Выбрать главу

- Вы не прызнаяце сябе вiнаватым, а сведка паказвае, што вас завербаваў шпiёнам. Чым вы гэта растлумачыце?"

- Ён даў такiя паказаннi пасля катаванняў. Не вытрымаў.

- Якiх катаванняў? Што вы тут гародзiце?..

- А то вы не ведаеце, як атрымоўваюць тут такiя прызнаннi. I мяне катавалi. Двое сутак вось тут каля сцяны стаяў, пакуль не павалiўся, страцiўшы прытомнасць.

Пётр паверыў, што таго падследнага i Стасевiча бiлi, але ж верыў у яго вiнаватасць.

- Нi ў якую арганiзацыю я не ўваходзiў, нiчога варожага не ўчыняў, настойваў Стасевiч.

Пётр добрасумленна ўсё запiсаў у пратакол, што Стасевiч яму расказваў, запiсаў падрабязна.

- Саўдзельнiк ваш i кiраўнiк групы паказвае, што вы перадавалi шпiёнскiя звесткi ў Польшчу праз свайго дзядзьку. Гэта так?

- Глупства. Як я мог штосьцi перадаваць дзядзьку, калi я яго нiколi ў жыццi не бачыў, не знаёмы з iм. Мой дзядзька - матчын старэйшы брат - яшчэ вясковым хлопцам ажно ў трынаццатым годзе паехаў на заробкi ў Варшаву ды там i застаўся жыць. Пасля рэвалюцыi мы атрымалi ад яго толькi некалькi лiстоў. I што з iм цяпер, цi жывы ён, не ведаю.

Пётр усё гэта запiсаў.

- Я зраблю вочную стаўку з вашым саўдзельнiкам, - сказаў Пётр, - калi ён не пацвердзiць на вас свае паказаннi, то вы сапраўды невiнаваты.

Наiўны, нявопытны быў Пётр. Што ж, навiчок, зялёны яшчэ следчы. Верыў у справядлiвасць i правату сваёй службы.

Дапытвалi тады начамi. Недзе пад канец ночы да Пятра ў кабiнет зайшоў капiтан, ягоны начальнiк.

- Ну, - сказаў ён, убачыўшы пратакол допыту, - раскалоўся?

- Даў падрабязныя тлумачэннi, - адказаў Пётр.

Капiтан узяў пратакол i выйшаў з iм. Праз нейкi час зайшоў сяржант, сказаў, што Пятра выклiкае капiтан. Сяржант застаўся з падследным, а Пётр зайшоў да капiтана.

- Якiя ты тут казкi пазапiсваў? Нам прызнаннi яго патрэбны.

- Але ж Стасевiч не прызнаецца i даказвае, што не вiнаваты.

- Раз ён тут у нас, то павiнен прызнаць сваю вiну. У нас невiнаватыя не сядзяць. А гэты твой пратакол вось куды. - Капiтан парваў яго на шматкi i шпурнуў у кошык для смецця. - Справа на гэту шпiёнскую групу зацягваецца, яе трэба хутчэй скончыць. Даю табе два днi тэрмiну. Прымай любыя меры, а прызнанне вырвi. Я табе прышлю памочнiкаў.

Памочнiкi прыйшлi ў другую ноч - сам капiтан i сяржант.

- Устаць, - скамандаваў капiтан Стасевiчу.

Той устаў. Капiтан узяў стул, адсунуў яго ў кут i падступiў усутыч да Стасевiча.

- Ты колькi будзеш часу нам марочыць галаву? Чаму водзiш за нос следчага? Махровая твая варожая шкура, маць тваю... Прызнаешся?

- Я не вiнаваты. Мне няма ў чым прызнавацца.

- Значыць, не вiнаваты? - прасiпеў скрозь зубы капiтан, i разам з сяржантам адначасова ўдарылi Стасевiча.

Той упаў, яго бiлi нагамi, кулакамi. Стасевiч скурчыўся, прыкрываў твар i галаву рукамi, каленямi прыкрываў жывот, крычаў ад болю, стараўся падсунуцца да сцяны, каб абаранiць спiну.

Пётр глядзеў на гэту расправу з жахам у вачах i гатоў быў кiнуцца на абарону Стасевiча, не даць яго забiць зусiм.

- Чаго стаiш, iдзi памагай! - крыкнуў Пятру капiтан.

Пётр, аднак, не зрушыў з месца.

- Хопiць бiць, - сказаў ён, - я дапытаю яго яшчэ раз.

- Ну дапытай, - дазволiў капiтан. - Яшчэ суткi даю табе на яго.

Капiтан i сяржант выйшлi. Пётр схiлiўся над Стасевiчам, спытаў, як той сябе адчувае, цi не трэба выклiкаць лекара.

Падследны сеў, упёршыся спiнай у сцяну. Ён цяжка дыхаў i плакаў. Пётр выклiкаў лекара. Той прыйшоў, пастаяў каля падследнага, сказаў яму:

- Самi вiнаваты. Прызналiся б, i вас не бiлi б. - А Пятру растлумачыў, што цяжкiх пашкоджанняў не бачыць, медыцынскай дапамогi не патрабуецца, i выйшаў.

- Бiць умеюць, - адплёўваючыся крывёю, сказаў Стасевiч. - Анатомiю вывучылi. Раны застаюцца ўсярэдзiне.

Пётр адправiў Стасевiча ў камеру, змену сваю даседзеў за сталом у цяжкiм роздуме. Яму дадзена яшчэ адна ноч, каб выбiць з гэтага недабiтага чалавека патрэбныя следству прызнаннi. Прызнаннi ў тым, чаго не рабiў i не мог зрабiць.

У наступную змену ён прыйшоў з намерам заявiць свайму начальству, што бiць падследнага не будзе, бо гэта не дастойна савецкiх чэкiстаў. Дзяржынскi такому не вучыў. Капiтан выслухаў i сказаў:

- Дарую табе, што ты яшчэ зялёны навiчок. Але прывыкнеш i сам будзеш бiць, нiкуды не дзенешся. Такая наша работа i служба. Ты думаеш, я веру, што Стасевiч шпiён? Чорта з два. Нам трэба, каб ён iм быў... - Капiтан памаўчаў i сказаў: - Добра, раз ты яго ведаў да арышту, я перадам справу Стасевiча iншаму следчаму. Вопытнаму.

Ён так i зрабiў, а Пётр атрымаў справу на маладога паэта.

Пётр гэтага паэта ведаў па вершах, якiя часта друкавалiся ў маладзёжных выданнях. Некаторыя радкi з iх нават помнiў. Паэт абвiнавачваўся ў больш лёгкiм злачынстве, чым Стасевiч, - у антысавецкай агiтацыi. Ночы допытаў былi спакойныя i для Пятра, i для паэта. Паэту смерць не пагражала, як Стасевiчу, а самае большае - дзесяць гадоў няволi. Да якой-небудзь так званай контррэвалюцыйнай арганiзацыi паэта не далучалi.

- Я ведаю, - сказаў паэт Пятру, - што адсюль я не выйду чыстым. Адсюль нiхто i не выходзiць. Таму i не прымушайце мяне нагаворваць на сябе лiшняе. Лiчыце мяне нацдэмам, якi плакаў аб мiнуўшчыне Беларусi. Я ўсё гэта падпiшу.

Паэт i падпiсаў усе пратаколы. Пётр скончыў следства хутка i ўзяўся пiсаць абвiнаваўчае заключэнне, напiсаў, падаў на зацвярджэнне начальству. Начальства з заканчэннем следства на паэта не згадзiлася i справу яго павярнула iнакш паэта прыцягнулi да групы iншых лiтаратараў, якiх абвiнавачвалi ў шпiёнска-тэрарыстычных дзеяннях. А за гэта паэту ўжо пагражаў расстрэл. Пятру было загадана аднавiць следства i выбiць у паэта прызнанне ў злачыннай сувязi з той групай.

Пётр з гэтым не згадзiўся i падаў рапарт начальству вызвалiць яго ад пасады следчага, перавесцi на iншую работу. У рапарце напiсаў, што не можа выконваць тое, што яго прымушаюць рабiць. Нарком НКУС праславуты Берман выклiкаў Пятра да сябе, назваў яго дэзерцiрам, баязлiўцам, якi хоча ўцячы з адказнага пярэдняга краю барацьбы з ворагамi народа, i адмовiў у яго просьбе. Тады Пётр напiсаў рапарт i папрасiў увогуле звольнiць яго са службы.