ГАСПОДА
Няўжо майстэрства —
гэта старасць?
Няўжо нам старасці жадаць?
То шкалярам адзіна радасць —
У вузкіх вулках горла драць.
А мы — чаляднікі.
Падмайстры.
Прад кожным з нас —
галодны шлях.
Зрабіцца ж майстрам кожны марыць,
Хто мае талент у руках.
Цалуе майстар куфлі піва,
А мы пакуль —
сваіх дзяўчат.
Гаспадара несправядлівасць
Сцярпі,
змаўчы,
стрымайся, брат.
Пакуль з сябрамі — ты не трэска.
За крыўды б'е гаспадароў
У Полацку, Гародні, Менску
Гаспода — брацтва падмайстроў.
Гаспода — гэта, браце, сіла!
Калі табе ўсміхнецца час,
Не забывай: яна вучыла
Быць вернымі мастацтву нас.
БАЛАДА ПРА МІХАЛА ПАДАБЕДАВА
Струны весела спявалі:
«Воля, шчасце, доўгі век!»
Волю выкупіць за талент
Спадзяваўся чалавек.
«Маладосць! — спявалі струны.—
Час, калі мы — каралі!»
Ды музыку ў горад тлумны
Разам з песняй прадалі.
Ці ў нявольнікі, ці ў госці —
Ды чужая старана!
I натхнёнай маладосці
Звонка лопнула струна.
Што ж далей? Няўжо за славу
Волі вольнай не здабыць?
Сёння пан гарлае «Брава!»,
Заўтра — пра цябе забыў...
У тэатры добра плацяць,
I музыка там — прывык.
А струна былога шчасця
Абарвалася, бы крык.
Немату душы агучыць
Толькі часу вольны рух:
Дзве прыгожанькія ўнучкі
Скораць модны Пецярбург,
Сын калісь разбагацее.
Ты ж — нажыў грахі свае.
І струна жывой надзеі,
Як праменьчык, растае.
Што далей? Хвароба,
шаты
Шклоўскіх ліп, гады журбы.
Сын — і вольны, і багаты.
Ты — прыгонны і сляпы.
Праляцела ўсё, як вецер,
Слава высахла слязой.
I струну жыцця нарэшце
Смерць абрэзала касой...
* * *
У 1812 годзе Бабруйскую крэпасць на працягу чатырох месяцаў асаджвалі войскі генерала Дамброўскага...
Першы снег быў чысцюткі па-боску
На зямлі, зганьбаванай крывёй.
Генерал іншаземнага войска
Павітаўся з Радзімай сваёй.
Ён тлумачыў:
не ворагу служыць,
А сваёй незабыўнай зямлі.
«Мы свабоды французскую ружу
На крывавых штыках узнялі,
Мы жаданую волю прынеслі,
Дык выходзь, сустракай, землякі!..»
За мурамі суровела песня,
Падаў снег на чужыя штыкі...
«Я да вас з паратункам вярнуўся!»
Ды маўчанне
астуджвала пал...
Перад гордай душой Беларусі
Што ты мог,
прыгажун-генерал?
Белым сумам заносіла вочы.
Шлях зваротны
занесла ганьбой...
Прачынаўся Дамброўскі уночы:
«Ці свабоду я вёў за сабой?»
ЗАСНАВАЛЬНІКАМ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА
Няўжо ён плакаць толькі ўмеў
Над лёсам вёскі беларускай?
Чаму баяцца ўкласці смех
У
зараз бронзавыя
вусны?
Няўжо ён словы — вымаўляў,
А не казаў і супіў бровы?
Вучыць —
пачэсней, чым іграць.
Але ігра —
на роднай мове.
Што зробіць плакальшчык?
Капеж.
Вясну стварае той, хто свеціць.
Камедыянту плацяць менш,
Чым вою.
Толькі грошы — вецер.
Тых, што ўсміхаюцца на боль,
Найболей цемрашал баіцца.
Адна шкадоба —
не любоў.
Радзімай трэба ганарыцца!
I нельга не любіць жыцця!
Калі ж паперы стануць дымам,
Ад бронзы,
як ад забыцця,
Ратуй сваіх сыноў,
Радзіма!
ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ
Як лёс, шалее завіруха —
Аж рабацінне у вачах.
Вандроўнік, бачыш?
Да прытулку
Табе агеньчык меціць шлях.
Не, нездарма міргала свечка!
Дабро у хату —
добры госць!
Заходзь, вандроўны чалавеча,
I ў бессмяротнасць уваходзь!
На Белай Русі —
век завеі.
Зацішку нам не прычакаць.
Галота казкай сэрца грэе.
Дазвольце казку распачаць.
Эх, браце!
Часу снег няўмольны
Засыпле ўсё —
і тут, і там.
На Белай Русі белым полем
Застацца вам,
застацца нам.
І тое, што цяпер гаворыш,
Чужою мовай замяце...
А ты запісвай —
пра паморак,
Пра лесуна і пра чарцей...
Нас тут сагнала завіруха,
I ў нас ёсць келіх —
і агонь,
І свечка на акне варушыць
Сваю маленькую далонь,
I новы госць ужо ля брамы,
Прыйшоў па паску і цяпло...
...I Беларусь плыве над намі —
Завеі
белае
крыло.