Выбрать главу

УСПОМНІ

Са светлай думкаю, харошай, Успомні сёння пра мяне… Няхай зіма белай парошай Тваю сцяжыну замяце. Няхай не будзе і сустрэчы, Твой вобраз бачу толькі ў сне… Гады не ціснуць болей плечы! Ты – сонейка, маё ў акне.
14.06.2012.

ШТО НАПЕРАДЗЕ?

Што наперадзе? А потым – Нас чакае, падкажы! Ці сцяжына праз балота, Ці туман і міражы? І не веру я «прароку», Варажыў ён – на вадзе! І трашчаў, нібы сарока, Не скаруся я бядзе…
14.06.2012.

МОЙ СОН

Не звіняць тут болей бубны, Не спявае карагод, Не наступіць час той шлюбны, Не крычыць «горка» народ. Толькі птах раскрые крылы, Нібы белы парасон, Павітае звонка нівы, Растрывожыць моцны сон. І бяжыць стралой дарога, Да чужога ўжо сяла. І людзей няма. Нікога! Быццам тут і не жыла…
14.06.2012.

ПОГЛЯД

Сплыве, як дым, за небасхіл Усё, што так было балюча… О, Госпадзі! Дай розум, сіл, Каб напісаўся верш пявучы. Каб адышла мая бяда, Адны рубцы на целе, раны… Спявай, паэзіі, дуда, Зірну на свет замілавана.
15.06.2012.

МЕСЯЧЫК – ВЕСЯЛУН

Зоркам весела на небе, Скача месяц на градзе, Шлях такі яму патрэбен, Як сцяжына на вадзе. І гукае жоўты месяц, Пеўчых птушак у бары, Каб уранні, свае песні, Падарылі дзетвары!
22.06.2012.

ВЯСЕННЯЯ МЕЛОДЫЯ

Калі вясна зноў за акенцам – прыйшла руплівасці пара, і зашчыміць чамусьці сэрца: бо прагне радасці, дабра. Калі ўсмешку без прычыны падорыць ранкам цішыня, і сінявокая Айчына, квітнее кветкаю штодня. І сонца ўжо за небасхілам хавае промень у вадзе, а вечар будзе – цёплям, мілым, які салодкі сон вядзе…
6.05. 2012.

КАЛАСОК

У якім краю ты вырас, Тонкі каласок? Бог зярнятак – твой Асірыс, Цябе не збярог. І было табе балюча, Калі хтось зрываў, Слёзы ліў вярбой плакучай Сярод кветак, траў…

ПРА КАХАННЕ

Каханню з нас кожненькі варты, Бо гэта – жыцця талісман! Забудзем Люцыпара карты, Які прадказаў нам падман. Забудзем той дзень і сустрэчу, Калі нас сцяжыны звялі… А, як жа забыць нам той вечар, І зорак далёкіх агні? Ды толькі, нібыта ў люстэрку, Убачым шчаслівы той час, Калі заспявала ля сэрца Каханне, што выдала нас…
7.08.2012.

ВЯРТАННЕ Ў ДЗЯЦІНСТВА

А вечар – вунь які нясмелы! І чырванеў зноў небакрай, Сярпочак месяца быў белы, Нібыта ўзімку скрушны гай. Хадзіла поплавам пры зорах, Дзятва ў маленстве басанож, Раса была для нас не вораг, Як і вясёлы летні дождж. Глядзела маці ўслед з трывогай, Не зачынялася акно… Няма кутка, майго малога, Было гэта – даўным-даўно!

* * *

Як цябе завуць? Адзінота… А што робіш тут? Мне маркотна! Не ідзі ка мне, Не чакаю… Сонейка ў акне Сустракаю…