— Старым трэба верыць, — жартаваў Канстанцін Міхайлавіч, — а ты недаверлівы. Вось і апёкся.
З пачатку 1948 года мне даводзілася сустракацца з Канстанцінам Міхайлавічам амаль кожны дзень. Пасля сустрэчы я адразу стараўся запісаць усе яго меркаванні пра жыццё і літаратуру, яго турботы і шматлікія справы як дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, члена ЦК КП Беларусі, старшыні рэспубліканскага Камітэта абароны міру, нязменнага віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук.
З усіх маіх нататак, а таксама з «легалізаваных» запісаў у «гросбух» і злажылася гэтая кніга. Яна, калі гаварыць дакладна, расказана самім Якубам Коласам.
Але Канстанцін Міхайлавіч не пераказваў свайго жыцця паслядоўна, дзень за днём. Сёння ўспамінаў пра Альбýць, а заўтра — пра настаўніцтва ў Пінску і можа толькі цераз год зварочваўся да альбуцкага здарэння, каб папоўніць яго новаю рысаю.
З гэтай прычыны тут ёсць пэўныя кампазіцыйныя, калі можна так сказаць, змацаванні. Раздробненыя выказванні і ўспаміны, якія адносяцца да аднаго часу, падзеі ці твора, злучаны ў адно цэльнае апавяданне.
Задуманая мной аповесць засталася недзе ў палавіне дарогі. Невялікі раздзел з яе чытач знойдзе ніжэй, а да ўсяе цалкам давядзецца вярнуцца пазней, каб нашай моладзі і ўсім тым, каму менш даспадобы рэчы дакументальныя, расказаць у іншым жанры пра пачатак дарогі вялікага пісьменніка і вялікага грамадзяніна.
Каля самых вытокаў
Хто такі Струк? Ці ёсць у пана хвост? Матчыны вочы. Што значыць — Акінчыцы? Скрынка дзядзькі Петруся. Дзядзька Антось, яго гульні і страхі. Першая літара. Жаваранак просіць агню. Дзіўны сабака. Святыя глядзяць на салдата. Як выглядае панядзелак? Сутычкі з дзедам. «Царуня брэсцкі». Нашто людзі жэняцца.
— Бацька мой — Міхаіл Казіміравіч — вельмі дужы, шырокі ў плячах, цягавітага заводу чалавек. Ростам з брата Юзіка, вышэйшы за Уладзю. Валасы чорныя, кучаравыя. Мне здаецца, Юзік і я болей падобныя да яго. Няўпынная рупасць і клопат жылі ў яго істоце.
Цэлы дзень, а то і ноч бадзяецца па лясных сцежках, а прыйдзе ў хату, памыецца, пасёрбае чаго-небудзь і не можа ўседзець на месцы. Тупае, пачынае рабіць парадак на панадворку, хоць кол які ўваб’е ў плот. А гаспадарка і ўсе хатнія справы — гэта ўжо быў клопат дзядзькі Антося. Ён крыўдзіўся на бацьку за гэта. «Без цябе зробіцца», — казаў ён.
Як я цяпер разумею, бацьку няміла было леснікоўства, цягнула праца на зямлі. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. А галоўнае, што сам бацька, бесхацінец, амаль жабрак, у вачах сялян выглядаў панскім сабакам. Выганяй маладзіц з лесу, каб грыбоў ці ягад не збіралі, калі не купілі ў каморы білета на збор. Не спускай вока з лесу, бо дзе-небудзь ад ладнага дубка ці хвойкі застанецца толькі лысы пянёк.
А як таму мужыку было не ўкрасці, сярод пушчы жывучы? Купіць жа няма за што. А дровы трэба, падрубы гніюць, лаціны на страсе ператляваюць. Дый прыказка падахвочвае: хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар. Ну, вось і даводзілася бацьку і сякеры адбіраць, і пад штраф людзей падводзіць. А не зрабі гэтага — пражануць з пасады, кавалак хлеба страціш.
Сварыўся ён з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Не скардзіўся, нічога не сказаў у хаце. Пастагнаў уночы, маці нашмаравала бакі тарпатынаю, а раніцаю павалокся на абход.
На ногі быў лёгкі і з’яўляўся заўсёды там, дзе яго і не чакалі парубшчыкі. Праз гэту ўвішнасць ды таму, што ён быў хударлявы, высах, бегаючы па лесе, мусіць, і далі яму мянушку «Струк». Магчыма, да мянушкі прычынілася яго кучаравасць. Але ўголас з яго гэтак не «выдзіраліся». Ведаеш гэтае слова? Тое самае, што дражніць. Баяліся, а можа, і паважалі, бо ён ніколі лішняй крыўды не рабіў. Злавіўшы ў лесе парубшчыкаў з фурманкай, гужоў не сек, не здзекаваўся, як іншыя леснікі. Затое і адкупіцца ад яго залатоўкай ці паўквартай таксама не ўдавалася. «Ідзі ў камору і купі сабе столькі пнёў, колькі высек, — казаў ён вінаватаму. — Прынясеш квіт, тады забірай, а я пакуль што памаўчу. А не прынясеш — нам абодвум бяда будзе».
Таму, відаць, і людзі не міналі нашых леснічовак. Заўсёды назбірвалася поўная хата: і плытагоны, і мікалаўцы, і леснікі. Гудуць да поўначы, панам косці перамываюць.
Слова «пан» для мяне было такое ж страшнае, як і «чорт». I калі я, малы, першы раз убачыў ляснічага, які за нешта распякаў бацьку, дык усё заходзіў ззаду, паглядзець, ці не целяпаецца ў яго хвост.
— Адно, як называе Гогаль, «видение», мусіць, нейкі малюнак далячэзнага дзяцінства, калі я толькі ўспрымаў навакольнае, засталося і дагэтуль у маёй памяці. У мяне да сённяшняга часу чамусь усё гэта злучаецца з маці. Як цяпер мне здаецца, маці пасадзіла мяне, а сама пачала рваць траву. І вось і зараз бачу я мяшок з травою на плячах невядомага чалавека. Сон гэта, ці трызня, ці прыбачылася нешта растрывожанаму дзіцячаму ўяўленню? Не ведаю. Але як успомню маці, адразу вярзецца той мех.