Выбрать главу

Я загадаў свайму двайнiку класцiся i iранiчна сачыў, як ён хавае пад падушку нож. Мы з дублёрам выпiлi аднолькавую колькасць каньяку, аднак я быў прыкметна цверазейшы i даў яму каманду перакласцi падушку на процiлеглы край ложка, каб трымаць дзверы ў сектары агляду.

Ён лёг, нейкi час пазiраў у цемры на бялёсую шклiну, а потым, дзякуючы спiртному i нескладанай гульнi, правалiўся ў сон. Гэтым разам насамрэч правалiўся: сон быў глыбокi i глухi, быццам падарожжа ў закiнутых сутарэннях, дзе не мiльгане нi сонечнага промня, нi агеньчыка i нават не чуваць, як падаюць са скляпенняў кроплi.

I раптам уладная сiла падхапiла мяне i, пранесшы праз немаведама колькi паверхаў, апусцiла на ложак у пакоi, дзе пахла цыгарэтным дымам.

Нож быў выхаплены з-пад падушкi ў той самы момант, а мо i раней, чым я ўбачыў за дзвярыма туманлiвы цень.

Цень памарудзiў i растаў у калiдорным мораку.

Далей я дзейнiчаў, як робат: першым чынам кiнуўся да куфра i адным махам падцягнуў яго ўсутыч да дзвярэй. У наступнае iмгненне я заўважыў, што ў пакоi ўжо гарыць святло i абедзве мае рукi ўзброеныя.

- Хто ты? I што табе трэба? - гучна сказаў я да матавага шкла, здрыгануўшыся ад гукаў уласнага голасу.

Дзверы маўчалi. Злева, з таямнiчай прасторы люстра на мяне касавурыўся чалавек з паляўнiчым нажом i схопленай за галаву iндыйскай стодкай. Нас зноў зрабiлася двое, i сцiснутая ўва мне да ўпору спружына злёгку аслабла. Калi не лiчыць палахлiва прашмыгнулага па лiштэўцы прусака, дзверы не выяўлялi нiякiх прыкметаў небяспекi.

Вочы прымагнiцiла падлога. Адтуль, дзе стаяў куфар, па брунатных маснiцах пралеглi да дзвярэй свежыя драпiны. Тут не было нiчога звышнатуральнага, i я не адразу сцямiў, чаму не магу адвесцi ад iх позiрк.

Не, вочы не падманвалi: па фарбаваных дошках у тым самым накiрунку, да дзвярэй, iшла цэлая дарожка старых слядоў. Куфар перацягвалi сюды i раней!

Цяпер я зразумеў прызначэнне вераўчанае лесвiцы. Замацаваўшы яе металёвыя лапы, можна спусцiцца з вакна на дол. Вось адкуль узялiся тыя глыбокiя ўмяцiны на падваконнi!..

Памылкi быць не магло: я не першы, каго завабiлi ў гэтую пастку!

Адчуўшы поўную нервовую знясiленасць, я ўзгадаў, што ў аптэчцы ёсць снатворнае.

Першай заўтрашняй вястункаю рэальнасцi сталася думка пра вар'яцтва. У ёй было мала ўтульнага, але меўся i станоўчы момант: усе здарэннi атрымлiвалi тлумачэнне, а мне заставаўся паход да псiхiятра.

Але, ледзьве звесiўшы з ложка ногi, я мусiў паставiць на гэтым варыянце крыж, бо нi драпiны на маснiчынах, нi яшчэ красамоўнейшыя сляды жалезных лапаў на падваконнi i не думалi знiкаць.

Дык кiм жа быў гаспадар кватэры? Ахвяраю тутэйшай д'ябальшчыны? Яе сцэнарыстам цi рэжысёрам? У нашай сакавiцкай размове я выкопваў доказы на карысць i першай, i другой версiяў. Прычым адзiн i той жа аргумент, у залежнасцi ад ракурсу, i там, i тут выглядаў пераканаўчым. Напрыклад, рэакцыя на лядоўню. Жах, якi няма змогi схаваць? А мо чалавек з нервовым тварам i ранняй сiвiзной па-акторску прафесiйна ўжыўся ў ролю?

Я адшукаў вiзiтоўку з яго тэлефонам. Ахвяра цi паляўнiчы, у любым выпадку ён паводзiў сябе несумленна, i набiраць ягоны нумар было нiжэй маёй годнасцi. Апрача таго, затэлефанаваць значыла б прызнацца ў сваiм страху, магчыма, падараваць яму радасць. Памiж маiмi разважаннямi прыткнулася i падазрэнне, што нi такога нумара, нi чалавека з такiм iмем проста не iснуе.

Вярнуць куфар на месца ў параўнаннi з iмклiвым начным манеўрам аказалася значна цяжэй. Перад тым як адчынiць дзверы, я паслухаў прастору за iх ненадзейным бар'ерам. Шостае пачуццё падказвала, што зараз пагрозы няма. Я прыслухаўся да самога сябе i ўзяўся, куток за кутком, вычышчаць павучынне начнога страху.

За каваю зноў прыгадаўся гаспадар кватэры з яго худзiзною i бязглуздымi, як тады здавалася, пытаннямi, што цяпер набылi злавесны цёмны сэнс. Шапэн i прайгравальнiк безумоўна былi не апошнiмi звёнамi гэтага ланцуга таямнiцаў.

Шапэн, музычная крама, прэлюд No 15... У густой смузе блiснуў вогнiк. Я выйшаў з кухнi i ўважлiва паглядзеў на прайгравальнiк. У душы змагалiся два аднолькава моцныя жаданнi: першае - паставiць "прэлюдыю кропелек" i другое неадкладна занесцi апарат з кружэлкаю ў камiсiёнку цi, яшчэ прасцей, пакiнуць яго дзе-небудзь на паркавай лавачцы.

Як вы здагадалiся, я выбраў першае.

У тую хвiлiну я паабяцаў сабе, што не дазволю страху захапiць уладу, i зрабiў першы крок насустрач... Мне хацелася напiсаць "насустрач Ёй", аднак тут гэта будзе занадта рана i не скажа вам нi на драбок болей за папярэднюю фразу.

Я проста зрабiў крок да прайгравальнiка, падняў празрыстую пластыкавую накрыўку i, паставiўшы дыск, апусцiў iголку.

З маленства, калi гэта адбывалася яшчэ чыста iнстынктыўна, я слухаў класiчную музыку менавiта так: апусцiўшы павекi i трошкi прыцiснуўшы iх вялiкiмi пальцамi сашчэпленых рук. Такая пастава, пэўна, здзiўляла маiх суседзяў у канцэртных залах, але мне, аматару, якi не атрымаў музычнае адукацыi, заўсёды дапамагала авалодаць мелодыяй i напоўнiць яе асацыяцыямi i вобразамi, што ўзнiкалi на экране ўнутранага зроку.

Вобразы прыходзiлi самыя розныя. Парк з палацавым ансамблем у духу палотнаў Барысава-Мусатава i Бакста... Крыгi на восеньскай рацэ... Сонечны ўзлесак з чырвонымi пацеркамi сунiцаў...

Таката i фуга рэ мiнор Баха нязменна выклiкалi на гэтым экране старыя лiпавыя прысады i закрыты экiпаж, з якога выходзiць маладая жанчына ў бэзавай сукенцы. У далечы прысадаў з'яўляецца мужчынская постаць. Яны iдуць, потым бягуць насустрач адно аднаму, жанчына апынаецца ў яго на руках, ён кружыць яе пад вячыстымi дрэвамi, але на ўсёй радасцi гэтых дваiх ляжыць пячатка нязбытнага трагiзму.

Накцюрнавыя iнтанацыi прэлюда No 15 прыносiлi мне, можа, не самыя арыгiнальныя вобразы i гукi вясёлага плачу вясновых ледзяшоў. Нягледзячы на нервовую наструненасць, так здарылася i цяпер. Кропелькi дазвiнелi, i iголка ўзнавiла першыя акорды прэлюда No 16.

Вось тады, па-ранейшаму седзячы з заплюшчанымi вачыма, я i пачуў пах ментолавых цыгарэтаў. Я гатовы быў прысягнуць, што нiякiх староннiх гукаў, апроч музыкi, увесь гэты час у пакоi не было: не адчынялiся дзверы з лесвiцы, не рыпела маснiчына перад уваходам у пакой, не чыркалi запалкi i не пстрыкала запальнiчка...