь адчуў сябе паэтам і назваўся Якубам.
Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае — Колас. I стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкалашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей.
Колас выспеў, выдужаў, вырас у з’яву, куды зазірнулі і засталіся ў адбітку аж дзве эпохі: ад 1905 да Кастрычніка і ад Кастрычніка да нашых дзён, калі на вачах паэта, з яго сілай і песняй будавалася грамадства сацыялізма.
Што ж абудзіла яго, што рушыла ў рост і найбольш паспрыяла, што, калі і як паставіла яго на лясную трэль, якую ён зрабіў прасторнай дарогай паэзіі, каб улілася яна ў неаглядныя чалавечыя шляхі думання і барацьбы?
Успамянём, перад усім, багацце ўласнай душы і здольнасць пры дапамозе слова дзяліцца гэтым багаццем з іншымі, адным чынам, тое, што ў звычайным абыходку называюць пісьменніцкім талентам. Але ці ёсць талент тым шчаслівым дарункам, які атрымлівае чалавек ад прыроды пры нараджэнні і нясе яго праз жыццё як нешта раз і назаўсёды дадзенае і таму нязменнае?