Выбрать главу
Любой сцяной схавай жанчыну, У мармур апрані яе — Яна адчуе пах крушыны I попел зор у пальше.
Ёй дадзена самой прыродай Трапяткасць і чуццё бяды... Жанчына не спытае: «Хто ты?» А вечна моліцца: «Дзе ты?»
ЗАЛАТЫЯ БЕРАГІ
Гайдаецца сонца, як звон безгалосы, I пырскі па скуры вядуць пісягі. Плыву у чаўне хуткаплыннага лёсу. А дзе ж залатыя мае берагі?
Пакуль што навокал — адхоны крутыя, Каменні, як чорныя локці, тырчаць. Даўно пахавала пяскі залатыя Наноснае смецце, што хвалі імчаць.
Наперадзе бачу чысцюткае сяйва. За мною, як птушка, ляціць вышыня. А ў рэчку збягаюць іржавыя травы, А рэчку паскудзяць бензінам штодня.
Звужаецца русла у зморшчыну жалю, А ззяючы бераг далей і далей... I скуру апошнімі промнямі джаліць Маленькае сонца маленькіх людзей.
КНЯЗЁВАЯ ГАРА
На Князёвай гары, за ваколіцай,— ліпа і бусел. Але ўсё ж памірае курган з апусцелым сялом. Пахаваны там князь—радавіты і велічны, мусіць. (Трэба ж велічным быць, каб важдаліся людзі з пяском.) На Князёвай гары асядае зямля пад нагамі. (Тут хавалі калгаснікі з фермы суседняй свіней.) Вёска продкаў маіх перад смерцю паслала за намі I, як добрая маці, няўдзячных дзяцей не кляне. Хутка ўстане ўладар, з доўгай чугі зямлю абцярусіць, Лёгкі месячны човен сплыве на высокі палын... На Князёвай гары, за ваколіцай,— ліпа і бусел... Я апошняе страчу, як страчу пра гэта ўспамін.
ВЫБАР
На скрыжаванні дзвюх дзедаўскіх моў Я слова не маю для плачу. I столькі за мною згарэла шляхоў — Дарогі за дымам не бачу. Падвойнае неба сузор'і дваіць. I справа, і злева — званіцы. А слова патрэбна, якое баліць, I мова, якою маліцца. А справа і злева спакойна плывуць Бяздумныя, шэрыя хмары... Удары званоў — бы каменні ваду — Хвалююць іх цьмяныя твары. Мяне перакрэсліў адбітак крыжа. Дзве мовы — як моцныя рукі — Расцягваюць душы. А ў спратах душа Хавае памерлыя гукі. А хмары за ветрам плывуць і плывуць, I дым асядае бяссілы. і крыж пахінуўся... і ўладна завуць Забытыя мною магілы.