Выбрать главу
А ў нізіне з-пад туману Шэрай шлямай[32], як ралля, Цемрай цяжкаю заткана, Бы навекі пакавана, Спала родная зямля.
Калі ўсё наўкол бліскала, Ззяла ў полымі агнёў, Дык зямля адна маўчала, Пых і гожасць парушала Урачыстасці вякоў.
І бліскучымі крыламі Ціха творчы дух махнуў Ўсемагутнымі вуснамі, Паслухмянымі вятрамі На зямельку ён дыхнуў.
I сказаў вятрам ён гэтак: „Жыватворчасці мой дух Вы нясеце на планетах У падножжа зорных светаў, Што разлегліся наўкруг.
I няхай зямля пазнае Радасць светлую нябёс, I ў марах вада ўзыграе, I абніме моц святая Горы, лес і сіняпёс.
I скажэце тым стварэнням, Хто быў скрыўджаны людзьмі I хто творчага натхнення Прагнуў сэрцам як збавення, — Духа творчасці прымі!
I між цьмы зямлі нядбалай, Дзе пануюць ноч і сон, Над зямлёю заняпалай Песняй згоды, громкай хвалай Пройдзе голас іх, як звон.
Ціха неба скаланулі I павеялі вятры, Змрок ніжэй на дол прыгнулі, Лес, ваду, зямлю кранулі Духа творчага дары.
I зрабілася тут дзіва: Абудзіліся лясы, Дрэвы радасна, шчасліва, Воды ў згодзе гутарліва Злілі ў песню галасы.
А на ўсходзе слуп агністы — Ад нябёс да быстрых рэк, I паліўся бляск празрысты, — Свет жаданы стаў і чысты, Цень чарноты знік навек.
Па шляхах ішлі без долі Людзі, пасынкі зямлі, Дзеці здзеку і патолі, Што знявагай і злой воляй Цяжка скрыўджаны былі.
I на іх вятры дыхнулі Духам творчасці святым I ім сілы разгарнулі, Душу праўдай ахінулі, Асвяцілі сэрца ім.
I пайшлі яны, як стрэлы, Громам голас іх гучаў, Ды адгук на кліч іх смелы Быў няпоўны і няцэлы — Іх свет гэты не пазнаў».
Граў Сымон, і за ігрою Шыбы тоненька гулі, Гэтак першы гром вясною Адгукаецца зямлі.
I дрыжалі жалем зыкі У жальбе рвучы струну, Нібы скрыпка і музыка Дзве душы злілі ў адну.
Меў Сымонка іншы выгляд: У вачах агонь блішчаў, У душу глядзеў навылет, Быццам нешта ў ёй чытаў.
Часам хлопец забываўся, Дзе ён? Што з ім? — не ўчуваў, Бы ад цела аддзяляўся I свет гэты пакідаў…
Ён раптоўна абудзіўся… — Годзе! Годзе! — чуе крык. Момант творчасці разбіўся, Змоўкла скрыпка, выпаў смык.
— У карчме ты ці ў касцёле? На хаўтурах ты ці дзе? Як уляпаў, ліха долі, I канца няма — вядзе! —
Перад ім дзяцюк здаровы, Задзірака і скакун, Грозна ўстаў, насупіў бровы, Вочы ўставіў, як каршун.
— Кантар Шлёмаў — расспяваўся! Ты «Лявоніху» зайграй. Раз наняўся, дык прадаўся, А свайго не выдумляй! —
Адусюль нясуцца кпіны, Гразь насмешак, жартаў бруд, А за што? Якія віны? Правініўся чым ён тут?
Бедны, збэшчаны музыка Выглядаў, нібыта труп. Не сарвалася ні зыку З пабялелых тонкіх губ.
— Будзеш граць ці не ты, гніда? — Насядаў другі дзяцюк, Тонкі, доўгі, мэрам дзіда. — Дай у карк яму, Паўлюк! —
Ўскочыў хлопец, не стрымаўся, — Крыўда моцна дапякла: Свет наўкруг у змрок заслаўся, Заскакаў, закалыхаўся, Злосць пружынай узняла.
— Я не буду граць вам!.. Свінні!.. Чуеш ты, даўгель-цыбук? Граць не буду, чуй, — от згінь я! Будзе здзеку з мяне, мук!.. Хоць парэжце на кавалкі, Я і вокам не міргну, А не буду граць з-пад палкі, Спіны я вам не сагну!.. От я ўвесь тут перад вамі, Біце ж вы мяне! Ну што ж? — Шум пайшоў між дзецюкамі: — Бач які — ідзе на нож! —
Сам сябе Сымон не помніў I не ўзважыў сваіх слоў, Але гэтым сябе ўроўніў, — Большым стаў у дзяцюкоў.
— Што, Паўлюк? — пачулісь жарты, — Зарабіў, брат, «цыбука»? Справядліва — таго й варты: Што ж ты лаеш хлапчука? —
вернуться

32

Шляма, шлямка — футра, кавалкі футра.