ПЕСНЯ ПАМІРАЮЧАГА ВОЯ
Нядоўгі бурлівы свой век
Я смерці служыў, як царыцы—
Яе пацалункам скарыцца
Павінен слабы чалавек.
Сузор'е Паўночнай Кароны
Вянчае яе галаву.
Служыў я царыцы да скону
I верыў, што годна жыву.
Я зведаў аднойчы каханне,
I двойчы мне славу раўлі,
I беглі за мной на аркане
Чужых астравоў каралі.
Мне ўсё даравала царыца,
Але—не апошні уздых,
Калі я хацеў памаліцца
За душы забітых усіх.
Няўмольнасць!
Тваім пацалункам
Мне грэбаваць зараз не след,
Бо зброю пакінулі рукі,
А зброя —
не вызваліць свет.
...Зямля прарасла цішынёю.
Слізгае па костках рала...
Я думаў:
Радзіма — за мною.
Яна ж —
пада мною была...
ЦІХАЯ ПЕСНЯ
Ціха-ціха, паступова
Адмірае наша мова.
Чахне, быццам каралеўна,
У дзявочай вежы гнеўнай.
Асядае, як курганне
Над героямі паданняў,
Высыхае, як слязіна
Засынаючай дзяўчыны.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха год ад году
Адмірае наша годнасць.
Патухае, як лампада
У куце змярцвелай хаты,
Пахінаецца распяццем
Над магілай божай маці,
Апускаецца, як глеба
Над разруйнаваным склепам.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха, скрушна-скрушна
Адміраюць нашы душы,
Шамацяць чаротам-дротам
Над асушаным балотам,
Патухаюць, як вуголлі
У кастрах начнога поля,
Лісцем курчацца з'інелым,
Болем бел-чырвона-белым...
Ціха-ціха, не зважаем,
Як мы, браткі, паміраем.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш— не спагоніш.
ГРАМНІЦЫ
Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы,
I звычай дзядоўскі нам час аднавіць.
Давай жа запалім грамнічныя свечкі —
I зло
разам з цемрай
ад нас
адляціць.
Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку
I Лазнік у ваннай даесць павука,
I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу,
Пачне ад бяссоння ратунку шукаць.
I горад не здолее нават здзівіцца,
Убачыўшы, хто не дае яму спаць —
Маланкавалосыя гэта Грамніцы
На воблаку
срэбньіх мятлушак
ляцяць!
I свет ажыве—і паганскі, і боскі,
I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом.
I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску,
I трэба ўключыць у пакоі святло...
I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх,
Па вузкіх сцяжынах зімовых алей...
I жывіць душу таямніца і казка.
I неба — бліжэй,
а зямля — даражэй.
ДАРОГА Ў НІКУДЫ
«Я ведаю, куды вяду!» —
Крычала ўсім адна дарога.
Крычала гучна.
Хто пачуў —
Пайшоў па ёй.
Пачула ж — многа.
Гарлала рэха ў вышыні.
А паўз дарогу
гнала смецце,
I верас курчыўся ў агні,
і птушкі падалі,
як сэрцы.
«Я ведаю!»
I ўсе ішлі.
І верылі,
У што? Не помняць.
Дарога бегла ад раллі
І ад квітнеючага поля.
Але не век жыве спадман,
I змоўкла ў рэшце рэшт дарога.
...Глядзяць,
наперадзе — туман.
А ззаду —
дык зусім
нічога.
* * *
І возера паглынула замак за грахі тых, хто жыў там...
Згінаюцца дрэвы ад подыху цёмнага ранку.
Вада паглынае каменні адзін за другім,
Зацягнуць гарлачыкі новую сінюю рану,
I пройдуць гады,
і лазой зарастуць берагі,
З акон электрычкі народ паглядае паныла
На брудную сажалку
і перарэджаны лес.
За рэшткамі замка ў ваду уваходзяць магілы,
I лес адступае ад шумнай дарогі далей.
Здаецца мне, нашы азёры —
чароўныя дзверы
У лепшы, не здраджаны і не прададзены свет.
Туды саступае былое святое
і веры
У нас пакідае не болей,
чым зерня ў асве.
Ідзе па начах нетаропкае, сумнае шэсце.
Ў азёры сыходзяць будынкі,
звяры і бары...
Пасля высыхаюць азёры...
І мокрае смецце
Нікому не скажа, якія хавае муры.
Ізноў электрычка прастуе праз роўнае поле.
Няўважныя позіркі ў ёй і смурод цыгарэт...
I раптам па шкле расцякаюцца
чорныя кроплі...
Апошняе возера
плюнула злосна услед.