Зараз толькі аднойчы давялося адскочыць у Мастацкі тэатр. Тым часам аднаўленне мер і густаў неўзаметку адбывалася ў гарачаватым пакоі з таннымі акварэлямі на сценах. Перада мною быў чалавек — эталон і ўзор чаго ні возьмеш: працавітасці, адказнасці за намер і ператварэнне яго ў мастацкую каштоўнасць ці грамадскае пачынанне, нарэшце, а можа, не нарэшце, а перш за ўсё — прыклад маральнай чысціні. Ды яшчэ ж — жыццёвай мудрасці, гранічнай патрабавальнасці да ўсяго, што гаворыцца і робіцца, шчодрай любові да бліжняга і далейшага чалавека.
Яшчэ не ўсведамляючы цалкам таго, што адбываецца, я намнога забагацеў. Шукаючы ўзораў на піках і ў памкненнях мастацтва іншых народаў, мы не так, як трэба, глыбока пранікаем у магчымасці роднай глебы. Ажно капані раз-другі — і вось табе нафта або соль. А колькі вякоў безуважна папахадзілі па гэтых скарбах босыя і абутыя ногі на Случчыне і Гомельшчыне!
Няхай сабе гэта ўсё са сферы матэрыяльнага. А ў духоўным жыцці народа хіба да канца раскрыта яго казка і песня, шматвяковы подзвіг пратэсту, праз які мы прыйшлі да Кастрычніка, партызанскі подзвіг краіны і працоўны — здабыча той самай солі і нафты?
Колас абдараў менавіта глыбіннасцю свайго народа, з ёю і праз яе выходзіў у свет і браў ад свету ўсё, што дыктавалася глыбіннасцю і цэльнасцю ўласнай натуры. Тое ж самае бачыў ён у Купалы — страта сябра ў працы і ў думцы моцна балела яму.
У тыя дні хавалі Міхоэлса. Колас паехаў на пахаванне, нават быў гатовы сказаць слова, але не здолеў прабіцца праз натоўп у памяшканне тэатра. У вячорнай размове ён ад трагічнай смерці акцёра перайшоў да смерці паэта.
— На нашым паверсе ёсць пакаёўка. Яна бачыла, як з Янкам было… Казала ўчора. Мусіць, і мне хутка — следам за дзедам.
Гаворка мімаволі афарбавалася ў змрочныя таны — Канстанцін Міхайлавіч у той год часта хварэў. Ён адчуваў сябе слаба, баяўся чарговага запалення ў лёгкіх.
— Я на гэтую трасцу дзевятнаццаць разоў хварэў. Пеніцыліну цэлую бочку зглумілі. Скалолі шпрыцамі так, што, як сяду, здаецца — на тарку сеў…
Гэта змушала яго да асцярогі. Магчыма, залішняй: баяўся адчыненай форткі, а апранаўся, відавочна, праз меру цёпла.
— Я, брат, рыхтык качан капусты: дзядок нізак, а на ім сто рызак, — кпіў ён, пачынаючы вызваляцца ад вопраткі.
I сапраўды, сто рызак! Апрача нейкага адмысловага футра са шкурак з хвосцікамі, пінжак, світэр, кашуля пад гальштук, цёплая бялізна і, нарэшце, звычайная, палатняная. Хадзіць было цяжка, гаматна, кідала на поты, а гэта ўжо адзін крок да прастуды.
— А чаго мае дактары глядзяць? — ён пасміхнуўся на маю асцярогу. — Я і сам так думаю. Трэба палавіну адзежын скідаць. Ну, гэта хіба што дома зробім. Мы ж пабачымся там?
Вярнуўшыся ў Мінск, ён адразу прыехаў запрашаць мяне. Так, як рабілі даўней сяляне: прымалі ў сям’ю чалавека няйначай, як добра разгледзеўшы яго зблізку: а які ты, чалавеча, на работу, на гаворку, на ежу, на сон.
«Жывіце даўжэй, хлопцы»
Мусіць, таму, што аб многім не распытаў яго, а многага не дагаварыў, я не прыгадваю тых дзён з рыданнем рэквіема, шчымлівымі прамовамі, з бясконцай чарадою людзей, якія пакідалі цягнікі, вярталіся з падарожжаў, каб правесці яго, потым ішлі найдаўжэйшай і найпрацяглейшай дарогаю, каб лепш і больш нагледзецца перад тым, як развітацца.
Але я заўсёды помню дзень яго нараджэння. У гэты дзень я не хаджу і не заязджаю ў мясціны, якія ён асвяціў сваёю прысутнасцю. Ні ў музей, што не так даўно быў яго домам, ні ў Акадэмію, дзе так многа пакладзена ім добрае працы, ні на месца апошняга спачынку.
Устаўшы ўдосвітку, выбіраюся ў поле, дзе павыскаквала ладная рунь, каб агледзець яе з усходам сонца, лапушную, кусцістую, у расе, а то і пад першай шэранню. Пасля перабіраюся ў лес і хаджу доўга, пакуль у кошыку не апынецца хоць дзесятак падмахавы́х лісіц або самых позніх грыбоў — таўсматых і сакаўных зялёнак. Так удаецца паразмаўляць са збажыной будучага лета, паслухаць перадзімовы шум ранішніх хвой і пасядзець паўгадзіны каля маленькага цяпельца, адаграваючы рукі і лусту захопленага з сабою хлеба. Словам, паўтарыць усё тое, што ён любіў і што прызвычаіўся рабіць у апошнія цеплаватыя дні, пакуль не наваліла снегу і не замкнула на ледзяныя замкі рэк і палявых шляхоў.
У такія часіны ён размаўляў са сваім сумленнем, думаў аб будучыні краіны, пасылаў вочы наперад, на далейшыя шляхі народа, зазіраў у глыбіню чалавечых лёсаў. Гэта называлася ў яго — «адбыць споведзь у зямлі». «Адбыць» вымаўлялася некалькі іранічна. Не адбыць, а прайсці праз канечне неабходнае, без чаго нельга жыць.