Выбрать главу

Маці — Ганна Юраўна — была з роду Лёсікаў. Мяне заўсёды вабілі і крыху палохалі матчыны вочы. Добра яны глядзелі на нас, малых, але нібы наскрозь. Таму, калі мы рабілі якую-небудзь шкоду і маці пачынала дашуквацца вінаватага, лепей было прызнавацца самому. Зірнеш ёй у вочы і зразумееш: маці ўсё ведае і так, а дапытваецца, бо хоча, каб ты сказаў праўду.

I другое, што ўражала больш за ўсё: матчын голас. Нават калі яна сварылася на нас і пачынала ўшчуваць, голас не траціў мяккасці і дабраты. Я вельмі любіў, як яна спявала. Спявалі ў нас рэдка: прыедуць госці, падгуляюць і тады заводзяць песні: і жанкі і мужчыны. Тут найболей ішлі ў ход жартоўныя мелодыі, скочныя. Галасы, у тым ліку і матчын, рабіліся прарэзлівыя, як бы штучныя.

А мне падабалася іншае. Управіўшыся з чарнейшаю работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно або за шытво. Яна спачатку абзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрыпла часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату.

Спявала маці, калі дома не было мужчын, бацькі і дзядзькі. Ці то саромелася яна, ці, можа, лягчэй было ёй думаць, успамінаць дзявочыя гады пад той просценькі напеў. А ўлюбёная матчына песня расказвала пра нешчаслівае каханне, і галоўнаю асобаю, разлучнікам, выступаў Нёман.

Ні матыву, ні слоў успамянуць не магу, але яны недзе жывуць ва мне, і калі пачынаю ўяўляць нашу хату, маці пры рабоце, — здаецца, чую і песню.

Маці амаль не карала нас, хіба што хто-небудзь з дзяцей не хацеў маліцца або мыцца перад нядзеляю. Тады яна развязвала хвартух і даставала паўразамі па вушах. Ратавацца даводзілася на печы ў далёкім кутку, за комінам. Туды яна не лазіла, але гразіла: «Чакай адно! От пагляджу я, ці ўседзіш ты на печы, калі скварак на вячэру напяку».

Работы ў маці ставала: дзяцей было восьмера, значыць, з дарослымі, а з намі ўвесь час жыў дзядзька Антось, за стол садзілася нішто сабе дружына. Апрача таго, трэба было абшыць і абмыць усю гэтую плойму. Гаспадыня і прысесці не мела часу.

— Зараз палічым па імёнах маіх братоў і сясцёр: Уладзя жыве ў Акінчыцах[1]. Алесь — памёр яшчэ да вайны, Юзік — гаспадарыць у Смольні, на нашай старой сядзібе. А Міхась дзе цяпер — сказаць цяжка. Можа, жывога няма, можа, гібее дзе ў эмігранцкім пазаддзі. Што яго пахіліла да гэтага «беларускага руху» пад час акупацыі? Каб ведаць. Ён сам настаўнік, чалавек са здольнасцямі, друкаваўся ў «Нашай ніве» пад псеўданімам Антось Галіна. Мусіць, нейкая кволіна была ў яго ў нутрах, калі так лёгка падаўся з радзімы.

Сясцёр таксама ў мяне чатыры: Міхаліна зараз жыве з намі, Юзя — у Мікалаўшчыне, Лена — дзесьці замужам у Горлаўцы, а Маня — таксама замужняя жанчына, жыхарка Мікалаўшчыны.

Маці я часта сніў, жывучы ў Ташкенце. Здаецца, чакаю недзе ў лесе, а яе ўсё няма. Я пайшоў сцежкаю, а насустрач сын — Юрка. Кажа мне: «Пойдзем адсюль, баюся сустрэць бабчыну здань». Так увесь час і было. Адну ноч маці сню, а другую — баравікі. У Альбуці. Чорныя, таўсматыя.

Канстанцін Міхайлавіч пасядзеў крыху моўчкі.

— Дзіўная рэч гэтыя сны, браток. У Ташкенце быў я хворы і вельмі слабы. I лёгкі, як хорт. Усяго 57 кіло важыў. Калі я цябе ў ваеннай форме пабачыў, вось, думаю, гэты хлопец яшчэ менш за мяне цягне. Жыць-то яно лепей без лішняе вагі, але дрэнь у сне вярзецца. Хоць ты ў ложак не кладзіся.

Мне ў Ташкенце ўсё чэрці сніліся. Цэлыя сотні. Я іх пастаўляю на калені і прымушаю гаварыць пацеры і хрысціцца. Адзін чорт быў вельмі старанны. Ён біўся галавой аб падлогу, кладучы паклоны, і аж завываў, гаворачы малітвы. Аказваецца, ён прыкідваўся старанным, каб адхіліць мяне і самому камандаваць чарцямі. Дзеля гэтага ён перада мною пачаў называць сябе Ісусам Навінам. А я скеміў, дый рожкі ў яго тырчалі з-пад шапкі, і кажу: «Ісус Навін, ты чортаў сын!»

Гэта сон, думаю, ад Гітлера. Яму хацелася зваяваць столькі ж дзяржаў і царстваў, як некалі Навін з яўрэямі. I ён настройваў адпаведным чынам немцаў. Я думаў, колькі трэба будзе пасля вайны папавучыць іх, каб зрабіць падобнымі да людзей. Так і саснілася.

З другога боку, я чакаў выбуху ўнутры Германіі. Іначай, здавалася, вайны не скончым. Вельмі многа захапілі немцы, і вельмі моцна наеліся яны. А саюзнікі нашы адну тактыку маюць. Як трымаліся ў вайну, так і па вайне. Тады яны нас цярпелі як узброеную сілу, што нішчыць Гітлера, а цяпер грозяць. Вядома ж, паміж намі прорва, яе нічым не засыплеш.

вернуться

1

Весткі пра сваякоў Я. Коласа адносяцца да 1950 г.