ІІІ
СКІФЫ
Нявечна ўсё:
аблічча, і душа,—
I падлягае тлу.
А мы — рагочам,
А грэшнікі грашылі і грашаць
І прызнаваць смяротнасці не хочуць.
Таму у прорву голас наш ляціць,
I мовы нашай высыхае мора,
Таму і выміраем пры жыцці,
Ці то ад глупства,
ці то ад пакоры.
Як назаве сябе нашчадак наш?
Ці і тады, у мітусні бясконцай,
Нікога не ўсхвалюе ні труна,
Ні рана, пачарнелая на сонцы?
Забытых
смерць збірае ў свой прыпол.
А хто забыў —
сябе хаваюць самі.
Нявечна ўсё,
пакуль нявечны боль.
Нявечна ўсё,
пакуль нявечна памяць.
* * *
Сівою травой парастаюць каменні.
Не ўспомніцца,
што тут калісьці было...
Пакрыўджаных болей,
чым проста сумленных,
Таму аддаецца былое на злом.
І нельга сказаць, што яго не ратуюць —
На тым ратаванні ўзмацнеў
не адзін...
Але асабіста
каго ж тут рабуюць?
У хату не лезуць.
Маўчым — ды глядзім.
Руйнуецца тое,
што шчэ не спазнана.
Дамы пахаваны з гісторыяй іх,
Ратуюць адзін —
дзесяць не ўратавана.
Мясцін старажыл не пазнае сваіх.
I мне падабаюцца новыя гмахі,
Іх позіркі светлыя,
чыстае шкло...
А горад мінулага
дрэвы ўздымае,
Бы твар захінае рукамі:
«За што?!»
ЧОРНАЯ БЫЛЬ
Ёсць чорнае сонца.
Малыя ўсе меры,
Каб мераць бясконцы пагрозлівы цень.
Хаця не дае мне ў пагрозу паверыць
Кахання зямнога зіхоткі прамень.
Ёсць цень—
і яго перавага у свеце.
Яго адкідалі паважна зубры,
А цень — перамог,
і прапылены зецер
Іх цені ганяе ў гатычным бары.
Цень — пан!
I дубы гэты цень адкідаюць,
І вежы...
I постаці смелых людзей...
I цені ўсё новыя цені ганяюць,
I меней у свеце высокіх надзей.
I цень паглынае ўжо нават каменні
I светлую памяць...
I гасіць усход.
І яснага сонца ўсё меней і меней,
А чорнага сонца ўсё болей штогод.
Мой бедны праменьчык!
Святла нам хапае
Пакуль што... Пакуль што...
Ды наша любоў
Зайздросны карычнезы цень адкідае.
I чорнае сонца
ўпаўзае у кроў.
«СУМЛЕННАЯ» ПАЗІЦЫЯ
У час Змяі, калі ва ўсім старанна
Вышукваецца закалоту ніць —
Маўчы!
Ты — бог, пакуль ты — не спазнаны
Свет не даруе прагі гаварыць.
У час Вароны, што падобным робіць
Да каркання і спевы, і выццё,
Маўчы!
Іначай высахнуць, бы кроплі,
Твае надзеі, а пасля — жыццё.
I ў час Сабакі, дзе слаўней — гарласты
I дзе адзін не чуе аднаго,
Маўчы!
Не ўдасца галаву пакласці,
Хіба што гаспадар штурхне нагой.
Быць па-над часам — дадзена адзінкам.
Як толькі ўчуюць між сабой звяры
Жывога чалавека — ён загіне,
Але другому крыкне: «Гавары!»
Ім, Людзям, можна гаварыць заўсёды,
А нас сціскае час у днях сваіх...
Якія з нас утворыць ён істоты,
З інтэлігентных,
грэблівых, нямых?
Цураліся бяздомнай п'янай дрэні,
Маўчалі мужна, быццам селядцы...
Час Чалавека
мы, відаць, сустрэнем
У поўсці, чорных пер'ях і лусцы.
МАЛАДОСЦЬ
Я не лепей за іншых.
Мне толькі страшней,
Калі горад высмоктвае сокі
Са сваіх ачмурэлых ад тлуму дзяцей
Ці калі праганяе прарокаў.
Я не лепей за іншых,
душою калек,
Можа, толькі задумлівей крышку
Свае дзверы зачыніць за мной чалавек,
Як свяшчэннік — паганскую кніжку.
Я — не лепей за іншых.
І я гавару
Дабрадзеям «спасибо»—
не «дзякуй».
Я адсюль не ўцяку,
ад ганьбы — не згару,
Толькі вечна на могілкі цягне.
Я не лепей за іншых.
А вы — за мяне.
Мы ў адным замацованы радзе,
Як цвікі, што мацуюць на бляклай сцяне
Мармуровую мёртвую памяць.