Выбрать главу

Гавораць, чалавека стварыла праца. Звужаючы гэта выслоўе, каб дапасаваць яго да мастацтва, можна сцвярджаць, што чалавек працаю стварае свой талент. Найлепшае сведчанне гэтаму — праца самога Якуба Коласа, важкі і ў літаральным і ў пераносным сэнсе збор яго твораў, а таксама неаспрэчны сведка творчага працэсу — дзённік.

У сшытках «Кніга ташкенцкага быція» і «Гаворыць Клязьма» расказваецца, як настойліва, ні на крок не адхіляючыся ад задумы, пісаў Якуб Колас, хоць і валіўся з ног ад бяссоння і малакроўнасці, але кожны дзень, не дазваляючы сабе спачыць ні на адну хвіліну, нават пасля аперацыі. Сядзеў за сталом, па ўзору Максіма Горкага, і працаваў, пакуль не адбярэцца рука. I вось вынік. З красавіка 1943 па лістапад 1944 года з-пад пяра выйшлі вершы вялікай сілы і хараства: «Роднаму краю», «Шлях славы», «Чымган», «Салар», паэма «Адплата», лірычныя адступленні якой па ўсхваляванасці, вобразнай моцы, яркасці малюнкаў ці не перавышаюць лепшыя старонкі «Сымона-музыкі».

I гэта не ўсё: трэба дадаць яшчэ дзесяткі газетных артыкулаў, апублікаваныя і неапублікаваныя выступленні на розных сходах, па радыё і на літаратурных вечарах.

Добрая траціна часу з тых месяцаў дваццаці, апісаных у дзённіку, пайшла на выкананне ганаровых і неганаровых абавязкаў, на ўладкаванне дзяржаўных і прыватных турбот, паездкі з Ташкента ў Маскву на 3-ці Усеславянскі мітынг, у вызвалены Гомель на чарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР, на пераезды з аднаго месца бытавання ў другое.

Такім чынам, 30–40 вершаваных радкоў прыпадае на кожны творчы дзень паэта, калі б можна было назваць такі дзень у поўным сэнсе творчым. Двойчы, рана і ўвечары, Канстанцін Міхайлавіч спяшаўся да вулічнага ці санаторнага рэпрадуктара паслухаць весткі з франтоў, паспяваў пабыць у рэдакцыях, заходзіў у Саюз пісьменнікаў, сустракаўся з сябрамі, выварочваў і пілаваў карчы, прычым рабіў гэта з задавальненнем, адзначаючы ў дзённіку: «Стаяў над вывернутым карчом, як баец перад трафейным „фердынандам“».

А калі гаспадыні нядужылася, браўся за нож і чарпак, гатаваў верашчаку, варыў прэсную капусту. Позна вечарам, спарадкаваўшы чарнавікі і накіды, перапісваў усё зробленае: чарговы раздзел паэмы — у асобны сшытак, а вершы — у другі, які жартаўліва ахрысціў «Ташкенцкая торба». Перапісваў, потым сядаў за лісты і нарэшце падводзіў рысу пад падзеямі ў дзённіку. А тут ужо ў сціплых словах, вельмі сцісла гаварыў пра многае.

I першая, самая большая турбота была: ці пасунуліся нашы войскі хоць на крок паперад, ламаючы летняе супраціўленне гітлераўшчыны ў 1943 г. Глядзіш зараз на запісы і бачыш: і ўсмешку на твары, і вясёлую руку, і нават роўненькія і цвёрдыя літары здаюцца вясёлымі ў словах «Вызвалена Орша», або «Воўка кінуўся цалаваць нас усіх — узят Мінск».

Яго сэрцу нецярплівілася дамоў. Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім, а тут насоўвалася іншае няшчасце — на вачах пачынала згасаць сяброўка жыцця.

Спакою не было, але Колас пісаў.

Ведаючы ўсё гэта, мы можам сказаць, што талент — не толькі праца, а і мужнасць, а поруч з мужнасцю заўсёды ходзіць подзвіг.

Так мы вярнуліся да пачатку размовы, калі назвалі талент адной з неабходнейшых умоў для выхаду ў прасторы паэзіі. Талент, як бачым, фармуецца доўга, гэта ёсць вынік цэлага жыцця з яго штодзённай самаахвярнай працай. А што ж было на самым перадзе, што вылучала не паэта, а хлапчука з паэтычнымі задаткамі? Відаць, толькі адно: непасрэднае ўспрыманне, блізкае адчувальнасцю да фатаграфічнай плёнкі, здольнай утрымліваць адбіткі падзей, твараў, родных з’яў і вобразаў, усяго, на што б ні пасвяціў сонечны прамень з уласнага дапытлівага вока.

Ці магла адна гэта якасць паставіць хлапчука на дарогу паэта? Хутчэй за ўсё — не. Так і марнавалася б, намнажаючы адбіткі, «плёнка» ўспрымання, каб не «праявіла» яе асяроддзе, людзі. У першую чаргу — блізкія, на чыім малацэ і мазалі ён узгадаваўся, ад каго пачуў першае сугучча роднай песні, першую скаргу на крыўдны лёс.

I не адны блізкія людзі маглі падняць яго да валодання словам. Тут прычынілася ўся зямля, змучаная ў той час, але ўрадлівая на таленты, хоць і ўзыходзілі яны куды радзей, чым сеяліся, і не заўсёды, акрыяўшы, звязвалі свой лёс з лёсам занядбанай карміцелькі. Яна настойліва і неадкладна патрабавала галасніка, праз які б магла гаварыць не толькі пра сваё гора, але і пра сваю мару, не толькі аб прыгнёце, а і аб нізрынуцці яго.

Некалі такім галасніком для многіх паярэмленых царызмам народаў стаў Тарас Шаўчэнка. Але мінаў час, у народных глыбінях спела паўстанне, а каб ажыццявіць яго — патрэбны былі мозг, які б трымаў перад у паходзе па свабоду, збройныя рукі, якія б здолелі ўзяць і адстаяць гэтую свабоду, і новыя спеўныя вусны, якія б, не стамляючыся, клікалі, бадзёрылі і натхнялі на барацьбу.