Выбрать главу

- Мы ўвойдзем у зямлю тысячамi, мы ўвойдзем туды мiльёнамi, - пафасна дэкламаваў артыст. - Мы ўвойдзем акiянам людзей. Нас туды загоняць. Але адтуль не выйдзем, не выйдзем ужо нiколi... Мы загiнем, мы пахаваем сябе ў ненасытным руху i працоўным удары. Зямлёю народжаныя, мы ў яе i вернемся...

У Казiмiра пацямнелi сiненькiя вочкi, i ён, цяжка ўздыхнуўшы, сумна сказаў:

- Што ж, яны хочуць загнаць туды ўсiх. Але я вярнуся адтуль i вызвалюся. На волi буду.

Казiмiру заставалася больш шасцi гадоў няволi.

- I ты спадзяешся выжыць i вызвалiцца? - спыталi ў яго незычлiва.

- Дажыць не дажыву, а вызвалюся. Сам. Вясною. Як схлыне вада ў тайзе i зямля зазелянее.

Пра канец тэрмiну, пра волю ў лагеры мараць усе. Воля, як у доўгiм тунелi, трымцiць недзе далёка бляклым агеньчыкам, запаветная, але цi рэальная? Не кожны верыць, што дапаўзе да той волi. У нас, абяссiленых, унiжаных, абражаных, галодных, бяспраўных, кожны дзень жыцця залежыць ад тысяч прычын: заўтрашняй пагоды, ад таго, цi дастанецца табе поўная пайка; цi прыпiша дзесятнiк брыгадзе, а значыць, i табе норму выпрацоўкi; на якiх нарах ты будзеш сёння спаць - верхнiх, цёплых, цi нiжнiх, дзе сценкi барака прамерзлi i пакрылiся знутры наледдзю, як аплывы на свечках; цi паб'е цябе блатар, а можа, i пакалечыць i яшчэ цяжэй - прайграе ў карты; захварэеш ты на пелагру, калi скура пачынае лушчыцца i злазiць з цела; адлупцуе цябе канваiр за тое, што адстаеш у страi... I яшчэ дзесяткi i сотнi прычын, ад якiх залежыць лёс зэка, кожны яго дзень - гэты маленькi асколачак, якi трэба адбiваць ад цяжкага, як гранiт, вызначанага табе тэрмiну.

Чым цяжэй жывецца зэку, тым менш ён заглядвае ў будучае, марыць пра яго, а ўсё ў яго скiравана на тое, як пражыць дзень сённяшнi, як перахапiць нешта з яды або як лiшнiя хвiлiны пафiлонiць, сачкануць, пабыць у цяпле.

I калi Казiмiр загаварыў пра волю, вызваленне з лагера, то гэта i здзiвiла нас, i насцярожыла. Казiмiр без намёкаў сказаў, што ён уцячэ. У лагеры, калi хто збiраецца на ўцёкi, то трымае гэта ў тайне. За адно падазрэнне, што рыхтуецца "даць драла", заганяюць у штрафны iзалятар або ў штрафную калону. Неабвержны доказ падрыхтоўкi да ўцёкаў - сушка сухароў. Знайшлi ў каго сухары - усё, ён уцякач, яго iзалююць. А Казiмiр прылюдна бухае пра свае патаемныя планы, быццам не баiцца, што словы яго могуць дайсцi да опера.

Да опера i не дайшло. Калi якi цiхушнiк i чуў Казiмiрава прызнанне, то палiчыў за балбатню.

Надышла вясна, i тайга ачысцiлася ад снегу.

Калона насыпала палатно для будучай чыгункi. Норму брыгада выконвала, i ўсе атрымлiвалi поўныя пайкi. Разам з усiмi такую пайку атрымлiваў i Казiмiр, але як нiколi ён чамусьцi штовечар тырчаў каля кухнi, клянчыў дабаўку, набiваўся памагаць хлебарэзу. I што яшчэ больш здзiвiла - называючы сябе чалавекам слабым, усяляк дэманстраваў сваю слабасць, асаблiва перад канвоем i перад начальствам. Заўсёды плёўся ззаду ў страi, i яго ахоўнiк падганяў мацюком. На пастраеннi таксама выходзiў апошнi, што злавала i нас, бо даводзiлася чакаць, стоячы на холадзе, на ветры. Пачаў скардзiцца начальству, што ў яго баляць ногi, i брыгадзiр - iм цяпер стаў журналiст - ставiў Казiмiра на падсобныя работы, там, дзе было лягчэй.

Казiмiру дагэтуль вельмi рэдка прыходзiлi лiсты. А тут - лiст за лiстом, а потым i пасылка прыйшла, у якой быў вязаны швэдар, штаны i чаравiкi з камбiнацыяй скуры i гумы. З прадуктаў былi сухары i сала. Пасылку, вядома, у бараку пакiдаць нельга было, яе б укралi, i Казiмiр, якi паспеў здружыцца з хлебарэзам, аддаў яму на схову.

- Хлопцы, - сказаў ён брыгадзе, - сала i сухары мы потым з'ядзiм, у мой дзень ангела. Тады пачастую ўсiх.

А калi яго той дзень, не сказаў. Мы думалi, што недзе хутка.

На трасу ў той ранак Казiмiр выйшаў у сваiх прысланых з дому чаравiках, у швэдарку, паддзетым пад лагерную кашулю, i з торбай. Наконт яе растлумачыў, што начальства загадала хлебарэзу выкiнуць з хлебарэзкi ўсё лiшняе, таму ён i ўзяў торбу з сабой.

На трасе апошнiя некалькi дзён працавалi самазвалы. Наша брыгада грузiла ў iх шчэбень з забою, дзе ўзарвалi пароду падрыўнiкi. Забой меў некалькi асобных рукавоў, куды заганялiся задам самазвалы. Сярод пагрузчыкаў працаваў i Казiмiр. Быў там i я. Працавалi няспешна, бераглi сiлы, бо пэўнай нормы, колькi трэба пагрузiць машын, яшчэ не было. Таму i бераглi сiлу, жылы не рвалi. Ну а Казiмiр асаблiва стараўся сачкануць.

Скончыўся рабочы дзень лёгка. Машыны пайшлi з трасы ў свой аўтапарк, а брыгада прылегла перад паходам у калону адпачыць i перакурыць.

Калi пастроiлiся, канваiры нас палiчылi.

- Аднаго не хапае! - крыкнуў усхваляваны канваiр.

Пачаў яшчэ лiчыць - сапраўды аднаго не хапала. Каго? Праверылi - не было Казiмiра.

- Казiмiр, сякi-такi, дзе ты? - пачалi мы гукаць яго i абурацца. - Кожны раз цябе чакай.

- Ён у забоi, вiдаць, заснуў, - падказаў нехта.

Праверылi забой, усе рукавы яго - нiдзе не было. Стралок даў два стрэлы ўгору, нас пасадзiў на зямлю, i мы сядзелi, пакуль не прыбыў дзяжурны. Сядзелi, лаялi Казiмiра злой, адборнай лагернай лаянкай. Мы ўсё яшчэ думалi, што ён недзе заснуў.

Дзяжурны прыйшоў з сабакам, абшукалi забоi, увесь аб'ект працы - нi Казiмiра, нi яго слядоў. Знiк Казiмiр.

Прыйшлi ў калону на дзве гадзiны пазней i елi вячэру халодную.

Днi праз два артыст сказаў:

- Я ведаю, як ён уцёк. Ён на самазвале паехаў. Лёг ў кузаў i выехаў за ахоўную зону.

След Казiмiра адшукаўся зусiм незвычайна. Месяцы праз тры, ужо ў канцы лета, артыст атрымаў лiст, на капэрце якога быў маскоўскi штэмпель. Я чытаў той лiст.

"Прывет, Барыс Iсакавiч, - пiсаў Казiмiр, - я, вось бачыш, усё ж вызвалiўся. Прашу цябе зрабiць ласку. У бараку на маiм былым месцы, пад дошкай, дзе ўзгалоўе, ляжыць фотакартка маёй дачушкi. Будзь другам, вазьмi яе i перашлi, бо такой фотакарткi ў мяне больш няма".

Ён указаў маскоўскi адрас нейкай жанчыны.

У лiсце перадаваў прывiтаннi ўсёй брыгадзе, у тым лiку i мне.

- Глядзi ты, - здзiўляўся артыст, - вызвалiўся, а? Уцёк. Да Масквы дабраўся. Вось табе i слабы чалавек. Яму ж для гэтага i адзенне прыслалi. Можа, i пашпарт быў у той пасылцы?

Фотакартку артыст знайшоў i выслаў. Мы яе бачылi. Там была бялявая, з дзвюма коскамi дзяўчынка, вельмi падобная на Казiмiра.