Выбрать главу

Адказу чакаў некалькi дзён. На службу прыходзiў, але на допыт падследнага паэта не выклiкаў. Замест звальнення Пятра арыштавалi i пасадзiлi ў адну з тых жа падвальньных камер, дзёе сядзелi былыя яго падследныя.

Справу яго вырашылi хутка. Прыпiсалi шпiянаж, дыверсiю, i ваенны трыбунал прысудзiў яго да расстрэлу.

Далей прыводжу расказ самога Пятра Максiмавiча.

- Асудзiлi мяне i перавялi ў камеру-адзiночку. Я ўжо ведаў, што смяротныя прыгаворы прыводзяцца ў выкананне неадкладна. З суда мяне прывезлi ў турму апоўднi. Значыць, буду расстраляны ноччу. Што я думаў у тыя гадзiны, што адчуваў, расказваць не буду. Пра iх i нельга расказаць. Можаце самi ўявiць. Я не прысеў, не прылёг нi на хвiлiну. Я хадзiў да ночы па той маленькай камеры, нiбы хацеў навярстаць, падоўжыць свой шлях жыцця. Я баяўся, што калi лягу цi нават прысяду, то ўжо i не ўстану, сам памру. Я ўяўляў свой расстрэл, уяўляў, як падаю тварам у яму на некага ўжо мёртвага, як потым нехта мёртвы ўпадзе на мяне. Куча трупаў, якая потым стане кучай касцей... I калi-небудзь хтосьцi выпадкова наткнецца на тую кучу, цi даведаюцца, хто там, чые жыццi ў той яме знайшлi канец? Цi падумаюць, што там людзi, забiтыя без вiны, загубленыя страшным дзяржаўным канвеерам смерцi, якi ўчынiлi вар'яты, што стаялi на чале дзяржавы? Каб пакiнуць якi след пра сябе, я надрапаў на расчосцы сваё прозвiшча i iмя. Хоць нейкi сiгнал у будучае. Няхай даведаюцца, хто там ляжыць.

Уначы прыйшлi да мяне, звязалi назад рукi i ўвапхнулi ў машыну. А там ужо было набiта поўна, усе стаялi, не павярнуцца, цёмна, нiкога не бачыш, хто ён.

Чалавек, па сабе гэта мяркую, якога прыгаварылi да смерцi i ўжо вядуць забiваць, усё адно да самай апошняй секунды на нешта спадзяецца. Таму, мабыць, смяротнiкi i маўчаць, не крычаць, калi iх грузяць у машыну, вязуць, выводзяць да ямы, бо ўсё яшчэ не вераць сваёй смерцi. Гэтак жа было i са мной. I я не верыў.

У машыне стаялi шчыльна адзiн да аднаго - нi сесцi, нi ўпасцi. Прывезлi ў нейкi лес. Усiх расстралялi. А я вось, бачыце, жывы.

- Адпусцiлi? Спектакль устроiлi з вамi? Каб прымусiць служыць? - пачаў распытваць я.

- Каб жа так. Я ўцёк. Паверце, уцёк з-пад расстрэлу, калi ўжо сядзеў на краi ямы.

- Неверагодна, - засумняваўся я.

- А са мной вось што здарылася. Можа, ведаеце, што ёсць такiя гiбкiя людзi, якiх як бы нi звязвалi, развяжуцца. Такiя ў цырку выступаюць, паказваюць сваё ўмельства. Нейкая такая здольнасць была i ў мяне. Яшчэ калi ў камеры пачалi звязваць рукi, я iх трымаў у такiм напружаннi, каб не маглi сцягнуць вузел да канца. Усю дарогу ў машыне я варушыў рукамi, расцягваў вяроўку. Вяроўка не жалеза, яна ж расцягваецца. Нарэшце адчуў, што магу ўжо рукi вызвалiць. А калi гэта адчуў, то адразу ж узнiк намер паспрабаваць уцячы. Скарыстаць апошнi шанц на паратунак. Рызыка апраўданая. Усё адно смерць, дык цi вялiкая рознiца, калi прыстрэляць пры ўцёках.

Прывезлi, значыць, у лес. Адчынiлi дзверы, пачалi выводзiць з машыны. Ноч цёмная. Месца расстрэлу асвятляецца лiхтарамi "лятучая мыш". Два лiхтары вiселi над выкапанай ямай, былi лiхтары i ў некаторых ахоўнiкаў. Выйшаў я з машыны, падышоў да ямы, сеў на яе край. Мне спатрэбiлiся секунды, каб ацанiць, узважыць абстаноўку. За маёй спiнай стаяў ахоўнiк з лiхтаром i з наганам у руцэ. Я чакаў, ну няхай бы ён крыху адышоў убок. I мне пашанцавала. Нехта са смяротнiкаў не стаў выходзiць з машыны, i, каб вывалачы яго, туды на дапамогу кiнуўся той ахоўнiк, што стаяў за маёй спiнай. Я ўмомант вызвалiў рукi з вяроўкi, перакульнуўся назад цераз галаву i ў два скачкi апынуўся за машынай, дзе было цёмна. Мне ўслед стралялi, крычалi, нехта бег за мной, але ж - ноч, цемра i лес мяне схавалi.

I я ўцёк. У тую ноч пад ранiцу я дабраўся ў вёску да сястры, зайшоў у хату. Сястра ахнула.

- Божа, што з табой? Ты - стары.

Я зiрнуў у люстэрка на сцяне: валасы мае былi белыя як снег. Пасiвеў за дзень. У сястры я ўзяў грошы, свой пашпарт, якi я ў яе пакiнуў раней выпадкова, i махнуў куды вочы глядзяць.

А праз тры з паловай гады вайна пачалася. Быў фронт, вучоба ў ваенна-iнжынерным вучылiшчы. Шпiталь. Так вось i ўцалеў, дажыў да гэтага часу.

- Жылi са сваiм прозвiшчам? Няўжо вас не шукалi? - спытаў я.

- Выходзiць, не шукалi. Вiдаць, ахоўнiкi пабаялiся сказаць пра мае ўцёкi. Данеслi, што расстралялi ўсiх. Гэта пацвердзiлася пры маёй рэабiлiтацыi ў пяцьдзесят шостым годзе. У справе падшыта даведка: расстраляны пятага кастрычнiка, гэта значыць у дзень, калi я ўцёк.

Гiсторыя, як бачыце, неверагодная.

...Абодва мы нейкi час маўчалi, глядзелi ў акно вагона, якое раптам пасвятлела, бо пасвятлела неба i дожджык скончыўся. А ўжо перад самым Мурманскам убачылi, як на ачышчаным ад хмар вячэрнiм небе, нiба арка, успыхнула i працягнулася з усходу на захад паласа жаўтаватага святла. Яна трапяталася, зыбалася, выпрамляючыся або яшчэ больш згiнаючыся ў светла-жоўтую дугу. Край светлай паласы ўспыхваў чырванаватым ззяннем. Думалася, што вось-вось успыхне знакамiтае запалярнае ззянне. Праехалi далей, блiжэй да горада, ззянне не ўспыхнула, а, наадварот, аслабела, паблякла.

- Гэта Мурманск хацеў пасалютаваць нам, - сказаў Пётр Максiмавiч.

Пасля гэтай сустрэчы ў цягнiку мы з Пятром Максiмавiчам пасябравалi i, пакуль я служыў у Запаляр'i, сябравалi i сем'ямi.

Ды i цяпер не забываем адзiн аднаго, перапiсваемся, бачымся, праўда, рэдка, хоць i жыве Пётр Максiмавiч недалёка ад Менска.

СТРЭЛ У СУДЗЕ

Зайшоў да мяне ў кабiнет ваенны следчы маёр юстыцыi i спытаў, цi хачу я паглядзець на забойцу.

- А хто ён?

- Салдат.

Адносiны да забойцаў у мяне, як i ў кожнага нармальнага чалавека, даволi адназначныя - гэта самыя цяжкiя злачынцы, i з iмi трэба рабiць тое ж, што зрабiлi яны са сваiмi ахвярамi, - забiваць. Дзейнiчаць па прынцыпу талiёна: вока за вока, зуб за зуб, забiў - забiць самога. Так i было ў даўнiя часы, прымяняецца гэты прынцып i ў наш час у некаторых iсламскiх краiнах. I калi сёй-той з "гуманiстаў" выступае за адмену пакарання смерцю, няхай яны ўявяць або сябе ахвярамi забойцы, або сваiх самых блiзкiх. Я таксама стаю за адмену пакарання смерцю, але з iстотнай агаворкай - захаваць расстрэл забойцам. Толькi забойцам.

Вельмi цяжка зразумець, як псiхiчна здаровы чалавек можа забiць чалавека дзеля нейкай сваёй карысцi. Жах!