Выбрать главу

— Паслухаўшы цябе, выходзіць, я ўжо на сваёй дрывотні і трэскі паварушыць не магу. I тут ёсць праўда. Трэба падумаць. Паслухаем, што скажа Пятро, калі прыйдзе. Нешта мая надзея на яго з’яўленне пачынае падупадаць. Разумееш, нехта добра сказаў, што паэт ставіцца да сваіх вершаў, як маці да дзяцей. Усіх любіць, хоць адно прыгожае, а другое зусім няўдаленькае.

Канстанцін Міхайлавіч пагартаў адкладзеныя ім вершы і паказаў мне «Краску».

— Не з громкіх гэты вершык, а міл мне. Ён мае сваю гісторыю. Напісаў я яго, седзячы ў астрозе. Паглядзі, якая там дата?

У каментарыях да тома было пазначана: «31 мая 1910 года».

— Значыць, правільна. Пісаў я яго ў панядзелак адвячоркам. У нядзелю некаму з маіх аднакамернікаў дазволілі спатканне са сваякамі, і ён прынёс разам з перададзенай бялізнай і хлебам дзве сцяблінкі лугавых званочкаў. Паставілі мы іх у ваду, а самі пасталі наўкруга і нібы ўкамянелі. Глядзім, вочы ва ўсіх вільготныя, і на волю наўсверб хочацца. Здаецца, каб выпусцілі зараз, лёг бы на зямлю і пакачаўся, як змакрэлы конь на ворыве. А ўсё ж, што ні кажы, святлейшы быў дзень той з кветкамі. Хацелася, каб яны даўжэй пакрасавалі. Але на раніцу нашы званочкі пачалі апускаць галоўкі. Гаслі на вачах, а ў кожнага пачуццё такое, быццам чалавека жвірам засыпаюць.

А тут яшчэ Мардуховіч, быў у нас такі, спявак не спявак, але ахвотнік да спеваў, з голасам моцным і прарэзлівым, ходзіць па камеры і ные: «Колокольчики мои, цветики степные». Усяго два гэтыя радкі ён і помніў. Мы яго ўсяксе суцішалі, абяцалі падвойную порцыю капусты — не памагае. Пад вечар утаймаваўся, а я прыпёрся на нарах — дай, думаю, перакладу гэтыя «Колокольчики». Пачаў, ды цалкам верша ўспамянуць не мог. Прыпляліся думкі пра астрог, і пайшло на свой лад. Праўда, голас Талстога чуецца, нават радок гэты, бачыш — «Дзень вясёлы мая», так і застаўся неперароблены.

I ў кожнага верша ёсць свой лёс, пра кожны можна ўспамянуць нешта, выцягнуць тое валаконца, з якога завязаўся першы радок. Але ці варта рабіць гэта? Дзеду міла, а ўнуку гніла. Не заўсёды ж удаецца сказаць так, каб усё стала ясна: ты сам, настрой, абставіны, нарэшце — прадмет пісання. Добрая палавіна таго, што трымаеш у думцы, застаецца нявыказанай. Чытаеш сам, бачыш не толькі радкі на паперы, а ўвесь запас, затоены ў душы. А нікому ж больш гэтага не відно. Ратуючыся ад такой непаўнаты выказвання, і пачаў я перакідацца на прозу. Болей змясціць яна можа.

Далейшую гаворку мы працягвалі ўжо ўтрох. Перачыталі вершы, адбракаваныя Канстанцінам Міхайлавічам, і дамовіліся ўсё ж пакінуць іх у кнізе. На адыходзе нам было падаравана па экземпляры толькі што напісанай эпіграмы на рэдактароў.

Па дарозе дамоў я расказаў гісторыю «Краскі». Падзівіліся з памяці Канстанціна Міхайлавіча: утрымала дзень напісання гэтага верша — панядзелак!

— Цікава было б праверыць.

I я ўзяўся за праверку.

Адшукаў у кішанёвым даведніку так званы вечны каляндар і па таблічцы выбраў адпаведныя лічбавыя характарыстыкі для дадзенага стагоддзя, года і месяца. Сума гэтых характарыстык з бясспрэчнасцю сведчыла, што ў маі 1910 года нядзеля прыпадала на 1, 8, 15, 22 і 29. Значыць, 31 быў аўторак, а не панядзелак, як казаў Канстанцін Міхайлавіч.

Гэтую вестку ён сустрэў, глянуўшы на мяне з-пад брывей, і, зразумеўшы, што я звярнуўся да нейкіх крыніц, з непарушным спакоем прамовіў:

— Значыць, у календары памылка.

Аднак зацікавіўся невядомым яму спосабам вызначэння дзён і пачаў вылічаць са мною разам па вечным календары.

На дапамогу прыйшоў сын, Даніла Канстанцінавіч. Пералічылі яшчэ раз. Вынік быў той самы: аўторак!

I гэта ўсё ж не збянтэжыла Канстанціна Міхайлавіча. Ён, пасмейваючыся, наглядаў за нашымі вылічэннямі і гаварыў:

— Як сабе хочаце, хлопцы, брэша ваш вечны каляндар. Складалі яго немцы, і нам ён непрыдатны. Стаю за панядзелак і магу біцца аб заклад.

Праз некаторы час быў знойдзен каляндар на 1910 год, і заклад выйграў Канстанцін Міхайлавіч.

— Супраць усіх тваіх доказаў, — растлумачыў ён, — я меў адзін, непахісны. 31 мая быў другі дзень яўрэйскага свята швуэс (сёмуха), і Мардуховіч, той спявак, пра якога я расказваў, не пайшоў на работу ў шавецкую майстэрню. «Я сёння пагуляю дзень, — сказаў ён нам, — зраблю свайму богу палёгку: яму будзе менш маіх грахоў лічыць».

Пазней высветлілася, што заклад я прайграў праз непаразуменне. Усе падлікі мы рабілі, адыходзячы ад даты 31 мая па старым стылі, а вечны каляндар быў разлічаны на новы стыль!