Выбрать главу
Ганна Атрошчанка
КРОЗА

Вершы

Пра аўтара

Ганна Мікалаеўна АТРОШЧАНКА. Нарадзілася ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналістаў. Паэтэса, празаік, журналіст, публіцыст. Піша на рускай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі: «Чырвоны Рог», «Арыёза жыцця», «Летуценніца», «Лавровишня» і іншых. І прозы: «Сустрэча», «Жыццёвая гісторыя», «Ветрагон», «Жытнёвыя каласы», «Прыгоды жабрачкі».

Працоўны шлях пачынала на будоўлі, шчыравала і на заводзе «Пускавыя рухавікі». Потым лёс прывёў у журналістыку. Была карэспандэнтам, рэдактарам аддзела, адказным сакратаром і намеснікам галоўнага рэдактара газеты. Працавала ў гарадскіх газетах: «Вестник района», «Гомельскі веснік», «Советский район», шматтыражцы«Сельмашевец».

Друкавалася ў шматлікіх калектыўных зборніках, а таксама ў рэспубліканскіх часопісах: «Маладосць», «Вожык», «Алеся», «Полымя», «Планета и семья», «Мир животных», газетах – «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ»), «Настаўніцкая газета», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Чырвоная змена, «Звязда» , «Гомельская праўда»… Жыве ў Гомелі.

Музыку на вершы Ганны Атрошчанкі напісалі кампазітары: Алена КАСТЭНКА, Ірына МАРЧАНКА, Валянціна КАРАЛЁВА, Уладзімір БАБРОЎНІК, Мікалай БУДЗЮХІН, Валянціна ШАРМАНАВА.

Зборнік «КРОЗА» цікавы тым, што займеў незвычайную назву. А кроза – гэта мара, летуценне… Новыя вершы паэтэсы – таксама своеасаблівыя летуценні. Яны, нібыта разнаколерны вяночак з палявых і лугавых кветак, дзе можна пачуць сэрцам меладычныя гукі роднага слоўка, глыбокі філасофскі роздум. І непадроблены сум па родным мясцінах, па далёкім дзяцінстве і юнацтве, дзе ўсё мроілася светлым і радасным. Выданне мае два раздзелы. Кожны чытач зможа знайсці для сябе шмат чаго карыснага і цікавага.

У НАВАЛЬНІЦУ

Хмарка гушкала маланку, Гром бубнеў дзесь з-пад нябёс. І дажджынкі на альтанку Сыпанулі, як авёс. Дождж скакаў і каля грушы, Стукнуў весела ў акно… І цяпер сказаць я мушу: Як было гэта даўно!
10.07.2012.

ЖНІВЕНЬ

Яблыкам даспелым, Жнівень ціха крочыў, Зазірнуў нясмела Прама ў мае вочы. Ды згубіў ён словы, Стаў зусім шчарбатым, У дзянёчку новым Танчыў каля хаты…

МАЙСКІ ДЗЯНЁК

Хмаркі ходзяць нізка, нізка, Сыпане дажджом, І маланка будзе бліскаць, Стрэліў гулка гром. А вятрыска ў полі скача, Будзе тут раса! Жыта дожджыкам заплача, Упадзе сляза. Сціхне ў лузе рой пчаліны, Мокрым стаў лужок, Дождж каціўся да нізіны, Быццам, той клубок.
20.06.2012.

* * *

Шчасця выкаваць падкову Я ніколі не змагу… І не веру твайму слову, Хоць былое – берагу. І гукаю цябе ранкам, І шукаю зноў у сне… След губляецца за ганкам, Як праменьчык у акне.
21.06. 2012.

* * *

Калі не будзе свет мне мілы, І роспач раптам ажыве... Анёл падорыць зноўку крылы, У шлях жыццёвы пазаве. Я застануся на зямліцы, На той, што падарыў мне Бог! І кожны дзень буду маліцца За тых, хто выжыць дапамог...

АНЁЛУ

Калі мне будзе адзінока, ратуй! Калі паеду зноў далёка, пачуй… Калі балюча мне і горка, шукай! Калі жыццё спіхне з пагорка – трымай!

ЛІПЕНЬСКІ ВЕЧАР

Маўчыць васільковае жыта, Жаўрук не спявае ў цішы, І колькі тут вёсень пражыта? Ты, лецейка, нам падкажы. Прыціхлі лугі і прасёлкі, Вунь вечар прылёг на парог, Няма каляровай вясёлкі, Туман абдымае разлог. Жытнёвае поле – калыска, Гуляе там вецер адзін… Чаму адзінокі, вятрыска? Не кліча цябе далячынь?