Выбрать главу
Няма болю і мяжы…
22.06.2012.

МЕЛОДЫЯ ВОСЕНІ

Эме Усціновіч
Мяцеліцай ляціць зноў лісце, Віруе, танчыць каля ног… І так было, пэўна, калісьці, Ля пуцявіны, ля дарог. І слёзы горкія, расстанні, Каханне кветкаю цвіло… Спяваў салоўка мне ўранні, І ўсё жывое – зноў жыло! Прабеглі ранкі і дзянёчкі, Гадочкі юныя сплылі… І адцвілі, нібы валошкі, Каля сцяжыны, ля раллі…

АДЗВІНЕЛА ЛЕТА…

Птушкай звонкай, лёгкакрылай, Адзвінела лета… І ляціць жыццё імкліва, Ціха, непрыкметна. Зніклі мроі, летуценні, Кветкі ў лузе, росы… Дзе ж вы, юныя імкненні, Кут мой, шматгалосны? Дзе ж ты птах, мой пералётны? Адляцеў мо ў вырай? Вечар сёння зноў самотны, Ад размовы шчырай…

ПРОСЬБА

Не крыўдуй, я прашу, на мяне! Адзінока мне сёння, няўтульна, У натоўпе стракатым і сумным… Не крыўдуй, я прашу, на мяне. Не крыўдуй, я прашу, на мяне! Дай мне кропельку шчасця і волі, І цябе не забуду ніколі, Не крыўдуй, я прашу на мяне…

ПАСЛУХАЙ ВЯСНУ

Пра каханне сваё не кажы, Толькі, дружа, не вер забабонам! Калі дойдзеш да самай мяжы – Ты паслухай вясны звонкі гоман. Хай віруе наш час, як шалёны, Усміхніся дажджу і імжы… Калі дойдзеш да самай мяжы, Ты паслухай вясны звонкі гоман!

ЗАБЫВАЙ!

Забывай апошні вечар, Не крычы і не кляні… Дам параду, чалавеча: Не губляй ты дабрыні! Калі хтось каму патрэбен, Знойдзе нават і на дне, Быццам зорачку на небе, Ці праменьчык у акне.

СЯБРОЎЦЫ

Жывём мы і ў шчасці, і ў смутку, Як госці прыйшлі на зямлю, І марым аб родным закутку, І кажам Радзіме: «Люблю!» Нам шмат чаго, пэўна, не трэба, Каб сонца глядзела з нябёс, І бохан духмянага хлеба, Які хлебароб нам прынёс.
4.07.2012.

У ВЁСЦЫ

Там за лесам, за той вёскай, Адспявала штосьці, адгуло… І журботным адгалоскам Усё мінула, усё прайшло. Ціха тут заўсёды ўранку, Спеў дзявочы дзесьці адзвінеў… Ліст кляновы зноў на ганку Полымем чырвоным барвавеў.

НЕ ЗАБЫЦЬ!

Нам не забыць тыя чорныя дні, Як не злічыць чалавечыя страты… Вунь, як галосяць, родныя хаты, Рэха гучыць у начной цішыні. Пуста на вуліцы. Ціха ў полі, Только на ўзлеску бялеюць бярозы. Што ім Чарнобыль і тыя марозы! Зноў зелянеюць у траўні, на волі. Толькі вось дзіўна: у чым тут віна? Зноўку ля сэрца застыне гаркота. Вечны сябрук мой – цяпер адзінота… Выпіта горыч да самага дна!

НАВОШТА?

Скажы: навошта зноў трывога? На сэрцы камень, нейкі боль… Куды вядзе мяне дарога? Няма цукерак, толькі соль… Пейзаж сагрэе мае вочы, А думкі – танчаць карагод… Блукаю ціха я да ночы У лабірынце цэлы год. І толькі сонейка прыветна Гарыць сланечнікам у акне… Надзея – дар той запаветны, Які ў жыццё вядзе мяне.