Выбрать главу

СЕРЫНАДА ЖЫЦЦЯ

Гучаць серынады зноў ноткі, Струменіць дажджом сакавік, А шлях да вясны стаў кароткі – За тым паваротам ён знік. А дзень сёння зноўку самотны, Чакае вясну ці смугу? Вятрыска бяжыць бесклапотны, Пакіне на вокнах слязу. Зіму да двара ён вяртае, З нябёсаў змяце белы снег, А квецень далёкага мая На поўдні бярэ свой разбег…
21.03.2012.

КРОЗА

Лістотай жоўтай свет прапах, Віруе ў танцы лісце, Журба застыне ў вачах, Дзе адшукаць мне выйсце? Сумуе зноўку жоўты гай, І верасень агністы, Рабіне кіне, як адчай, Чырвоныя маністы.

ФАНТЭЗІ ПАЭТКІ

«Заспявала табе серынады,

Белая дзеўка-зіма,

А ў змроку, сярод духмянай мяты,

Месяца даўно няма…»

(Марына Башурава)

Пародыя

Вунь снег, згубіўся ў завулку, Знікла з дарогі святло. Бегла па вуліцы гулка, Лета гукала, цяпло. Мілы дарыў серынаду, Песню спявала вясна, Мята буяла на градах, Танчыў там месяц з цямна. Цень адлюструе малюнкі, Мілы засне ля акна, Толькі гараць пацалункі, Ночкай мне зноў не да сна!
16.05.2012.

ЛІСТАВЕЙ

Зіхцяць ужо інеем долы, Пануе даўно ліставей... А дзень будзе сонечным новы, І ўсё наваколле мілей. Скідаюць лістоту ўжо дрэвы, На сцежцы ў прысадах ясней, Даўно адзвінелі напевы, З якімі і жыць весялей...
30.06.2012.

УЗІМКУ

Зімка сцяжыну ўзвіхрыла, Зноў замятае сляды, Кружацца белыя крылы, Ціха гартаюць гады. Вецер бяжыць да пагорка, Грозна жартуе ізноў, Каб патушыць усе зоркі, Ці мо чужую любоў… Толькі на ўзгорку пакатым Стрэў яшчэ болей трывог, Бачыў Вясну, луг і мяту, Тое, што травень збярог.
1.07.2012.

КАЛЯ СОЖА

Плёс залатаносны, Жоўценькі пясок, Побач – шумяць сосны, Бачу іх здалёк. Водар зноў чабору Лашчыць паплавы, У зялёным бору – Лесавік сівы. Дзед жартуе з ветрам, Чмыхне ў бараду, І лясныя нетры Моляцца дажджу…
9.07.2012.

МАЙ

Вішня сёння стала белай, Знак абноўленнай вясны! Бегла сцежкай я нясмела, Каб паслухаць спеў лясны. За плячом – плывуць аблокі, Танчаць польку ў вышыні, Хай лясок і луг шырокі Дораць кайстру дабрыні. Дождж – на ніву, на палетак, Будзе сёння ён густы! За вясной прыходзіць лета, Чэрвень – месяц малады. І да самага світання Чую шум і плёск вады, І народзіцца жаданне: Каб квітнеў наш край заўжды!

СПОВЕДЗЬ ПЕРАСЯЛЕНКІ

Бягуць ручаёчкі – сцяжыны Да родных мясцінаў маіх, Да самай чароўнай краіны, Дзе лепей жылося за ўсіх! Вось тут, каласілася жыта, Квітнеў сіні лён, як заўжды. Сцяжына мая – не забыта! З маленства бяжыць праз гады. Ды шлях гэты, людцы, не блізкі, І столькі падзей тут было! Самотна глядзяць абеліскі На хаты, на наша сяло. І боль, мой такі невыносны, Вунь вочы слязой заплылі… Бо стронцый – шалёны і злосны – Дастыў дзесьці ў нетрах зямлі.

РОДНЫМ МЯСЦІНАМ

Мяне, напэўна, не чакае У госці родны, мой куток! Як не чакае белых чаек У лютым, белы беражок. Але ў мясцінах гэтых звыклых, Няма ні вёскі, ні людзей… І далягляд амаль блакітны, Сатканы з мроі і надзей. Схілюся да зямелькі нізка, Вось тут быў родны, мой парог… І да дзяцінства ўжо не блізка: Віецца шлях цераз разлог. О, родны краю, мне вядома, Што цягнеш, нібыта магніт… Няма ўжо вёскі, майго дома, Але ёсць грэбля і блакіт!